У апошні час шмат пішуць і гавораць пра развіццё турызму – перш за ўсё, як прывабіць гасцей замежных. Падлічваюць працэнт прыбытку, атрыманы пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму. Мяркуюць, як павялічыць даход не толькі сталічных атэляў, кафэ і рэстаранаў, але і прыцягнуць увагу да тых жа аграсядзіб.
На тыдні ў “Актуальным мікрафоне” была Валерыя Кліцунова, кіраўнік аб'яднання «Адпачынак у вёсцы». І выказала меркаванне – каб зацікавіць замежнікаў агратурызмам, бязвізавы тэрмін трэба павялічыць. За гэта ж, дарэчы, выступае санаторна-курортная сфера. Медыцынскі напрамак даўно карыстаецца попытам у тых жа расіян, якім віза не патрэбная. Але 5 дзён – занадта мала, каб ад такой паслугі быў сэнс. Таму і прапануюць павялічыць дазвол на знаходжанне хаця б да 10-ці.
Яшчэ адна папулярная зараз тэма – брэнд Беларусі і асобных рэгіёнаў. Былі ўжо і конкурсы, і грошы немалыя пайшлі распрацоўшчыкам – замежным у тым ліку. А нейкай арыгінальнай, характэрнай толькі для нашай краіны “фішкі” ўсё роўна не прыдумалі. Дакладней, не выбралі з тых варыянтаў, што былі прапанаваны. У Міністэрстве спорту кажуць – абяруць да канца года. Але разлічваць, што пасля падаўжэння бязвізавага тэрміну і зацвярджэння брэнда ў Беларусь проста хлыне паток турыстаў – па меншай меры, наіўна. І вось чаму.
Турызм - адна з тых сфер, што развіваюцца зараз найбольш хутка. Яшчэ нядаўна асноўным вектарам прыцягнення была Еўропа. Лондан і Парыж сярод лідараў і сёння, а Берлін, Рым, Барселона і Венецыя па-ранейшаму ў топе ўнутрыкантынентальных напрамкаў. Але 1-е месца ў свеце па выніках 2016-га года заняў Бангкок. Па меншай меры, пра гэта сведчаць падлікі адной з міжнародных плацежных сістэм. Яе эксперты прааналізавалі 132 буйныя гарады. І высветлілі – за год у сталіцы Тайланда спыняліся з начлегам амаль 19,5 мільёна падарожнікаў. І пакінулі тут 14 мільярдаў долараў.
Далей узгаданыя Лондан і Парыж, акрамя іх у топ-10 яшчэ адзін еўрапейскі (дакладней, напалову еўрапейскі) Стамбул – ён як раз гэтую дзясятку і замыкае. Чацвёрты радок заняў Дубай. Ён жа лідар па агульнай суме выдаткаў падарожнікаў. Адпачывальнікі папоўнілі бюджэт арабскага мегаполіса на 28,5 мільярда долараў. На пятай пазіцыі - Сінгапур. Далей ідуць Нью-Ёрк, Сеул, Куала-Лумпур і Токіа.
Пра што гавораць такія вынікі?.. Можна зрабіць выснову, што турыстаў цікавіць экзотыка – “наеліся” гэтай Еўропы, падавай ім цяпер змяіную кроў і рагу з кракадзіла. Многія сталі аддаваць перавагу азіяцкаму кірунку, бо баяцца тэрактаў больш за землетрасенні і цунамі. Слушнай будзе заўвага і пра тое, што доля азіятаў расце сярод саміх турыстаў – тыя ж кітайцы трымаюць званне самай турыстычнай нацыі 5 гадоў.
Але тое, што кардынальна змяніла сферу за апошнія гады –Інтэрнэт. Сёння, адпраўляючыся ў новы горад ці краіну, мы як правіла самі складаем план, куды схадзіць і на што паглядзець. Пытаем парады ў сяброў, якія ўжо там былі, дзе спыніцца і што пакаштаваць. А калі мы ў сваім асяроддзі – “першапраходцы”, чытаем водгукі тых, хто пакідае іх на сэрвісах браніравання атэляў і ў спецыялізаваных мабільных дадатках. Большасць з іх прапануюць даць ацэнку і ў цэлым турыстычнаму напрамку – ці добры тут шопінг, наколькі цікавыя музеі, і ці багатае начное жыццё.
У Беларусь наўрад ці сёння едуць за гэтым – усё ж канкурыраваць з Міланам, Фларэнцыяй і Берлінам мы не бяромся, і рабіць гэта не мае сэнсу. Але пра рэйтынг наведванняў у цэлым - клапаціцца трэба. Тыя першыя турысты, якія прыехалі да нас без візы – менавіта іх меркаванні прачытаюць мільёны патэнцыяльных гасцей. І прымуць рашэнне - адправіцца ў Беларусь ці ў іншае месца. Як адзначаюць у тым жа Мінспорту, пакуль усё ж большасць наведвальнікаў – тыя, хто прыязджае па справах або на нейкую культурную ці спартыўную падзею.
Вось на мінулым тыдні ў Барысаве БАТЭ гуляў з “Арсеналам”. Позні пачатак матчу прымусіў мяне спыніцца ў адной з гасцініц. Такі невялікі, недарагі атэль, са свежым рэмонтам і ўсім неабходным для начлега. Але што я ўбачыў, як толькі пераступіў парог?.. Разгубленых гаспадароў, якія не ведалі, як размаўляць з трыма фанатамі англійскага клуба, што прыляцелі з Лондана. А тыя ўсяго толькі цікавіліся, дзе перакусіць, як трапіць на футбол і на чым вярнуцца ў Мінск. Я, канешне, дапамог гасцям, але нешта падказвае – нязручнасці чакалі іх не толькі ў атэлі.