Тыдзень таму ў Барысаве я назіраў за стартам БАТЭ ў Лізе чэмпіёнаў. І што б ні казаў пасля матчу трэнер Абрам Хашманян – армянам проста пашанцавала. Я думаю, словы пра выкананы план мы пачулі б і пры ліку 1:0 – а менавіта такі вынік адпавядаў падзеям на полі. Хоць гульня БАТЭ ў першым тайме магла прывесці і да больш чым аднаго ўзяцця варот. І нават з улікам таго, што адбылося з гаспадарамі пасля перапынку – цяжка сказаць, што свой гол госці заслужылі. Аўтагол імя Шчарбіцкага-Рыаса – няшчасны выпадак, які здараецца нават з еўрапейскімі грандамі проста па законах верагоднасці. І ні ў якім разе не вынік нейкага беспрэцэдэнтнага ціску з боку “Алашкерта” – за ўвесь матч яго футбалісты не нанеслі ні аднаго ўдару ў створ варот БАТЭ. Калі менавіта рыкашэт вырашыць лёс супрацьстаяння, напрыклад, пры ліку 0:0 – гэта будзе ў вышэйшай ступені нелагічна. (Так, я сам часам лічу словазлучэнне “футбольная логіка” аксюмаронам, але ўсё ж). (І яшчэ ў адных дужках - рэпліка Капітана Відавочнасці: ў выпадку паражэння ў Ерэване ўзгадваць самастрэл у Барысаве будзе ўжо не з рукі). Але сёння я б усё ж паставіў на беларусаў. Проста таму, што “Алашкерт” падаўся нічым не мацней за якога-небудзь серадняка чэмпіянату Беларусі. І хоць з імі ў БАТЭ таксама бываюць цяжкасці, але і вопыту выратавання самых безнадзейных паядынкаў хапае. Думаю, і ў плане матывацыі праблем не будзе – барысаўчанам, у адрозненне ад саперніка, які ніколі не гуляў у групе Лігі Чэмпіёнаў, ёсць што губляць. Адзінае, што хвалюе – такога разгубленага Ермаковіча, як вечарам у мінулую сераду, я яшчэ не бачыў. І, здаецца, не столькі з-за гэтых 1:1, колькі з-за пасляматчавага візіту ў распранальню Анатоля Капскага. Не выключана, што лёс далейшага знаходжання Аляксандра Уладзіміравіча на трэнерскай пасадзе пастаўлены ў прамую залежнасць ад выніку матча ў Ерэване. Наўрад ці галоўнаму трэнеру даруюць другі запар пралёт міма “еўравосені”.
І як тут адмахнешся ад чутак, што сватаюць у Барысаў трэнера «Дынама-Брэст» Уладзіміра Жураўля. (Магчымасць супрацоўніцтва з ім не выключыў у нядаўнім інтэрв’ю і сам Анатоль Капскі). Падаграе плёткі і дэфіцыт афіцыйнай інфармацыі з Брэста - Жураўлю то давяраюць на тысячу працэнтаў, то шукаюць замену, а сам трэнер то мае поўнае разуменне з кіраўніцтвам, то быццам заяўляе пра нязгоду з трансфернай палітыкай. І ўсё гэта цяпер - калі “Дынама” перажывае сапраўдны бум. У адрозненне ад барысаўскіх 1:1, такі ж вынік у Аўстрыі мае кардынальна іншую афарбоўку і гарантуе - ў чацвер на трыбунах не будзе свабодных месцаў.