
Сённяшнюю размову пачну з адной незабыўнай сустрэчы, якая адбылася ў маім журналісцкім жыцці.
– Якім уяўляе сучасны свет спадар Каіціра Мацуура, і якое месца адводзіць ён Беларусі сярод шматлікіх краін? – спытала я ў тагачаснага генеральнага сакратара ЮНЕСКА.
Вядомы палітык і дыпламат кінуў позірк праз акно на велізарны глобус, які ўладарна ўзвышаўся ў дворыку штаб-кватэры арганізацыі, што ў Парыжы, і адказаў вельмі вобразна:
– Сучасны свет, як яркая, стракатая коўдра, сабраная з мноства кавалачкаў-дзяржаў, вялікіх і малых. Кожны з гэтых кавалачкаў мае сваю палітру, у якой – колер мясцовасці, прыроды, а галоўнае – адметныя нацыянальныя рысы і асаблівасці характару народа пэўнай краіны. Чым больш такіх рознакаляровых фігур на глобусе, тым больш багаты і ўтульны свет.
– А месца Беларусі, – падкрэсліў палітык, – вельмі пачэснае. Як краіны, багатай на гісторыка-культурную спадчыну, сусветна вядомых асоб, і як краіны-заснавальніцы ААН.
А потым дадаў: «Вы, беларусы, народ асаблівы: талерантны, з моцнай гістарычнай памяццю. Менавіта гэтыя якасці не далі вам згубіцца ў віры гісторыі, а дапамаглі захаваць сваю ідэнтычнасць і стаць мостам паміж захадам і ўсходам».
Заўважу, інтэрв’ю з высокім чыноўнікам адбывалася ў далёкім 2002 годзе, калі адносіны Беларусі з Захадам былі далёкімі ад ідэальных. Можа, таму ў сваіх радыёматэрыялах акцэнт тады я рабіла на вобразным выказванні генсакратара ЮНЕСКА. І толькі зараз, калі звярнулася да свайго архіву, заўважыла, наколькі прарочымі былі словы мудрага японца Каіціры Мацууры.
На жаль, спатрэбілася нямала часу, каб краіны Захаду зразумелі, якая важная роля адведзена сувярэннай Беларусі ў сучаснай геапалітычнай канфігурацыі. І якую мы заўсёды проста выконвалі. І не толькі за кошт нашага геаграфічнага месца, а дзякуючы тым самым адметным нацыянальным асаблівасцям.
Так, мы, беларусы, талерантныя. Той самы мультыкультуралізм прапісаўся на беларускай зямлі значна раней, чым пра яго гучна загаварылі ў іншых краінах Еўропы. З даўняга часу ў нас у згодзе жывуць людзі розных нацынальнасцей і народнасцей, зараз іх налічваецца 140.
Да гэтага можна дадаць поліканфесійнасць – 26 канфесій існуе ў Беларусі. Таму царква, касцёл і сінагога могуць мірна стаяць на адной плошчы, як у Гродне, ці разам з мячэццю, як у Іўі.
Так, у нас моцная гістарычная памяць. Мы памятаем імёны абаронцаў і збіральнікаў беларускіх земляў: князёў Міндоўга, Усяслава Чарадзея і Анастасіі Слуцкай.
Адзначаем ролю выбітных постацей Ефрасінні Полацкай, Францыска Скарыны ў станаўленні беларускага пісьменства і асветніцтва.
Шануем памяць абаронцаў Брэсцкай крэпасці і ўдзельнікаў аперацыі Баграціён.
Ганарымся героямі-сучаснікамі: лётчыкам Уладзімірам Карватам, касманаўтам Удазімірам Навіцкім, спартсменкай Дар’яй Домрачавай і многімі іншымі.
Мы памятаем нашы карані і вернасць народным традыцыям. Не забываем старадаўнія святы – Каляды, Купалле, Радуніцу, і нараджаем новыя, як Дажынкі і Славянскі базар. Не выкрэсліваем з календара святы савецкія, як сённяшняе, Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі, а напаўняем новым сэнсам, фарбамі, эмоцыямі: радуемся разам з навасёламі, запускаем новыя вытворчасці, адкрываем новыя сацыяльныя аб’екты.
А яшчэ мы, беларусы, шчырыя і гасцінныя. Не здарма выдавецтва “National Geographic Traveler” назвала Беларусь лепшай краінай для агратурызму. А адно з самых выдомых і ўплывовых выдавецтваў даведнікаў і пуцевадзіцеляў “Lonely Planet” паставіла Беларусь у топ-10 краін, якія неабходна наведаць у 2019 годзе. Бо ёсць што адметнага паглядзець і ўпэўніцца ў нашай гасціннасці, ў чысціні нашых гарадоў таксама. Адна з апошніх навін такога кшталту: амерыканскі фінансавы партал “The Street” пасля аналізу водгукаў на сервісе браніравання ў спісе самых чыстых гарадоў на трэцяе месцы паставіў Мінск.
Мост паміж захадам і ўсходам. Мірная перагаворная пляцоўка. Ініцыятыва “Хельсінкі-2”. Гарант рэгіянальнай бяспекі. Другая Жэнева. І ўсё гэта – пра Мінск, сённяшнюю Беларусь на мове сучаснай дыпламатыі і паліталогіі з вуснаў кіраўнікоў сусветных дзяржаў, міжнародных структур і ўплывовых аналітыкаў.
– На свеце не бывае памылковых думак. Бываюць думкі, якія не супадаюць з нашымі, – так з дапамогай свайго героя выказаўся яшчэ адзін мудры японец, пісьменнік Харукі Муракамі.
Мне даспадобы ўсходняя мудрасць. Няхай толькі нашыя думкі і меркаванні супадаюць па галоўных, лёсавызначальных пытаннях.
Я так думаю. А вы?