Сёння ў нашай праграме прэм'ера музычнага спектакля «Цень» па аднаіменнай п'есе Яўгена Шварца – сумеснага праекта Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь і ансамбля Беларускага Саюза кампазітараў «Музычная арка».
Запіс зроблены ў снежні 2020 года ў Вялікай студыі Дома радыё, затым быў перыяд мантажу і нарэшце, у Дзень жанчын мы слухаем аўдыёверсію спектакля.
Напісаная ў канцы 30-х гадоў мінулага стагоддзя, п'еса сёння набыла асаблівую актуальнасць. Імпульсам да стварэння пастаноўкі паслужыў аўдыёспектакль АЛЕГА АНОФРЫЕВА, які сам зрабіў лібрэта і выканаў галоўныя ролі.
Беларускі варыянт спектакля прадстаўлены ў жанры мюзікла, ці нават рок-оперы, музыку да якой напісала ВЕРА ЗАЙЦАВА. У Расіі яе творчасць добра вядома дзякуючы творам для сімфанічнага аркестра, рускага народнага аркестра, жаночага хору.
Музыка да спектакля «Цень» была напісана па просьбе СВЯТЛАНЫ КУДЗІНАЙ, якая з 2019 года з'яўляецца мастацкім кіраўніком інструментальнага ансамбля салістаў «Музычная арка», створанага на базе Беларускага Саюза кампазітараў.
Галоўныя і эпізадычныя ролі ў спектаклі выконваюць салісты Заслужанага калектыву Дзяржаўнага камернага хору Рэспублікі Беларусь (мастацкі кіраўнік НАТАЛЛЯ МІХАЙЛАВА).
Рэжысёрам, мастаком-пастаноўшчыкам і выканаўцам галоўных роляў Вучонага і Цені выступае папулярны акцёр тэатра і кіно ІГАР ПЯТРОЎ.
У спектаклі гучыць цудоўная паэзія Дзмітрыя Ермаловіча-Дашчынскага.
Праграма «Творчы вечар» за 8 сакавіка ў 21.05.

