З 1 па 7 лютага 2016 года ў “Тэатры Беларускага радыё” --“Юбілейны тыдзень” народнай артысткі Беларусі Веры Пола да 115-годдзя з дня нараджэння.
Народная артыстка Беларусі Вера Пола больш за паўстагоддзя працавала ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы. Прафесійную падрыхтоўку атрымала ў славутага Еўсцігнея Міровіча. Актрыса яркага камедыйнага таленту, які найбольш праявіўся ў беларускай драматургіі. Кожны вобраз прасякнуты народным гумарам, багаццем інтанацый моўнай характарыстыкі персанажаў. Адной з першых значных роляў была Малання ў спектаклі Міровіча “Кар’ера таварыша Брызгаліна”. Гледачам запомніліся многія жаночыя вобразы, створаныя Верай Пола: Агата ў “Паўлінцы” Я.Купалы, “Марыля” ў “Бацькаўшчыне” К.Чорнага, Прастакова ў “Недаростку” Дз.Фанвізіна, Лябёдкіна ў “Познім каханні” А.Астроўскага ды іншыя. За выкананне ролі Паўліны Бохан ў спектаклі “Спяваюць жаваранкі” па п’есе К.Крапівы Вера Пола ў 1952-м годзе атрымала Дзяржаўную прэмію СССР. Здымалася ў фільмах, пастаўленых паводле беларускай класікі, выступала на эстрадзе, як выканаўца народных беларускіх песень.
У фондах Беларускага радыё захоўваецца некалькі радыёспектаклей і пастановак з удзелам народнай артысткі Беларусі Веры Пола.
На гэтым “Юбілейным тыдні” ў “Тэатры Беларускага радыё” слухайце:
1 лютага – радыёспектакль “Прымакі” па п’есе Янкі Купалы. Рэжысёр – Павел Данілаў. У ролі Паланеі -- народная артыстка Беларусі Вера Пола. Год запісу – 1959.
2 і 3 лютага – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Цытадэль славы” па п’есе Кастуся Губарэвіча. Рэжысёр-пастаноўшчык -- народны артыст СССР Канстанцін Саннікаў. У ролі Надзеі Пятроўны Калеснікавай, жонкі камісара палка – народная артыстка Беларусі Вера Пола. Год запісу - 1951. А таксама прагучыць радыёпастаноўка “Казка пра рыбака і рыбку” паводле аднайменнай казкі Аляксандра Пушкіна. У ролі бабы – Вера Пола. Год запісу – 1952.
4 і 5 лютага – радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Пяюць жаваранкі” па аднайменнай п’есе народнага пісьменніка Беларусі Кандрата Крапівы. Рэжысёр-пастаноўшчык – народны артыст СССР Канстанцін Саннікаў. Музыка кампазітара Рыгора Пукста. У ролі Паўліны Бохан – народная артыстка Беларусі Вера Пола. Год запісу – 1952.
6 і 7 лютага -- радыёкампазіцыя спектакля Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы “Паўлінка” па аднайменнай п’есе народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Рэжысёр-пастаноўшчык Леў Літвінаў. У ролі Агаты – народная артыстка Беларусі Вера Пола. Год запісу – 1952.
Пачатак эфіру - у 22:05.