Падзяліцца:
У пошуках "фактару X": знакамітае вакальнае шоу працягвае свой тур па Беларусі!
22 сакавіка 2020
У пошуках "фактару X": знакамітае вакальнае шоу працягвае свой тур па Беларусі!

Чарговы прыпынак у серыі нацыянальных перадкастынгаў − Магілёў. Самых галасістых адбіралі ў чатырох катэгорыях: гэта хлопцы і дзяўчаты ад 16 да 24 гадоў, удзельнікі ад 25 гадоў і асобна − музычныя калектывы. Па вяртанні з тура кожнае іх выступленне яшчэ раз пераглядзяць, праслухаюць і толькі пасля гэтага журы вызначыцца з зорным пулам, што працягне барацьбу ў шоу. Хто змагаўся на гэтых выхадных за тое, каб "трапіць на ТV", раскажа Аліна Страшкевіч.

Дзесяць гадзін раніцы: у магілёўскі Палац культуры вобласці спяшаюцца таленты з усіх ваколіц. Ля стойкі рэгістрацыі ва ўрачыстым фае выстройваецца чарга з самых смелых. Найперш − дамовы і анкеты. Высокі абаяльны бландзін у дзелавым касцюме сціпла ўладкоўваецца за невялічкім столікам:

- Якую напісаць гісторыю з жыцця? Ды якая тут гісторыя… Я медыцынскі работнік, працую ў войску. Бывае, што і выступаю, спяваю. Але на такім шоу ў свае 44 гады ўпершыню…

- Чым будзеце здзіўляць?

- Я класіку люблю, эстрадную. "Песняроў", напрыклад. Увесь іх рэпертуар ведаю!

Віталь Канавалаў пранікнёна зацягвае: "Мой родны к-у-у-у-т…". Без пяці хвілін Барткевіч!


А вось Марыя Іосіфаўна з'яўляецца ў Палацы культуры на фортэ: у шыкоўным капелюшы і элегантным строі усе камеры − яе! З сабой захапіла не толькі мора абаяння: граматы, публікацыі і нават узнагароды:

- У творчасці Магілёва я 60 гадоў! Мяне тут усе ведаюць. А самой мне колькі? Я вам зараз праспяваю…

Марыя Іосіфаўна какетліва пачынае:

Ради счастья, ради нашего,

Если хочешь ты его,

Ни о чем меня не спрашивай,

Не расспрашивай, не выспрашивай,

Не выведывай ничего!


А ў малой зале ўжо распачынаецца кастынг. Нумарам адзін − Марыя Высоцкая. Дзяўчына працуе ў Магілёве аніматарам. Кажа, апошнія два гады яна − самая папулярная снягурка ў горадзе. Вольга Шлягер тут жа парыруе: "Гэта таму што я з горада з'ехала. Калісьці таксама гэтым займалася".

Пад агульныя жарты і далікатныя пытанні адбываецца знаёмства з прэтэндэнтамі на поспех. Выканаўчы прадзюсар шоу размаўляе з удзельнікамі не проста так: шукае той самы фактар X:

- Наша задача найперш нікога не пакрыўдзіць. Каб чалавек не пайшоў ад нас з псіхалагічнай траўмай. Таму я заўсёды казала і кажу: калі адчуваеце ў сабе хоць крышачку таленту − прыходзьце! Мы дапаможам. 


А каб мара стала на крок бліжэй, ёсць толькі пару хвілін a cappella . З суправаджэння − хіба што толькі харызма. У Дзмітрыя Бурдыкі з гэтым усё "на выдатна". На кастынг малады адміністратар аўтамыйкі прыехаў з Барысава: "Тут такога яшчэ не бачылі. І нідзе, ні ў якім іншым горадзе не ўбачаць. Біт-бокс, рэп, фрыстайл − я магу імправізаваць на любую тэму". У доказ тут жа зачытвае свежанькі рэп пра ўражанні ад шоу.

 

"Але ў горадзе самых галасістых ў яго вялікая канкурэнцыя", − кажа салістка судзейскага трыа, тэлевядучая Ксенія Дзюкава. "З Магілёва ў нас палова эстрады! Так што нам тут у журы цікава працаваць! Я баялася, што такія вось спевы без музычнага суправаджэння могуць стацца кітайскай пыткай, але не… Вельмі таленавітыя людзі, мне падабаецца".

 

А роўна праз тыдзень − наступны горад. Вялікі тур у пошуках талентаў зробіць прыпынак у Гомелі. Уласна, передкастынгі пабываюць ва ўсіх абласніках з заездам у Мазыр, Баранавічы, Ліду і Бабруйск. 

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: