12 студзеня ў эфіры канала "Беларусь 3" пачнецца трансляцыя тэлепраекта Беларускага радыё "Маладыя таленты Беларусі", які аб'яднаў лепшых юных музыкаў краіны, а таксама класіку, фальклор і эстраду.
Некалькі дзён на “Беларусь
12 студзеня ў 18.55 знаёмства з маладымі талентамі пачнецца з класічнай музыкі, якая будзе выконвацца не толькі сольна, але і з аркестрам. Тут можна будзе пачуць скрыпку, фартэпіяна, кларнет, домру. У праграме прагучаць творы Сяргея Рахманінава, Фрэдэрыка Шапэна, Мікалая Рымскага-Корсакава, Фелікса Мендэльсона, Яўгена Глебава і іншых кампазітараў.
13 студзеня ў 18.55 праграму маладых талентаў падхопіць фальклор. Гэта лепшыя выканаўцы з конкурснай намінацыі “Спадчына”, якая ўвабрала ўвесь смак народнай творчасці. Ансамблі “Асалода”, “Вясёлка”, “Валошкі”, вакальная група “Зязюлькі”, песні “Калядачкі”, “Кола грукатала”, “Чабарок” – назвы кажуць самі за сябе!
14 студзеня ў 18.20 завяршаць цыкл канцэртаў “Маладыя таленты Беларусі” будзе эстрадная музыка са сваімі сольнымі і сумеснымі нумарамі. Адметна, што раз-пораз акампанаваць маладым выканаўцам будуць члены аўтарытэтнага журы: народны артыст Беларусі Эдуард Зарыцкі і кампазітар, загадчыца аддзялення “Мастацтва эстрады” Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў Алена Атрашкевіч.
Варта нагадаць, што раней лаўрэатамі і прызёрамі папулярнага рэспубліканскага творчага конкурса “Маладыя таленты Беларусі”, арганізатарам якога з’яўляецца Першы нацыянальны канал Беларускага радыё, станавіліся такія артысты як Алёна Ланская, Улада Беражная, Лідзія Заблоцкая і многія іншыя. Кірыл Ермакоў, які яшчэ зусім нядаўна ўдзельнічаў у гэтым конкурсе, сёлета паўстане перад тэлегледачамі ў новым амплуа.