Вясною ў Салігорскім раёне клопатаў прыбаўляецца ў дэпутатаў мясцовых саветаў – павялічваецца колькасць зваротаў ад грамадзян. Кола праблем носіць сезонны характар: пасля зімы ў некаторых населенных пунктах разбіты дарогі, чакае рамонту гравійнае пакрыццё, дачнікі просяць пераглядзець графік работы аўталавак, аднавіць работу аптэкі…
Іншы раз дэпутатам даводзіцца звяртацца да спецыялістаў адпаведных служб раёна, каб аператыўна прыняць меры, а сур'ёзныя капітальныя рамонты патрабуюць бюджэтных сродкаў. З-за адсутнасці фінансаў сельвыканкамы не могуць самастойна вырашыць злабадзённыя пытанні.
Калектыўныя звароты ад насельніцтва, як правіла, разглядаюцца на чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў. Неаднаразова такім чынам былі падтрыманы ініцыятывы старасты вёскі Добрая Лука Мікалая Варашкевіча. Дзякуючы яго настойлівасці, зніклі стыхійныя звалкі, пакладзены асфальт і зменшылася колькасць пустуючых дамоў.
Якімі паўнамоцтвамі надзелены стараста? Ці выплачваюць яму зарплату? Як вярнуць у вёску моладзь? На гэтыя і іншыя пытанні адкажуць госці праграмы «Свая зямля» – 10 красавіка ў 6.25 (паўтор у 23.00).

