Падзяліцца:
2 Сакавіка 2016

У выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў серыі “Жыццё знакамітых людзей Беларусі” выйшла кніга “Кузьма Чорны. Чалавек – гэта цэлы свет”. Укладальнік – загадчыца аддзела літаратурна-мастацкіх праграм Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Галіна Шаблінская.

У юбілейным выданні, аб’ёмам 500 старонак, сабраны ўспаміны, артыкулы, эсэ, інтэрв’ю родных і блізкіх класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага, яго сяброў, пісьменнікаў, літаратуразнаўцаў, дзеячаў мастацтва. Усе разам яны ствараюць партрэт жывога чалавека, на долю якога выпала шчасце быць Мастаком “боскай міласцю” і зведаць на ўласным лёсе цяжар гістарычных рэалій свайго часу. Але не здрадзіць сабе, беларускаму слову і Бацькаўшчыне. Упершыню друкуецца некалькі ўнікальных матэрыялаў і кранальных дакументаў з сямейнага архіва пісьменніка, а таксама лісты К.Чорнага з фондаў Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, аддзела рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Канцэптуальна кніга складаецца з пяці раздзелаў. Першы прысвечаны сям’і і роду Раманоўскіх, другі ўключае ўспаміны пра К.Чорнага яго сучаснікаў, трэці – погляд літаратуразнаўцаў розных пакаленняў на творчасць класіка, чацвёрты – мемуарная і эпісталярная спадчына пісьменніка, пяты – ушанаванне яго памяці.

“Ён ведаў, што ў літаратуры перамагае толькі чалавечае і чалавечнае, а фальш, пустазвонства, бяздумная даніна чарговай модзе, колькі б яны ні прэтэндавалі на жыццё ў слове, урэшце будуць названы сваімі імёнамі”, -- пісаў пра Кузьму Чорнага наш сучаснік Міхась Стральцоў. Сапраўды, час усё расставіў на свае месцы.

Многія матэрыялы выдання знайшлі адлюстраванне і ў літаратурна-мастацкіх перадачах Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё, аўтарам і вядучай якіх з’яўляецца Галіна Шаблінская.     
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: