Падзяліцца:
“Тыдзень памяці” народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага - 1-7 жніўня 2016 года
29 Ліпеня 2016
“Тыдзень памяці” народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага - 1-7 жніўня 2016 года З 1 па 7 жніўня на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё пройдзе “Тыдзень памяці” народнага артыста СССР Расціслава Янкоўскага. З 1957-га года і да апошніх сваіх дзён Расціслаў Іванавіч Янкоўскі аддана служыў сцэне Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага. Сотні цудоўных, яркіх, незабыўных вобразаў было створана ім за гэты час у самых розных спектаклях паводле класікі і твораў сучасных аўтараў: У.Шэкспіра, Ф.Шылера, М.Горкага, А.Арбузава, В.Розава, Д.Меражкоўскага, А.Астроўскага, А.Чэхава, М.Булгакава, А.Гельмана, К.Губарэвіча, А.Адамовіча, А.Петрашкевіча, А.Дударава ды многіх іншых. Выбітны талент, моцны тэмперамент, уменне пранікнуць у самыя глыбіні чалавечай душы, выключная працавітасць дазвалялі акцёру тварыць на сцэне цуды. Без перабольшання, 60 гадоў публіка ішла ў тэатр Горкага “на Янкоўскага”. Ім захапляліся, яго любілі, яму апладзіравалі з асаблівай сімпатыяй. У фондах Беларускага радыё захоўваецца шмат пастановачных работ, у якіх заняты Р.Янкоўскі. Гэта і радыёспектаклі, і мастацкае чытанне класічнай паэзіі, і, канечне, -- радыёверсіі тэатральных спектаклей. З 1 па 7 жніўня ў “Тэатры Беларускага радыё” ў 22 гадзіны 5 хвілін прагучаць спектаклі, у якіх галоўныя ролі выконвае народны артыст СССР Расціслаў Янкоўскі. 1 і 2 жніўня -- музычная радыёпастаноўка “Спартак” паводле аднайменнага рамана Рафаэла Джаваньёлі (Спартак), 2 жніўня слухайце вершы А.Пушкіна ў выкананні Р.Янкоўскага, 3 і 4 жніўня -- радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага “Двое на арэлях” па п’есе Уільяма Гібсана (адвакат Джэры), 5 жніўня – радыёпастаноўка “Рамантычная гісторыя” паводле апавядання Валерыя Паваляева (Любімаў), 6 і 7 жніўня -- радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя М.Горкага “Макбет” па аднайменнай трагедыі Уільяма Шэкспіра (Макбет).
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: