Да адкрыцця Мінскага Міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” – лічаныя дні. Ужо ў пятніцу мы ўбачым фільм адкрыцця – “Арытмію” Барыса Хлебнікава і некалькі пазаконкурсных паказаў.
Менавіта ў іх, як заўсёды, самыя чаканыя прэм’еры. Назва “Львы, мядзведзі, пальмавыя галіны” кажа сама за сябе. Праўда, “льва” сёлета няма: трыумфатар Венецыянскага кінафествалю “Форма вады” Гільерма дэль Торы выйдзе ў пракат толькі ў студзені, бліжэй да абвяшчэння оскараўскіх намінантаў. Затое “мядзведзяў” цэлыя два: у Мінску пакажуць і пераможцу Берлінале-2017, і фільм-уладальнік серабра. І абодва трэба дадаць у прыярытэтны спіс — кажу як той, хто паглядзеў гэтыя стужкі ў Берліне.
Карціна “Пра цела і душу” стала галоўным адкрыццём фестывалю. Я трапіў на яе выпадкова: стаяў у чарзе па білет на сусветную прэм’еру “На іголцы 2”. Квіткоў на сіквел культавага фільма Дэні Бойла дастаць не атрымалася, затое заставаліся месцы на паказ стужкі венгерскай пастаноўшчыцы Ільдзіка Эньедзі. Калісьці яна атрымала “Залатую камеру” ў Канах за найлепшы дэбют, у яе фільмах здымаліся Алег Янкоўскі і Аляксандр Кайданоўскі, але апошняя работа рэжысёра датавана 99-м годам, і з тых часоў на яе, скажам так, крыху забыліся. А на гала-прэм’ерах у “Берлінале Паласт” пустых крэслаў быць не павінна, таму за гадзіну да паказу білеты таннеюць удвая — з 14-ці да 7-мі еўра. Спакусіўшыся на гэта, я і адправіўся на паказ, зразумела, без асаблівых чаканняў. А калі не чакаеш ад фільма шмат, ён здольны ўразіць мацней — праверана не аднойчы. Так было і на гэты раз. Прычым ад стужкі быў у захапленні не толькі я, трэба было бачыць, якой авацыяй узнагародзіла здымачную групу публіка.
Чым так уражвае карціна, адразу цяжка зразумець. Заяўлены ў назве дуалізм, канешне ж, невялікая хітрасць: аўтар ніякім чынам не раздзяляе душэўныя і цялесныя траўмы, а паказвае іх як рэха адна адной. Усе падзеі разгортваюцца на бойні (і ў фільме ёсць, дарэчы, рэальная сцэна забойства каровы) — там працуюць галоўныя героі. Эндрэ і Марыя замкнёныя ў сабе людзі, якія цяжка ідуць на кантакт з іншымі. Аднойчы на бойню прыязджаюць следчыя — шукаць вінаватага ў крадзяжы. Усіх падазроных апытвае псіхолаг, які высвятляе, што Эндрэ і Марыя бачаць аднолькавыя сны. Іх летуцені — альтэрнатыва жорсткаму свету бойні. Зімовы лес з прыгожа падаючым снегам, халодны ручай і два нясмелыя алені, што насцярожана ўглядаюцца адно ў аднаго — прытулак менавіта для душы (вось вам яшчэ прыклад дуалізму, “зарыфмаванага” з галоўным). Пасля “сустрэч” у сне героі пачынаюць збліжацца і ў “рэальным” жыцці — гэтак жа трывожна і часам балюча. Такая вось гісторыя дваіх самотных інтравертных людзей, якім цяжка ісці насустрач адно аднаму, але і заставацца ў скуры баязлівых аленяў больш немагчыма.
Калі вы падумалі, што “Пра цела і душу” — даволі цяжкі фільм, то гэта зусім не так. Рэжысёр трапляе адразу ў некалькі болевых кропак сучаснага грамадства, і стужка, канешне, — драма, можна нават сказаць, вытворчая. Але і смешных момантаў тут хапае, і ўзнёслы настрой вам пасля прагляду гарантаваны. Уразіла карціна самога Пола Верховена: знакаміты галандзец, аўтар такіх хітоў, як “Узгадаць усё” і “Асноўны інстынкт”, нечакана для ўсіх аддаў Ільдзіка Эньедзі “Залатога мядзведзя”.
Нечакана — таму што ў фаварытах хадзіў Акі Каўрысмякі, жывы класік, якога, тым не менш, абыходзяць галоўныя ўзнагароды. Не атрымалася і сёлета — і расчараванне фіна другім па значнасці прызам Берлінале было відавочнае. Яго работу “Па той бок надзеі” сустрэлі не менш цёпла. Традыцыйна левая публіка іншага прыёму карціне пра “добрых” мігрантаў і “дрэнных” еўрабюракратаў аказаць не магла. Канешне, стужка Каўрысмякі ў пэўным сэнсе правакацыйная. Гісторыя аднаго прыстойнага мігранта не адлюстроўвае ні маштаб, ні перспектыву, наўрад ці прэтэндуе на гэта і глядзіцца хутчэй як рэпрыза папярэдняй карціны рэжысёра “Гаўр”, у якой французы хавалі ад улад хлопчыка з Афрыкі. І тут, і там узнікненне героя “не адсюль” яшчэ і дапамагае наладзіць побыт і асабістыя адносіны карэнным еўрапейцам.
А ці трапляе гуманістычны пасыл у мэтавую аўдыторыю, сказаць цяжка. Не думаю, што ён здольны змяніць погляды ваяўнічых нацыяналістаў. Ды і мігранты бываюць розныя, і кожны адэкватны еўрапеец гэта разумее. Тым больш калі міграцыя вымушаная, як у выпадку тых жа войн у Іраку і Сірыі. Мне самому даводзілася сустракаць і тых, хто прыехаў зарабляць і, не губляючы сваіх каранёў, паважае парадак у новым “доме”, і тых, каго вабіць толькі моцная сацыяльная сістэма. Такія не тое што працу не шукаюць, а, карыстаючыся ўсімі дабротамі, яшчэ і лаюць сваіх добразычліўцаў на чым свет стаіць. Так што “Па той бок надзеі” гэта не малюнак, а штрых. З фірмавым — на мяжы абсурду — скандынаўскім гумарам, што так мне даспадобы, калі героі прамаўляюць жарты з каменнымі тварамі.
Хапае кінахітоў і ў іншых паралельных праграмах. Так, у “Майстар-класе” пакажуць апошнія работы Міхаэля Ханэке, Бруно Дзюмона і Фаціха Акіна. Зноў не абыдзецца без Дэні Катэ — ураджэнец Квебека летась сам прыязджаў у Мінск, а сёлета нас чакае прэм’ера стужкі “Шаўковая скура”. Гэта амаль дакументальныя замалёўкі пра субкультуру бодыбілдынгу з яе эстэтыкай гіпертрафіраваных мускулаў і ваяўнічых татуіровак. А ў праграме “Чалавечыя камедыі” прыцягвае ўвагу фільм Сержа Базона “Мадам Хайд”. Гэта чарговае прачытанне сюжэта Стывенсана, дзе Ізабэль Юпэр паўстае ў вобразе спачатку недарэчнай настаўніцы фізікі, з якой здзекуюцца вучні — у асноўным хлопцы арабскага паходжання. А потым падчас лабараторнага вопыту яна атрымлівае ўдар токам і сама становіцца “крыніцай электрычнасці”. Цяпер яна засоўвае сваіх вучняў у “клетку Фарадэя” і тэрарызуе акругу прывідам вогненнай жанчыны.
Такія мае парады што паглядзець, а напрыканцы яшчэ адна — на што, наадварот, не варта спяшацца. Гэта, напрыклад, фільмы “Малады Гадар”, “Цуд”, “Двудушны палюбоўнік” і нават уладальнік “Залатой пальмавай галіны” “Квадрат”. Не таму, што гэтыя стужкі дрэнныя — такія проста не трапляюць на “Лістапад”. А таму, што яны зусім хутка з’явяцца ў шырокім пракаце.