З 9 лістапада ў “Тэатры Беларускага радыё” -- “Юбілейны тыдзень” народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка да 95-годдзя з дня яго нараджэння.
Творчасць Андрэя Макаёнка – гэта цэлая эпоха ў тэатральнай культуры Беларусі. Яго драматургічныя творы ставіліся ў тэатрах Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі – больш, чым ў 80 краінах свету. Вострая сатыра была галоўным складнікам п’ес гэтага вядомага драматурга. Камедыйныя вобразы і чалавечыя характары выпісаны ў яго п’есах настолькі аб’ектыўна, глыбока і пераканаўча, што закранаюць любога скептыка. Фенаменальны ўзлёт творчасці Андрэя Макаёнка ў 50-70-х гадах мінулага стагодзя дасюль застаецца яркім прыкладам у гісторыі нацыянальнага тэатральнага мастацтва.
Шмат спектаклей па п’есах Андрэя Макаёнка захоўваецца ў фондах Беларускага радыё, у якіх заняты артысты розных пакаленняў. На гэтым, “Юбілейным тыдні”, прагучаць:
9 і 10 лістапада -- радыёкампазіцыя ў дзвюх частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Лявоніха на арбіце” па аднайменнай камедыі Андрэя Макаёнка. Рэжысёр – Барыс Эрын. У галоўных ролях Лявона і яго жонкі Лушкі – народныя артысты СССР Здзіслаў Стома і Галіна Макарава. Год запісу - 1962.
11, 12 і 13 лістапада – радыёкампазіцыя ў трох частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Таблетку пад язык” па аднайменнай п’се Андрэя Макаёнка. Рэжысёр-пастаноўшчык Барыс Луцэнка, рэжысёр радыёкампазіцыі Соф’я Гурыч. У галоўных ролях старшыні калгаса Каравая і дзеда Цыбулькі – народны артыст Беларусі Валянцін Белахвосцік і народны артыст СССР Генадзь Аўсяннікаў. Год запісу – 1978.