З 19 кастрычніка ў “Тэатры Беларускага радыё” -- “Юбілейны тыдзень” Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы да яго 95-годдзя.
У фондах Беларускага радыё захоўваюцца сотні радыёверсій спектаклей купалаўскага тэатра і радыёспектаклей і пастановак з удзелам артыстаў-купалаўцаў. Першыя з іх былі запісаны яшчэ ў канцы саракавых -- пачатку 50-х гадоў мінулага стагоддзя. А ўвогуле за гады нашага доўгага і плённага супрацоўніцтва сабрана унікальная літаратурна-мастацкая фанатэка паводле лепшых твораў беларускай, рускай і замежнай літаратуры.
На гэтым, “Юбілейным тыдні”, ў “Тэатры Беларускага радыё” прагучаць:
19 і 20 кастрычніка – радыёкампазіцыя ў дзвюх частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Хто смяецца апошнім” па аднайменнай п’есе народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Рэжысёры пастаноўкі Іосіф Раеўскі і Леанід Рахленка. У ролях Гарлахвацкага і Зёлкіна -- народныя артысты СССР Леанід Рахленка і Барыс Платонаў. Год запісу – 1951.
21 і 22 кастрычніка – радыёкампазіцыя ў дзвюх частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Трыбунал” па аднайменнай п’есе народнага пісьменніка Беларусі Андрэя Макаёнка. Рэжысёр-пастаноўшчык – Валерый Раеўскі. У галоўных ролях Цярэшкі Калабка і яго жонкі Паліны – народныя артысты СССР Генадзь Аўсяннікаў і Галіна Макарава. Год запісу – 1975.
23 і 24 кастрычніка – радыёкампазіцыя ў дзвюх частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Раскіданае гняздо” па аднайменнай драме народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Рэжысёр-пастаноўшчык – Барыс Луцэнка, рэжысёр радыёкампазіцыі – Соф’я Гурыч. У ролях Лявона Зябліка і яго жонкі Марылі – народны артыст Беларусі Павел Кармунін і народная артыстка СССР Стэфанія Станюта. Год запісу – 1982.
25 і 26 кастрычніка -- радыёкампазіцыя ў дзвюх частках спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Напісанае застаецца” па аднайменнай п’есе драматурга Алеся Петрашкевіча. Рэжысёр-пастаноўшчык Аляксандр Шалыгін, рэжысёр радыёкампазіцыі Соф’я Гурыч. У галоўнай ролі Францыска Скарыны – заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь Уладзімір Рагаўцоў. Год запісу – 1980.