- Галоўная
- /
- Навіны
- /
- Тыдзень памяці Іллі Кургана ў «Тэатры Беларускага радыё», 9 – 15.09.2019
- Тыдзень памяці Іллі Кургана ў «Тэатры Беларускага радыё», 9 – 15.09.2019

На Першым нацыянальным канале Беларускага радыё з 9 па 15 верасня праходзіць «Тыдзень памяці» заслужанага артыста Рэспублікі Беларусь, дыктара Беларускага радыё Іллі Кургана.
Яго называлі беларускім Левітанам. Старэйшае пакаленне цудоўна памятае выключны аксамітны голас Іллі Кургана – 40 гадоў ён самааддана служыў беларускаму эфіру. У яго вучыліся маладыя калегі, да яго заўваг прыслухоўваліся і дыктары, і артысты, і журналісты. Прафесійная павага і аўтарытэт у старэйшага дыктара Беларускага радыё былі бездакорнымі.
Бог шчодра падараваў Іллю Львовічу доўгі век, ён сыйшоў у высокія нябёсы сёлета, 21 жніўня, на 94-м годзе жыцця. Маючы вялікі вопыт работы са словам у эфіры, заставаўся па-ранейшаму актыўным. Працаваў літаратурным кансультантам у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы і Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі, выкладаў на кафедры сцэнічнай мовы ў Беларускай акадэміі мастацтваў і Беларускім універсітэце культуры і мастацтваў. Колькі выдатных акцёраў з гонарам называюць сябе вучнямі Іллі Львовіча Кургана. Ён меў бясспрэчны педагагічны талент.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца сотні самых розных запісаў з удзелам Майстра. Найперш, гэта шматлікія дакументальныя праграмы. Але не менш багаты і мастацкі фонд: радыёспектаклі і пастаноўкі, выкананне літаратурных кампазіцый і мастацкіх твораў.
Увесь гэты тыдзень у праграме «Тэатр Беларускага радыё» будуць гучаць радыёспектаклі з удзелам Іллі Кургана, а таксама творы беларускіх класікаў у яго выкананні. Запісы з фондаў Беларускага радыё розных гадоў.
9 верасня – інсцэніраванае апавяданне Янкі Маўра «Апошні вылет» і паэма Пятра Глебкі «Мужнасць»;
10 верасня – радыёкампазіцыя «Сцяг брыгады» паводле аднайменнай паэмы народнага паэта Беларусі Аркадзя Куляшова;
11 верасня – урывак з паэмы Адама Міцкевіча «Пан Тадэвуш»;
12 верасня – урывак з аповесці Кузьмы Чорнага «Скіп’ёўскі лес»;
13 і 14 верасня – радыёспектакль «Крыж міласэрнасці» паводле аднайменнага рамана Валянціны Коўтун і паэма народнага паэта Беларусі Янкі Купалы «Курган»;
15 верасня – урывак з аповесці Уладзіміра Караткевіча «Чазенія».
«Тэатр Беларускага радыё» у эфіры штодзень у 22-05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: