Падзяліцца:
Точки над «і». Последние годы кинотеатров. Радиоблог Александра Шустера
18 жніўня 2017
Точки над «і». Последние годы кинотеатров. Радиоблог Александра Шустера

Галівудскія студыі б’юць трывогу: інтарэс гледачоў да кінапрадукту штогод падае. Сезон летніх блакбастараў – калі на вялікія экраны выходзяць самыя дарагія фільмы – самы час перайменаваць у сезон правалаў.


Калі б размова ішла пра адзін год, можна было б казаць пра выпадковасць ці недахоп сапраўды якасных стужак. Але лічбы паказваюць тэндэнцыю. «Варкрафт», «Тарзан. Легенда»,  “Дзень незалежнасці: Адраджэнне”. У гэтыя фільмы былі ўкладзены вялізныя грошы, але ў амерыканскім пракаце зборы не дацягнулі нават да 200-сот млн. долараў. Гэта ў 2016-м. Сёлета буйных праектаў было не так шмат, але па-сапраўднаму добрыя паказчыкі толькі ў “Вартавых галактыкі 2” і “Дзюнкерка”. Увогуле продажы білетаў упалі на 10%. І многія кінатэатры зарабляюць больш на папкорне.


Як жа мы прыйшлі да такога?.. Адну з прычын можна ўбачыць прама на афішах. Большасць “вялікіх” фільмаў, разлічаных на максімальна шырокую аўдыторыю – так званыя сіквэлы, або працягі некалі паспяховых карцін. За гэтым крыецца, на маю думку, і крызіс ідэй – тэхнічныя магчымасці кінематографа сёння магутныя як ніколі, але выкарыстоўваюцца каб развіваць кіно як забаву, а не мастацтва. Студыі імкнуцца дагадзіць масаваму гледачу, пралічыць поспех. І ўкладваюцца ў бясконцыя працягі – “Трансформераў”, “Фарсажа”, марвелаўскіх коміксаў. Адраджаюць “Зорныя войны” – каб і старых фанатаў не расчараваць, і новых прывабіць. У выніку атрымоўваецца старая казка на новы лад, якую выцягваюць старыя ж ва ўсіх сэнсах героі і акцёры. За новымі сачыць сумна і нецікава.


Раз-пораз выстрэльваюць канешне і такія праекты. Ёсць выраз у англійскай мове – too big to fall, занадта вялікі, каб упасці. І тыя ж “Зорныя войны” або чарговыя “Піраты карыбскага мора” ўсё роўна збяруць сваю касу – маркетынг студыі “Дысней” працуе як мае быць. Але часам здаецца, што іх фільмы –дарагія прома-ролікі шматлікіх атракцыёнаў у парку забаў. А каштоўнасць аднаўлення знакамітай сагі Джорджа Лукаса зводзіцца да таго, каб прадаць больш цацачных робатаў. У гэтай сітуацыі і рэжысёры-аўтары не патрэбныя. Куды прасцей наняць умелага “рамесніка”, уся задача і роля якога – не сапсаваць. 


Бываюць, канешне, выключэнні, але яны толькі пацвярджаюць правілы. Другі “Тэрмінатар” быў не горшы за першы. (А як толькі ім перастаў займацца Джэймс Кэмеран, ператварыўся ў маркотнае самі ведаеце што). Дэні Бойл віртуозна прайшоўся па тонкай грані паміж настальгіяй і логікай развіцця персанажаў у “На ігле 2”. Ды і “Вартавыя галактыкі” Джэймса Гана прыемна вылучаюцца гумарам і несур’ёзнасцю ў пафасным сусвеце “Марвел”.


Зрэшты, сапраўды таленавітых аўтараў няшмат у любую эпоху. Так што прычына не толькі ў гэтым. Многія ўзгадваюць наступленне анлайн-платформ. Тыя ж “Нэтфлікс” і “Амазон” з простых пляцовак для прагляду выраслі ў буйных вытворцаў з вялікім працэнтам уласнага кантэнту. І працягваюць нарошчваць выдаткі на новыя фільмы і серыялы. Скарачаецца і тэрмін паміж выхадам стужак на вялікія экраны і ў інтэрнэт – і многія гледачы гатовы пачакаць тыдзень-другі. Часцей гэта яшчэ і пытанне камфорту. Той жа кінатэатр “Перамога” ў Мінску, які цяпер на рэканструкцыі, калісьці кардынальна змяніў рэпертуар, таму што не мог канкурыраваць з больш сучаснымі заламі.


Ды і якая перавага сёння ў кінатэатра, акрамя магчымасці раней паглядзець прэм’еру? Вялікі экран? Яго ж прыдумалі толькі для таго, каб збіраць больш гледачоў – а сапраўды зручных месцаў у зале ня так і шмат. У той жа час у большасці з нас даўно ёсць тэлевізары аптымальнага памеру для кватэры. І не трэба набываць білет і кудысьці ехаць. Некалькі клікаў – і можна пачынаць прагляд. Паставіць на паузу у любы момант, або ўвогуле спыніцца і знайсці больш цікавы фільм.


Адваёўвае аўдыторыю ў кінатэатраў і тэлебачанне. Кабельныя каналы штотыдзень рапартуюць аб новых рэкордах праглядаў. А мы, калі сустракаемся з сябрамі, абмяркоўваем не якога-небудзь “Чалавека-павука”, а чарговую серыю “Гульні тронаў” або “Твін Пікса”. На тэлебачанні працуюць такія вялікія аўтары, як Марцін Скарсэзэ, Гільерма дэль Тора, той жа Дэвід Лінч. Ды і для акцёраў эпітэт “серыяльны” даўно перстаў быць абразлівым. Заманіць на тэлебачанне зорак стала значна лягчэй. Ніколь Кідман у “Вялікай маленькай ілжы”, Вайнона Райдар у “Вельмі дзіўных справах”, Энтані Хопкінс у “Свеце дзікага захаду” – толькі некалькі прыкладаў.


Пакуль традыцыйная сістэма кінапракату спрабуе змагацца: можна ўзгадаць скандал вакол двух фільмаў Netflix, што трапілі ў канскую праграму. Французскія законы патрабуюць чакаць тры гады пасля  паказу ў кінатэатрах, перш чым выкладваць фільм у Інтэрнэт, а Netflix лічыць онлайн-пракат прыярытэтным – стужка “Окча” з Цільдай Суінтан і Джэйкам Джыленхолам ўжо два месяцы даступна для прагляду. У жніўні выходзіць “Гісторыя сям’і Майравіц”. Цяпер кампанію могуць адлучыць ад знакамітага фестывалю. Абараняючы асновы свайго бізнесу, дыстрыб'ютары патрабуюць эксклюзіўнага права для кінатэатраў.


Хто і каго ў выніку пераможа або перакупіць – пакуль цяжка прадказаць. Але ўсё ж раю пры наступным паходзе ў мультыплекс сфатаграфавацца ў кіназале. Проста так, на памяць. Магчыма, аднойчы вам прыйдзецца тлумачыць унукам, як выглядалі кінатэатры і для чаго яны ўвогуле былі патрэбныя.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: