Сёлетні юбілей народнага артыста Беларусі Віктара Манаева шчасліва супаў з чарговай узнагародай. Дзяржаўная прэмія Рэспублікі Беларусь прысуджана яму за выкананне ролі прыстава Кручкова ў спектаклі “Пінская шляхта” па п’есе В.Дуніна-Марцінкевіча. Дзве гэтыя падзеі сталіся цудоўнай нагодай правесці на хвалі Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё “Юбілейны тыдзень” Віктара Манаева ў штодзённым праекце “Тэатр Беларускага радыё”.
Імя гэтага артыста-купалаўца даўно ўжо сталася знакавым для нацыянальнай сцэны. Ён, сапраўды, валодае рэдкай для драматычнага акцёра ўласцівасцю: усе ўвасобленыя ім ролі станавіліся яркай падзеяй тэатральнага жыцця краіны. Згадаем, напрыклад, яго Лёньку Адуванчыка ў спектаклі “Радавыя” Аляксея Дударава, Гаральда ў “Гаральд і Мод” Коліна Хігінса, Нормана ў “Касцюмеры” Рональда Харвуда, Мікіту Зносака ў “Тутэйшых” Янкі Купалы, Дзеда Жабрака ў “Сымоне-музыку” паводле аднайменнай паэмы Якуба Коласа, нарэшце – Кручкова ў “Пінскай шляхце” Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча. За кожнай роляй – непаўторны акцёрскі вобраз.
А яшчэ Віктар Манаеў – з кагорты “радыйных” артыстаў, тых, хто мае сваю акцёрскую біяграфію на Беларускім радыё, і доўжыцца яна з 1981 года. Адзін з яго першых радыёспектакляў -- “Салют, дыназаўрам” рэжысёра Аляксандра Вавілава, дзе Манаеў сыграў галоўную ролю хлопца-падлетка разам са знакамітай Стэфаніяй Станютай і адкрыў для сябе прыцягальную моц такога унікальнага мастацкага жанра, як радыётэатр.
Сёння ў фондах Беларускага радыё захоўваюцца дзесяткі радыёспектаклей, пастановак, інсцэніраваных казак, у якіх народны артыст Беларусі Віктар Манаеў выконвае галоўныя ролі. Самыя вядомыя з іх вы пачуеце ў штодзённым праекце “Тэатр Беларускага радыё” з 25 лістапада па 2 снежня -- пачатак у 21.00. На нашай тыднёвай афішы -- радыёспектакль у трох частках “Каласы пад сярпом тваім” паводле аднайменнага рамана Уладзіміра Караткевіча (В. Манаеў -- Алесь Загорскі, год запісу – 1986), радыёкампазіцыя спектакля ў дзвюх частках Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы “Радавыя” па аднайменнай п’есе Аляксея Дударава (Лёнька Адуванчык, 1985), радыёкампазіцыя спектакля ў трох частках Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Я.Купалы “Тутэйшыя” па аднайменнай п’есе Янкі Купалы (Мікіта Зносак, 2011).