Падзяліцца:
Точки над «і». Вперед, Борисов! Радиоблог Александра Шустера
25 верасня 2017
Точки над «і». Вперед, Борисов! Радиоблог Александра Шустера

Вялікі футбольны тыдзень чакае ўсіх балельшчыкаў. Спачатку самы чаканы матч гэтай восені – БАТЭ-“Арсенал”, а пасля “класіка” чэмпіянату Беларусі – “Дынама” (Мінск) – БАТЭ. Ці ёсць шансы ў Барысава нагнаць страху на лонданскага гранда, а пасля абысці ў чэмпіёнскай гонцы апанентаў з беларускай сталіцы – на гэтую тэму і паразважаем сёння ў “Радыёблогу”.

Але спачатку – пра падзеі мінулага уік-энда, а дакладней - 23-га тура нашага футбольнага першынства. Пачалося ўсё ў пятніцу з дынамаўскага дэрбі. Стараюся назіраць за ключавымі матчамі менавіта на трыбунах, і сустрэча ў Брэсце не стала выключэннем. Каманды падышлі да яе ў розным настроі. Мінск – на першым месцы і пасля серыі з сямі перамог запар. Брэст – пасля жахлівага паражэння ў Слуцку. Жахлівага не з пункту гледжання ліку, канешне – а з таго, што мяч заляцеў у дынамаўскія вароты над вушамі галкіпера Малерба, калі гадзіннік адлічваў апошнюю хвіліну. Крыўдна, што тут скажаш, але як прызнае трэнер Уладзімір Журавель, з наборам ачкоў на палях сапернікаў – увогуле катастрофа.

Затое дома “бела-сінія” здольныя на сапраўдныя подзвігі. Таму фанаты, з якімі давялося пагутарыць перад гульнёй, выказвалі асцярожны аптымізм – як мінімум на нічыю разлічваць можна. І хвіліны да 70-й гульня сапраўды дрэйфавала ў нічыйную гавань. Пакуль “з засады” не выйшаў Торэс – і не вырашыў усё фенаменальным ударам са штрафнога.

Пасля Сяргей Гурэнка, трэнер мінчан, наракаў на поле - што не поле, а багна, і суддзю – неспрактыкаванага, што “распусціў” гульню і дазволіў грубую, а не проста жорсткую барацьбу. Уладзімір Журавель гаварыў пра мэту – 4-е месца, а ўлічваючы колькасць канкурэнтаў – пасаваць нават перад самым аўтарытэтным сапернікам не выходзіць. І Мінску крыўдаваць сапраўды няма чаго - ачкоў у Брэсце не длічыліся і БАТЭ, і “Шахцёр”.

Што праўда, вынік дынамаўскага дэрбі прынёс ім ці не больш радасці, чым уласна пераможцам. Гэта ва ўнісон казалі ігракі і трэнеры праследвальнікаў мінчан пасля буйных перамог днём пазней. Барысаў быццам аддзячыў Брэсту, адправіўшы 6 мячоў у вароты “Слуцка”, што зараз займае як раз тое месца, куды імкнецца “Дынама”. Салігорск знішчыў небараку-“Іслач” і зноў выбіўся ў лідары. Перавага – ачко над Мінскам і два – над БАТЭ.

Пра Барысаў асаблівая размова. У адрозенні ад канкурэнтаў, ён вядзе барацьбу на два фронты, і ў Лізе Еўропы – зусім не без шансаў. Як паказала гульня ў Бялградзе, “Црвену Звезду” трэба паважаць, але не баяцца. “Кёльн” церпіць бедства ў чэмпіянаце Германіі, “Арсенал” з колішняга лідара ператвараецца ў сярэднюю каманду англійскай Прэм’ер-лігі. Умоўныя 10 ачкоў (тры дамашнія перамогі плюс узгаданая нічыя ў Сербіі) з высокай верагоднасцю дазволяць БАТЭ заняць 2-е месца ў групе.

У чацвер на “Барысаў-Арэну” завітае “Арсенал”, і найлепшы момант для гэтай сустрэчы прыдумаць было цяжка. Яшчэ з часоў Віктара Ганчарэнкі БАТЭ выходзіў на пік формы ў жніўні-верасні, калі шумеў перамогамі ў Лізе Чэмпіёнаў і вырашаў усе справы ў чэмпіянаце Беларусі. Традыцыю пабіваць еўрапейскіх грандаў прадоўжыў і Аляксандр Ермаковіч – гэта ўжо ён камандаваў парадам у гонар “Ромы” і “Атлетыка”. У іх канешне і хата ніжэй, і дым радзей, чым у “Арсенала”. Але ў “кананіраў” сёння вечарам – сустрэча з “Вест Бромвічам”, а ў нядзелю – з “Брайтанам”. Шанс не тое каб дагнаць, але не адпусціць манчэстарскі цягнік зусім далёка. І логіка падказвае, што ў сярэдзіне тыдня Арсен Венгер дасць адпачыць лідарам. Наўрад ці ён ужо зараз плануе трапіць ў Лігу Чэмпіёнаў леташняй дарогай “Юнайтэд”.

Гэтым момантам, калі БАТЭ сапраўды разлічвае пазмагацца за выхад у плэй-оф, трэба карыстацца. У 1/16 фіналу Лігі Еўропы Барысаў трапляў ужо двойчы – дык навошта паніжаць стаўкі?.. Тым больш – з настроем і формай зараз сапраўды парадак. Разгромы “Слуцка” і асабліва “Шахцёра” паказалі, што ігракі зноў атрымліваюць задавльненне ад футбола і гульні адзін з адным, а не адбываюць павіннасць, і за трэнера - гарой. Ды і падтрымка на трыбунах, штосьці падказвае, будзе адрознівацца не толькі колькасна, але і якасна.

А тое, што пасля “Арсенала” БАТЭ чакае паядынак з мінскім “Дынама” – па любым раскладзе, не менш важны, бо чэмпіянат Беларусі для “жоўта-сініх” такі ж прыярытэт – можа і лепей. Лепей, чым “Мінск” або “Крумкачы”. Эмоцый і сіл на сур’ёзных сапернікаў у Барысава хапае. 

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: