Падзяліцца:
«Усё пачынаецца з любві… Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё)
14 лютага 2019
«Усё пачынаецца з любві… Я так думаю. А вы?» Радыёблог Алены Давідовіч (аўдыё) «Пачынаецца ўсё з любві» – гучыць рэфрэнам у вядомым вершы Яўгеніі Янішчыц «Ты пакліч мяне, пазаві». Наша беларуская Ганна Ахматава, як усе таленавітыя людзі трагічнага лёсу, тонка адчувала пульс і нерв чалавечай сутнасці, знаходзіла надзвычай яркія, незвычайныя вобразы для іх увасаблення ў сваіх паэтычных радках. А тут выказалася проста і ясна: з любві пачынаецца «…нават самая проста ява», «…першыя поспехі і першыя крокі», нават «… нянавісць і агіда». Усё, што ёсць само жыццё… Сёння, у Дзень усіх закаханых, я прапаную паразважаць пра каханне. Аб гэтым асаблівым пачуцці, якое рухае ўсё на свеце. У пачатку давайце выведзем за дужкі тое, што тычыцца камерцыйнага складніка гэтага дня: ажыятаж з паштоўкамі-сардэчкамі, абавязковыя падарункі. Хаця, у гэтым можа нічога дрэннага і няма. Але я пра сутнасць, пра тое важнае і патаемнае, якое за знешняй атрыбутыкай свята, у яго глыбіні. Здавён на Беларусі сінонімам любові, кахання лічылася слова «шкадаваць», «жалеть» на рускай мове. У яго ўкладваўся глыбокі, сакральны сэнс: аберагаць, ахоўваць, спачуваць, шанаваць, ахвяраваць. “І галубок гукае, як пару шануе, шукае” – адна з беларускіх прыказак на гэту тэму. Дарэчы, вядомы нямецкі філосаф Артур Шапенгаўэр таксама лічыў любоў як роўную спачуванню і спагадзе. Наогул, любоў – адна з фундаменальных і агульных тэм у сусветнай культуры і мастацтве. Разважанні пра яе, аналіз як з’явы, узыходзяць да старажытных філасофскіх сістэм і літаратурных помнікаў. Паняцце “любоў” разглядаецца ў розных сэнсах, катэгорыях, нават падзяляецца на разнавіднасці. Напрыклад, у тэорыі пазнання – гэта прадумова і пачатак самаго працэсу набыцця ведаў. Блез Паскаль, французскі філосаф, так і сцвярджаў: любоў пракладае розуму шлях да людзей і рэчаў. Усім вядомая і сама моцная ў свеце “матуліна любоў”, якая можа ахвяраваць нават сваім сэрцам і жыццём. Ёсць “любоў братэрская”, заснаваная на сяброўстве, падтрымцы. Вернікі падзяляюць “любоў да Бога”. Само хрысцянства прапаведуе “любоў да блізкага”, якая распаўсюджваецца на ўсіх людзей. Вуснамі Іісуса Хрыста сцвярджаецца: “Няма больш той любві, як калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх”. А Свяціцель Іаан Залатавуст гаварыў: “Любоў ёсць крыніца і маці ўсяго добрага. Кожная добрая справа есць плён любові”. У іўдаізме любоў – гэта магчымасць адчуваць сябе адзіным цэлым з іншымі. У таго, хто любіць сваю сям’ю, яго уласнае “я” роўнае ўсёй сям’і. Хто любіць усіх людзей, адчувае сябе адзіным з ўсім светам. Сапраўдны мусульманін знаходзіць сваю любоў у сямейнай гармоніі і ўнутраным спакоі. А мы яшчэ гаворым пра любоў да Радзімы, да роднай старонкі, бацькоўскага дома. Сын беларускай зямлі Янка Купала ў сваёй “Малітве” выказаўся дасканала: Малюся я небу, зямлі і прастору, Магутнаму богу – ўсясвету малюся, Ва ўсякай прыгодзе, ва ўсякую пору За родны загон Беларусі. Што да кахання, гэтага палкага пачуцця паміж жанчынай і мужчынам, любячымі сэрцамі, гэта адвечнае і нязменнае. У інтэрнэце я знайшла цікавую, нават містычную гіпотэзу ўзнікнення слова “любоў”. Нібыта ў падмурак славянскай азбукі пакладзены два сімвалы, мужчына і жанчына, якія адлюстраваны дзвюма вертыкальнымі рысачкамі. Тая, што з правага боку – мужчына, з левага – жанчына. Калі рысачкі цягнуцца адна да адной на верхнім, нябесным узроўні, з’яўляецца сімвал, падобны на літару “Л”, які і адпавядае высокаму пачуццю. Так славянскі алфавіт атрымаў літару “л”, сугучную гуку “л”. Дарэчы, у многіх мовах слова “любоў” пачынаеца з літары “л”: “лібен” – у нямецкай, “лав” – аглійскай, “ласка” – чэшскай і славацкай, “л’амур” – французскай, “ліфд” – галандскай. Але ў нас, беларусаў, палкім пачуццям ёсць цудоўны адпаведнік – “каханне”, а яшчэ “любасць”, “замілаванне”. Гучыць па-беларуску мілагучна і красамоўна. Памятаеце, як яшчэ ў аднаго нашага класіка, Генадзя Бураўкіна: Гэта я з табой вечарую, Туманамі цябе я чарую. Васількоў шапатліваю моваю, Зачароўваю, зачароўваю, Закалыхваю я цябе. Кахаю, калыхаю, закалыхваю, значыць, шаную, аберагаю твой сон, спакой, ахінаю цяплом і пяшчотай. Што ж, сёння добрая нагода яшчэ раз сказаць любімым, каханым, блізкім, дарагім сэрцу людзям шчырыя словы прызнання. За тое, што яны ёсць, што яны побач. За тое, што натхняюць на добрыя справы і высакародныя ўчынкі. Ты пакліч мяне. Пазаві. Сто дарог за маімі плячыма. Пачынаецца ўсё з любві. А інакш і жыць немагчыма. Сцвяржае сваім вершам беларуская паэтка Яўгенія Янішчыц. Я таксама ўпэўнена ў гэтым. А вы?
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: