Падзяліцца:
У пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна адкрываецца музей пісанкі
18 Красавіка 2017
У пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна адкрываецца музей пісанкі Хрысціяне працягваюць святкаваць светлае Хрыстова Уваскрасенне. Да яго з даўніх часоў рыхтаваліся загадзя - прыбіралі дамы, пяклі кулічы і абавязкова фарбавалі яйкі. У пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна да галоўнага свята ў хрысціянскім календары звычайна рыхтуюцца ў строгай адпаведнасці з традыцыямі продкаў. Амаль у кожнай сям’і велікодныя яйкі не толькі фарбуюць, але і распісваюць. Такія яйкі ўжо сталі брэндам рэгіёну. А ў хуткім часе ў пасёлку адкрыецца музей пісанкі, - даведалася наш карэспандэнт. Антаніна Юрчэня, як і многія сапоцкінскія жанчыны, велікодныя яйкі не толькі фарбуе, але і распісвае. І абавязкова – у поўнай адпаведнасці з традыцыямі продкаў. Спачатку наносіць на яйка малюнак гарачым воскам і ўжо пасля акунае ў спецыяльны, загаддзя падрыхтаваны, раствор для афарбоўкі. «Кара дуба, кара алешыны і іржавыя цвікі - чым болей. Іржа дае вокіс і чарнату. Заліваю кіпенем, яна стаіць у мяне месяц і больш. Потым зліваю, кіпячу яе, дадаю воцату. І вось потым, калі размалюю яйка, кладу ў фарбу». Сапоцкінскія пісанкі ўжо сталі своеасаблівым брэндам Гродзенскага раёна. Традыцыя распісвання яек воскам і спецыяльнай фарбай уключана ў дзяржаўны спіс гісторыка–культурных каштоўнасцей Беларусі. Таму мясцовыя майстры вырашылі: традыцыя можа зацікавіць і турыстаў. Зусім хутка ў мясцовым культурна-турыстычным цэнтры адкрыецца асобная музейная экспазіцыя, дзе будзе прадстаўлена не толькі традыцыйная тэхніка стварэння пісанак, але і самыя розныя спосабы дэкаравання велікодных яек. Паведаміла загадчыца філіяла Сапоцкінскага культурна-турыстычнага цэнтра Ганна Галубцова: «Тут таксама можна будзе ўбачыць дэкарыраванне яек у розных тэхніках, што ўжо выконваюць і дзеці. Тут у нас будзе дэкарыраванне бісерам, гарохам, грэчкай, вясновымі вербачкамі або так званымі «коцікамі», ніткамі і нават фламастарам будзем размалёўваць». Урачыстае адкрыццё музея пісанкі адбудзецца ў пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна 23-га красавіка. Як плануецца, у гэты дзень пройдзе і вялікае свята пісанкі са спецыяльнай канцэртна-забаўляльнай праграмай. Да слова, зараз у экспазіцыі ўжо каля 400 велікодных яек. І, як запэўніваюць стваральнікі музея, калекцыя абавязкова будзе папаўняцца. Аксана Калагрыў, Гродзенскі раён.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: