Падзяліцца:
Точки над «і». Кинофестиваль "Лістапад" объявил конкурсную программу. Радиоблог Александра Шустера (аудио)
18 кастрычніка 2017
Точки над «і». Кинофестиваль "Лістапад" объявил конкурсную программу. Радиоблог Александра Шустера (аудио)

Міжнародны кінафестываль “Лістапад” аб’явіў праграму. Пакуль не ўсю – толькі конкурсную. А ў Мінску – як у Берліне - самае цікавае шукаць трэба ў паралельных праграмах. Іх расклад стане вядомы на днях. Але і сярод тых прэм’ер, якія ўжо абвешчаны - ёсць карціны, што заслугоўваюць увагі.

У конкурсе “Маладосць на маршы” гэта найперш “Цесната” рэжысёра Канцеміра Балагава. Падзеі, пра якія расказвае стужка, адбыліся ў канцы 90-х у Нальчыку. З яўрэйскай абшчыны напярэдадні вяселля выкрадаюць маладых – і бацькі вымушаны плаціць выкуп. Сродкі збіраюць усім светам, але іх усё роўна не хапае. Выхад адзін – прадаць аўтамайстэрню і выдаць замуж дачку. І калі з першым галоўная гераіня Ілана, што цэлымі днямі корпаецца ў машынах, яшчэ можа неяк змірыцца, то “продаж” сябе бацькам не даруе, хоць і любіць выкрадзенага брата не менш за іх. Валявая і свабодалюбная, яна не гатова на такую ахвяру, ды і любімы хлопец у яе ёсць – кабардзінец Залім. Які, дарэчы, сям’і не падабаецца – маўляў, не магла ўжо сярод “сваіх” знайсці вартага.

Залім таксама не спяшаецца прадстаўляць Ілану сябрам, а калі ўсё ж вымушаны гэта зрабіць – просіць не ўзгадваць нацыянальнасць. Адзін з самых уражваючых момантаў – калі кампанія напіваецца і пачынае пяліцца ў экран, на якім сярод кліпаў Містэра Крэда і Таццяны Буланавай узнікае аматарскае відэа з ахопленай вайной Чачні, якое падаграе ксенафобію, і вечарынка ледзь не завяршаецца трагедыяй. Пасля ціску і сварак у бацькоўскім доме Ілана адчувае сябе чужой і побач з каханым. Цесната душэўная, калі хочацца збегчы – а няма куды, узмацняецца цеснатой фізічнай. Усе падзеі адбываюцца ў маленькіх пакоях, калідорах і завулках. Клаустрафобныя пачуцці  - ужо ў гледача - выклікае і архаічна сціснуты фармат экрана.

У Канах, дзе фільм удзельнічаў у прэстыжнай праграме “Уласны погляд”, Балагаў атрымаў прэстыжны прыз кінапрэсы. І гэта не толькі прызнанне яскравага дэбюта. Кінафестывалі, як і напрыклад нобелеўскі камітэт, які ўручае прэмію ў галіне літаратуры, звяртае ўвагу на работы, што адкрываюць новыя тэрыторыі. (Напрыклад, дзякуючы Маркесу мы ўяўляем Калумбію, Патрык Уайт “адкрыў” цэлую Аўстралію, а Льёса стварыў вобраз Перу). Так і яшчэ ўчора мала хто ведаў, чым адметны кінематограф Кабардзіна-Балкарыі, і што ён увогуле ёсць. А цяпер гэта больш не белая пляма на кінакарце Еўропы.

Калісьці, я ўпэўнены, заявіць пра сябе і Беларусь. Нашы маладыя незалежныя рэжысёры не тое каб прагрымелі, але хаця б былі запрошаны на многія прэстыжныя кінаагляды. Імёны Мікіты Лаўрэцкага, Андрэя Куцілы, Мітрыя Сямёнава-Алейнікава і іншых ведаюць прынамсі рускамоўныя кінаманы. А ў тых жа Канах Мікалай Лаўрэнюк і Сяргей Каласоўскі перамаглі ў сцэнарным конкурсе. І загучала - пакуль шэптам - словазлучэнне “беларуская новая хваля”.

Надзею на тое, што пра яе загавораць грамчэй, дае прысутнасць нашай карціны ў конкурсе “Маладосць на маршы” – упершыню за яго сямігадовую гісторыю. Амаль за ўсімі рэжысёрамі, тут прадстаўленымі, цікава сачыць у далейшым. У свой час у гэтую праграму трапіў, напрыклад, дэбютны фільм Дам’ена Шазэла, што сёлета пакарыў Оскар з “Ла-Ла-Лэндам”. Так што адборшчыкі ведаюць сваю справу. Дырэктар праграм ігравога кіно Ігар Сукманаў выказаў надзею, што паўнаметражны дэбют беларускі Юліі Шатун упішацца ў лінейку яркага еўрапейскага кінематографа маладых аўтараў. А на маё пытанне, чым зацікавіў яго фільм "Заўтра", адказаў – поглядам на нашу рэальнасць, без нейкіх неверагодных вынаходстваў, але з цікавай, рытмічнай пабудовай фабулы.

Такі прэцэдэнт, як трапленне ў конкурс маладога кіно, дае падставу спадзявацца ўбачыць нарэшце беларускі фільм і ў асноўным конкурсе. Фармальна такім можна канечне лічыць новую стужку Сяргея Лазніцы “Лагодная” – але толькі таму, што рэжысёр нарадзіўся ў Баранавічах. Дачынення да нашай кінематаграфіі ён даўно не мае. Дарэчы, сама карціна атрымала змешаныя водгукі, а значыць, яе абавязкова трэба глядзець, каб скласці ўласнае меркаванне.

Сапраўдныя кінаманы напэўна не прапусцяць фільм Валескі Грызебах “Вестэрн” – асабліва тыя, хто неабыякавы да аўтараў так званай “берлінскай школы”.  Новую работу Шарунаса Бартаса “Іней”. Стужку Вацлава Кадрнкі “Маленькі крыжак”, што святкавала трыумф у Карлавых Варах. І чарговую румынскую прэм’еру (здаецца, апошнія гадоў 10 без іх не абыходзіўся ні адзін “Лістапад” – столькі аўтараў еўрапейскага маштабу працуюць зараз у гэтай краіне) – “Парароку” Канстанціна Папеску.

Падрабязнасці пазаконкурснай праграмы нас яшчэ чакаюць, але ўжо вядома, што мінчане ўбачаць стужку “Квадрат” Рубена Эстлунда, што перамагла сёлета ў Канах. Пакажуць і фільм-уладальнік “Залатога мядзведзя” “Пра цела і душу”. А для тых, хто хоча ўбачыць больш і пры гэтым не губляць часу на набыццё квіткоў, арганізатары ўпершыню ўводзяць абанементы. Яны будуць дзейнічаць на ўсе конкурсныя праграмы (акрамя “Лістападзіка”) і вячэрнія фестывальныя “хіты”. Дадаецца і новая пляцоўка – мультыплекс Falcon Club “Буцік кіно”, што таксама зручна – не трэба будзе бегчы з аднаго сеанса на другі з “Цэнтральнага”, напрыклад, у “Піянер”. Гэта, дарэчы, сусветная тэндэнцыя. У мультыплексах прапісаліся кінаагляды ў Берліне, Маскве і Таронта. Прыемна, што ў нагу з часам рухаецца і фестывальны Мінск.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: