Падзяліцца:
6 верасня 2017

Лета-2017 назвалі найгрошым для праката за 11 гадоў – цяпер афіцыйна. Зборы аднаго з галоўных рынкаў – ЗША – не дацягнулі да 4 мільярдаў долараў. Вось і зазірніце ў глыбіню падзення: штотыдзень каля 10-ці прэм’ер, пры выдатках на стварэнне аднаго толькі не самаго дарагога блакбастэра ў 200 млн.

На гэтым фоне, як я ўжо ўзгадваў, новае жыццё – пасля таго, як многія яго пахавалі – атрымала тэлебачанне. Толькі напярэдадні папулярныя анлайн-парталы апублікавалі свае спісы самых цікавых серыялаў гэтай восені – і спісы не тое каб вельмі кароткія. (У іх не толькі тэлепраекты, але і шоу, што выходзяць на інтэрнэт-платформах). У гэты бок ужо глядзяць і галоўныя пастаўшчыкі ЗД-атракцыёнаў. Marvel запускае серыялы ў кааперацыі з Netflix, а Disney і ўвогуле працуе над стварэннем уласнага інтэрнэт-кінатэатру, здольнага пацясніць цяперашніх лідараў.

Мінулае лета ж запомніцца ў першую чаргу двума вялікімі шоу. Кожны панядзелак, пасля выхаду чарговых серый “Гульні тронаў” і “Твін Пікса”, кінааматары дзяліліся ў сацыяльных сетках уражаннямі, абмяркоўвалі ўчынкі герояў і выказвалі меркаванне, як далей будуць развівацца падзеі. А найбуйнейшыя інфармацыйныя парталы (я ўжо не кажу пра спецыялізаваныя) публікавалі на галоўных старонках агляды серый ад вядомых крытыкаў і культуролагаў.

Феномен “Гульні тронаў” многія спачатку тлумачылі гіперрэалізмам некаторых сцэн, у першую чаргу гвалту і сэкса. Але якімі б вынаходнікамі не былі пастаноўшчыкі, трымаць ля экранаў самую вялікую ў гісторыі тэлебачання аўдыторыю сем гадоў толькі гэтым - атрымалася б наўрад ці. Непрадказальнасць сюжэту?.. Слушна, але максімум першыя два сезоны, пакуль публіка не прачытала кнігі, на якіх заснаваны серыял. Так, пачынаючы з сёмана сезона, фільм апярэджвае падзеі, пра якія паспеў напісаць Джордж Марцін, але паваротаў, што літаральна прыгаломшваюць, у ім стала значна менш – а магчыма, мы проста нарэшце зразумелі, чаго чакаць ад герояў. Для мяне такіх “твістаў” было паўтара – ажыўленне Каралём Ночы забітага дракона і расправа над Пецірам Бейлішам (не такая ўжо непрадказальная - калі ўлічыць, як хутка вучылася Санса ў свайго настаўніка, і якой сапраўды мезенцавай фігурай ён стаў на Поўначы).

Так што тады робіць “Гульню тронаў” галоўнай сагай сучаснасці? Дарам што яе характары і норавы карэняцца ў Сярэднявеччы – многія называюць шоу наглядным дапаможнікам сённяшніх дзён. Як маніпуліраваць людзьмі, весьці перамовы або атрымаць прэстыжную працу - ролікі з канкрэтнымі прыкладамі набіраюць падчас не менш праглядаў, чым уласна эпізоды. Серыял даўно адышоў ад першапачатковага канону – вайны Пунсовай і Белай Руж на захадзе рыцарскай эпохі. Уладная істэрычка Сэрсэя, інтрыган Варыс, слепа адданы Джэйме – я ўпэўнены, такія персанажы ёсць і ў вашым працоўным калектыве.

Сакрэт поспеху “Твін Пікса” - яшчэ тады, ў 90-я, засноўваўся шмат у чым на тых жа прынцыпах – нездрама многія кажуць, што менавіта Дэвід Лінч і Марк Фрост вынайшлі сучасны серыял. Маленькі ўтульны гарадок з такімі знаёмымі, падобнымі на нашых суседзяў і сяброў, жыхарамі, аказваецца прытулкам абсалютнага зла. Дэтэктыўная завязка (“хто забіў Лору Палмер”) была толькі прынадай, а сюжэт узлятаў на вышыню грэчаскай трагедыі, прымушаў задумвацца – што кіруе людзьмі, ці могуць яны супрацьстаяць лёсу і ўласным заганам.

Трэці сезон, які выйшаў больш чым праз 25 гадоў пасля другога, многія чакалі з асцярогай – памятаючы ў цэлым няўдалую спробу перазапуску “Сакрэтных матэрыялаў”, яшчэ аднаго культавага шоу 90-х. Усё зачараванне знікла - Малдар і Скалі больш не былі супергероямі, аснашчанымі апошнімі тэхналогіямі, а ператварыліся ў стомленых агентаў, што дзейнічаюць архаічнымі метадамі. “Твін Пікс”, на шчасце, пайшоў іншым шляхам – старыя героі вяртаюць смак чартоўскі добрай кавы з вішнёвым пірагом – смак настальгіі. Танец Одры, голас Люсі, усмешка Шэлі – калі вы не плакалі ў гэтыя моманты, у вас няма сэрца. І няхай многія па-ранейшаму займаюць шмат экраннага часу (тыя ж Гордан Коул, Альберт і памочнікі шэрыфа Трумэна), дзейнічаюць і мысляць яны не нашмат хутчэй за героя Кайла Маклахлена.

Дэйл Купер пасля 25-ці гадоў у Чорным Вігваме ўвасабляецца ў страхавога агента Дагі Джонса, які толькі і здольны, што механічна паўтараць чужыя рэплікі. Яго вяртанне да звыклага нам вобразу – бадай, самая чаканая падзея серыяла, якая рухае дзеянне ў бок кульмінацыі. І калі яе многія пралічылі – усё ж рэжысёр пакідае нам дастаткова зацэпак, то фінал выклікаў шмат пытанняў. Агент Купер вяртаецца ў Твін Пікс за дзень да гібелі Лоры Палмер і выратоўвае яе. Мы бачым пачатак арыгінальнага серыялу, дзе Піт ідзе лавіць рыбу і не знаходзіць труп. Але затым рушыць сцэна, што нагадвае падарожжа Арфея і Эўрыдыкі. Лора знікае, больш няма і звыклага Купера. За рулём у падарожжы па начной шашы – хутчэй яго злы двайнік. А разгублены мужчына, які пытае “Які зараз год?” нагадвае небараку Дагі Джонса. Што гэта - мінулае ці будучае? Гісторыя пра дзяўчыну з суседняй вуліцы ці проста сон? Але хто тады бачыць гэты сон?..

Ясна адно: Лінч і Фрост зноў змянілі правілы гульні і паказалі – папулярны серыял можа быць бескампрамісным аўтарскім праектам.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: