Падзяліцца:
29 Лютага 2016

З 29 лютага па 7 сакавіка ў эфіры Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё “Юбілейны тыдзень” народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. З нагоды 120-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры слухачам будуць прадстаўлены радыёспектаклі і пастаноўкі паводле яго твораў.

Жыццё і актыўная грамадская дзейнасць Кандрата Крапівы – гэта адначасова значная частка гісторыі нашай краіны. Кандрат Атраховіч (сапраўднае імя пісьменніка) з’яўляўся ўдзельнікам яшчэ Першай сусветнай вайны, а ў Вялікую Айчынную ствараў з паплечнікамі газету “За Савецкую Беларусь” і сатырычны агітплакат “Раздавім фашысцкую гадзіну”. Пасля вайны працаваў дырэктарам Інстытута мовы і літаратуры АН БССР, а пазней – віцэ-прэзідэнтам Акадэміі навук..

Творчасць Кандрата Крапівы – з’ява ўнікальная і адметная для беларускай літаратуры. Гэта байкапісец такога ўзроўню, як Эзоп – для антычнай літаратуры, Ж. Лафантэн – для французскай, а Іван Крылоў – для рускай. Напэўна, немагчыма знайсці беларуса, які не ведаў хоць бы адной байкі Кандрата Крапівы. Акрамя таго, гэта выдатны драматург, які мог, як высмеяць чалавечыя заганы ў сваіх камедыях (“Хто смяецца апошнім”, “Брама неўміручасці” і інш.), так і стварыць лірычную п’есу (“Пяюць жаваранкі”).

На працягу “Юбілейнага тыдня” ў 22:05 у “Тэатры Беларускага радыё”  прагучаць наступныя радыёкампазіцыі спектакляў Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы паводле п’ес  Кандрата Крапівы: 29 лютага і 1 сакавіка – “Партызаны” (1953), 2 і 3 лютага – “Людзі і д’яблы” (1964), 4 і 5 сакавіка – “Брама неўміручасці” (1982), 6 і 7 сакавіка – “Хто смяецца апошнім”.

Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: