
Міжнародны кангрэс Асацыяцыі ўдзельнікаў касмічных палётаў, які пройдзе у Беларусі ў верасні наступнага года, збярэ дэлегатаў з больш чым 30 краін. Да нас прыедуць 150 касманаўтаў, якія прадстаўляюць розныя рэгіёны - Еўропу, Азію, Паўночную Амерыку. Гэты міжнародны кангрэс штогод збірае вядомых касманаўтаў, прадстаўнікоў навукова-даследчых устаноў, нацыянальных касмічных агенцтваў. У Беларусі ўжо рыхтуюцца да такога важнага мерапрыемства. Наш карэспандэнт Надзея Скараход даведалася, якія новыя магчымасці кангрэс можа адкрыць для Беларусі.
Праграму тыднёвага касмічнага форуму, канечне, яшчэ будуць дапаўняць, час на гэта пакуль ёсць. Дакладныя пункты пакуль выглядаюць так: дэлегатам прапануюць наведаць Нацыянальную акадэмію навук, пазнаёміцца з дасягненнямі Беларусі ў касмічнай сферы, адным з мерапрыемстваў стане так званы Community Day – знакамітыя касманаўты і астранаўты правядуць адкрытыя лекцыі для ўсіх жадаючых. Гэта будзе цікавым для студэнтаў, школьнікаў, вучоных. Запросяць людзей, якія толькі вярнуліся з комасу, каб паслухаць іх уражанні. Як правіла, падчас кангрэсу праходзяць аўтограф-сесіі вядомых касманаўтаў, яны ж закладуць у беларускай сталіцы алею.
Наша краіна сама развівае касмічную галіну, таму важна, якія магчымасці кангрэс адкрые для гэтага. На пытанне мы папрасілі адказаць загадчыка аддзела інтэлектуальных інфармацыйных сістэм Аб’яднагага інстутута праблем інфарматыкі НАН Беларусі
Аляксея Белацаркоўскага. Ён актыўна ўдзельнічае у падрыхтоўцы да форуму:
«На сёння «дарожная карта» падрыхтоўкі да кангрэсу яшчэ не распрацавана. Але я сам буду ўносіць прапанову ўнесці ў гэтую «дарожную карту» пытанні, звязаныя з магчымасцю заключэння пагадненняў з Еўрапейскім касмічным агенцтвам, з Еўрапейскай спадарожнікавай навігацыйнай сістэмай, Еўрапейскай праграмай дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Асабліва ў апошняй праграме нашы вучоныя могуць удзельнічаць – у іх ёсць вялікі вопыт апрацоўкі выяў і распрацоўкі сістэм дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі».
Кіраўнік апарату Нацыянальнай акадэміі навук, акадэмік
Пётр Віцязь перакананы: правядзенне кангрэсу Асацыяцыі удзельнікаў касмічных палётаў дасць магчымасць прадставіць міжнароднай супольнасці нашы касмічныя магчымасці:
“Прыедзе шмат журналістаў. Людзі, якія пабываюць тут, раскажуць, што яны бачылі ў Беларусі. Імідж нашай краіны, народа, культуры, нашай гасціннасці пашырыцца ў свеце".
Правядзенне такога статуснага міжнароднага касмічнага форуму для Беларусі – гонар. Гэта прызнанне нашых дасягненняў у вывучэнні космасу.