Падзяліцца:
Точки над «і». Бумажные города. Радиоблог Александра Шустера
30 Жніўня 2017
Точки над «і». Бумажные города. Радиоблог Александра Шустера

Наведаць многія краіны і гарады мы марым з дзяцінства. Часта такія памкненні ўзнікаюць пад уздзеяннем кніг ці фільмаў. Парыж Аляксандра Дзюма, Пецярбург Дастаеўскага, Лондан Дзікенса і Конан-Дойля – заварожвае ўжо адна тапаніміка, як правіла - выразная і дакладная. А вялікі экран павялічвае маштаб маленькіх гарадоў – і ручай турыстаў у Верону ці які-небудзь Бруге ператвараецца ў магутную плынь.

Але сёння я хачу пагаварыць не пра тыя месцы, куды мы плануем паездкі або ўключаем у маршруты, калі яны трапляюцца па дарозе. А пра тыя, куды наадварот, наўрад ці трапілі, калі б абставіны не склаліся пэўным чынам. У мяне такіх гарадоў было тры.

Пра першы, турэцкі Газіянтэп, расказваць амаль няма чаго. Палёт з футбольным клубам “Мінск” на гульню супраць мясцовага клуба запомніўся спёкай і шумам мапедаў – так што і не заснеш да раніцы. Горад сабе і горад, далёкі ад сталіц і курортаў, 50 кіламетраў да мірнай тады яшчэ Сірыі. Досыць вялікі – па насельніцтву не нашмат саступае Мінску. Ёсць старыя крывыя вулачкі, накшталт тых, што здымалі ў Баку для “Брыльянтавай рукі”. Ідзеш і здаецца - зараз пачуеш тое самае “Чорт пабяры”. Ёсць старажытная крэпасць. Але адчування старажытнасці – няма. Хоць гісторыя сапраўды багатая – месца на скрыжаванні Месапатаміі і Міжземнамор’я заўсёды лічылася стратэгічным. Галоўнае ўражанне, якое Газіянтэп пакідае сёння – горад, дзе ніхто нікуды не спяшаецца. Мужчыны сядзяць у цяньку, гуляюць у нарды і нетаропка пацягваюць каву. Жанчыны вывешваюць бялізну ў дворыках. Падстаўляюць лянівыя бакі сонцу каты і сабакі. І толькі дзеці настырна выпрошваюць манеты ў рэдкіх турыстаў. Не, апынуцца тут ізноў мне не хацелася б.

Іншая справа – французскі гарадок Пезенас. Думаю, многія з вас чуюць гэтую назву ўпершыню. Не ведаў пра яго існаванне і я - ў падарожжы па правінцыі Лангедок радзіма Мальера не значылася нават праяздным пунктам. Адкрылі яго Аліўе і Анжалік – французы, што падвозілі нас ад віадука Міё на поўдзень, да Міжземнага мора. Здаецца, ў гэты дзень, пасля праезду па самым высокім мосце ў Еўропе (а яго апоры вышэй за Эйфелеву вежу), мяне мала што магло ўразіць. Але менавіта тут я зрабіў больш за ўсё фотаздымкаў. Брукаваныя сцежкі, прахалодныя каменныя зарослыя плюшчом сцены і маленькія плошчы, на якіх утульна размясціліся столікі і лаўкі кафэ і рэстаранаў. І ніякага натоўпу турыстаў – нягледзячы на тое, што як раз у той час у Францыі праходзіў чэмпіянат Еўропы па футболе. І амаль няма сувенірных крам, што так раздражнялі і псавалі ўсю велічнасць Каркасона і Мон-Сэн-Мішэль. Прастора напаўнялася гісторыямі-легендамі, што нам расказвалі новыя сябры, ажывала, зачароўвала і не хацела адпускаць.

З яшчэ аднаго нечаканага падарожжа я вярнуўся літаральна на гэтым тыдні. Раней бываць у Эстоніі з розных нагод мне даводзілася двойчы. Абодва разы ў Таліне і наваколлях. Цяпер лёс, а дакладней – спаборніцтвы па “Што?Дзе?Калі?” – занеслі ў Пярну. Гэта недзе паміж Рыгай і Талінам, на балтыйскім узбярэжжы. Плотны графік гульняў пакідаў няшмат часу на агляд славутасцей і купанне. Ды па праўдзе кажучы, вядомых першых у горадзе няма. А каб акунуцца, ісці трэба да гарызонта – мора тут па калена ў літаральным сэнсе.

І ўсё ж трох дней, што я правёў, хапіла, каб палюбіць гэтае месца. Тым больш, яно шмат у чым нагадвае Беларусь. У цэнтры – пешаходная вуліца накшталт Савецкай у Гродне ці Брэсце. Вялікі прыватны сектар з акуратнымі драўлянымі хатамі. Панэльныя дамы на ўскраіне. І - кулінарныя густы мясцовых жыхароў. У эстонцаў бульба на стале кожны абед, а то і на вячэру. Няхай дранікі застаюцца нашым здабыткам, іншых страў з бульбы ў Беларусі небагата. А тут табе і бульбяныя шарыкі, і штосьці падобнае на нагетсы, і чызкейкі (печаная бульба з сырам). Хто ведае - магчыма, з-за такога рацыёна эстонцы і падобны да беларусаў –гасцінныя, працавітыя і сціплыя.

У картографаў ёсць такі тэрмін – папяровыя гарады. Гэта неіснуючыя населеныя пункты, якія наносілі для абароны аўтарскіх правоў. Калі такая прыдуманая мясціна знаходзілася на іншай карце – значыць, яе скапіравалі. З тых часоў прайшлі стагоддзі. Карты сталі лёгкадаступнымі і дакладнымі, дарогі хуткімі, транспарт камфортным. Але многія гарады так і застаюцца для нас “папяровымі”. Як ачаг, што быў намаляваны ў каморцы таты Карла. А тэатр, што хаваўся за палатном – гэта, як мы ведаем ужо ад Шэкспіра, увесь свет. Што абавязкова адкрыецца, калі праявіць трохі цікаўнасці. І хадзіць далёка не трэба. Чарадзейства – яно ёсць і ў Клецку, і ў Слоніме, і ў Ашмянах. Таму я прапаную адправіцца ў падарожжа па беларускіх гарадах – і пазбавіць іх статуса “папяровых”. А потым – падзяліцца ўражаннямі ў новым праекце “Мой горад”, які мы рыхтуем да новага сезона. Убачымся!

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: