Падзяліцца:
«Тваё першае працоўнае месца». Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
8 красавіка 2019
«Тваё першае працоўнае месца». Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) Красавік звычайна адметны ў лёсе выпускнікоў вну такой важнай падзеяй як размеркаванне – у некаторых установах ужо прайшло папярэдняе і студэнты чакаюць афіцыйнага накіравання на сваё першае месца працы. Паводле даных профільнага міністэрства, сёлета за кошт сродкаў бюджэту 19 тысяч спецыялістаў атрымаюць дыплом аб вышэйшай адукацыі і 18 тысяч – аб сярэдняй спецыяльнай. І зараз маецца дастатковая колькасць працоўных месцаў адпаведна заключаным дагаворам і папярэднім заяўкам на падрыхтоўку па той ці іншай спецыяльнасці. Так што выпускнікі, якія вучыліся на «бюджэце» змогуць атрымаць першае рабочае месца. А вось тыя, хто набываў веды за ўласныя сродкі, так званыя «платнікі», згодна з 48 артыкулам Кодэкса аб адукацыі, размеркаванню не падлягаюць. Але ж маюць права на накіраванне на работу па ўласным жаданні. Для гэтага неабходна звярнуцца ў спецыяльную камісію і там разгледзяць кожны такі зварот. На нядаўняй анлайн-канферэнцыі ў прэс-цэнтры БЕЛТА прадстаўнікі Міністэрства адукацыі прывялі такія лічбы. Летась 1016 выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў і 1318 – сярэдніх спецыяльных, якія вучыліся па платнай аснове, пажадалі атрымаць накіраванне на працу. Так што ўсе размовы пра неабходнасць адмены інстытута размеркавання, якія раз-пораз узнікаюць у некаторых СМІ ці ў асяродку студэнтаў, не маюць падставы. Зразумела, не ўсе бываюць задаволеныя вынікам размеркавання. Прычыны – розныя. Так ці інакш, але летась 100 выпускнікоў так і не даехалі да свайго месца размеркавання. У Міністэрстве адукацыі лічаць, што гэта невялікая колькасць – толькі паўпрацэнта ад усіх. І з іх 46 чалавек адразу вярнулі выдаткаваныя дзяржавай сродкі на іх падрыхтоўку. А яны, дарэчы, не малыя, і ў кожнай вну, па кожанай спецыяльнасці вылічаюцца асобна. Ёсць такія «заблукаўшыя» і сярод тых, хто размеркаваўся пасля атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Вядома, што 65 чалавек вярталі грошы на той жа падставе. Для даведкі, калі добраахвотна сродкі на працягу 6 месяцаў не вяртаюцца, матэрыялы перадаюцца ў суд. І такіх летась было 20 выпадкаў. Мне ўзгадваецца гісторыя з майго студэнцтва. Падчас размеркавання адна з выпускніц заявіла, што не жадае ехаць працаваць у раёнку, маўляў, нажылася ў вясковым брудзе, няхай іншыя такога паспрабуюць, а яна хоча стаць сталічнай жыхаркай. І запатрабавала аддаць ёй запыт адной з мінскіх рэдакцый, які прыйшоў на імя іншага студэнта. Камісіі, на жаль, прыйшлося пагадзіцца, бо настырная студэнтка ішла раней у спісе на размеркаванне. Але час паказаў, што журналісцкая кар’ера ў яе не задалася, давялося заняцца дробным бізнесам. Так, «агні вялікага горада» прыцягваюць і зараз, але знайсці работу па спецыяльнасці, ды яшчэ без пэўнага вопыту, часам даволі цяжка. І не толькі ў сталіцы. Таму важны на гэтым этапе інстытут размеркавання, як гарант першага рабочага месца. Што ён сабой ўяўляе? Згодна з Кодэксам аб адукацыі, размеркаванне – гэта працэдура вызначэння месца працы «у мэтах сацыяльнай абароны выпускнікоў, а таксама для задавальнення патрабаванняў галін эканомікі і сацыяльнай сферы ў спецыялістах, рабочых і служачых». Пры гэтым месца працы маладому спецыялісту прадастаўляецца ў адпаведнасці з атрыманай ім спецыяльнасцю і кваліфікацыяй. Малады спецыяліст мае і пэўныя льготы. Па-першае, ён вызваляецца ад выпрабавальнага тэрміну. Бо, як вядома, ва ўсім свеце наймальнік жадае атрымаць работніка ўжо з вопытам, пэўнымі кампетэнцыямі і вызначае прамежак часу, каб праверыць іх узровень. Па-другое, маладога спецыяліста нельга звольніць падчас тэрміну абавязковай дзейнасці. Ёсць і сацыяльныя, матэрыяльныя гарантыі, кампенсацыі, Ссярод якіх, напрыклад, выплата грашовай дапамогі пасля заключэння кантракта ці працоўнага дагавора. У некаторых рэгіёнах мясцовыя ўлады вылучаюць сродкі для найму жылля. Маладым спецыялістам-аграрыям могуць адразу прапанаваць і уласнае жыллё. Кар’еру можна зрабіць і ў рэгіёнах. Дастаткова магчымасцей для прафесійнага росту ў нашых абласных цэнтрах, буйных раённых гарадах. Многія з іх маюць развітую інфраструктуру, і моладзі ёсць чым заняцца ў вольны час. А попыт на выпускнікоў медыцынскага, педагагічнага і сельскагаспадарчага профіляў ёсць па ўсёй краіне. Вядома, некаторых пужае 2 гады так званай «адпрацоўкі». Але які багаты вопыт, майстэрства можна набыць за гэты час, пажыць самастойна без пільнага бацькоўскага нагляду (асабліва гэта тычыцца сталічнай моладзі), адчуць сябе па-сапраўднаму дарослым і адказным за свае ўчынкі чалавекам. Мяркую, што з часам інстытут размеркавання студэнтаў-выпускнікоў нейкім чынам зменіцца, але гэта можа адбыцца разам з рэформай самой сістэмы падрыхтоўкі спецыялістаў вышэйнага і сярэдняга ўзроўню. Дзейнічаць тут неабходна вельмі карэктна і пераймаць чужы вопыт, які так настойліва прапануюць некаторыя добразычліўцы, таксама асцярожна, з улікам нашай спецыфікі. Пры гэтым не забываць, што выпускнікі ўніверсітэтаў і каледжаў многіх заходніх краін з цяжкасцю знаходзяць працоўныя месцы. Днямі знайшла такую інфармацыю: у Польшчы маладыя спецыялісты з дыпломам папулярных прафесій (урач, юрыст, настаўнік, касметолаг і іншыя) адразу ўладкоўваюцца на добрую працу толькі па знаёмстве ці пры наяўнасці роднастных сувязей. А праблему маладзёжнага беспрацоўя ў краінах ЕС наогул назвалі адным з галоўных выклікаў часу. Сярод беларускай моладзі кожны сёмы – студэнт. І гарантаванае першае рабочае месца для іх – выдатная пляцоўка для прафесійнага і асобаснага росту. Я так думаю, а вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: