Падзяліцца:
23 лістапада 2015

З 23 лістапада ў “Тэатры Беларускага радыё” -- “Юбілейны тыдзень” пісьменніка Уладзіміра Караткевіча да 85-годдзя з дня яго нараджэння.

Вывучаць спадчыну Уладзіміра Караткевіча  сёння можна не толькі па  выдадзеных  кнігах пісьменніка,  але і паводле перастварэння яго твораў сродкамі аўдыёзапісу. Можна гаварыць нават пра асобны радыётэатр пісьменніка на Беларускім радыё, рэпертуар якога налічвае амаль 40 назваў мастацкіх прац.  І ў нашых слухачоў  ёсць  магчымасць быць сведкамі гэтага багацейшага аўдыёсвету, у якім жывуць і дзейнічаюць героі Караткевічавых твораў.

Крытык Ала Сямёнава некалі дакладна заўважыла, што “пяро ва Уладзіміра Караткевіча было падуладнае  магутнай, стваральнай – сонечнай стыхіі яго таленту”. Магчыма, адсюль варта шукаць разгадку вялікай цікавасці рэжысёраў радыё да спадчыны пісьменніка ў розныя часы. Радыёспектаклі пастаўлены паводле асноўных раманаў У.Караткевіча: “Каласы пад сярпом тваім” (1986г.),  “Нельга забыць” (1985г.), “Чорны замак Альшанскі” (1983г.),  аповесцей:  “У снягах драмае вясна” (1990г.), “Ладдзя Роспачы” (1993г.),  шматлікіх апавяданняў і казак,  па трох  п’есах: “Млын на Сініх Вірах” (1959г.), “Званы Віцебска” (1979г.), “Кастусь Каліноўскі” (1979г.), запісана таксама некалькі літаратурна-музычных кампазіцый паводле вершаў.

На гэтым, “Юбілейным тыдні”,  прагучаць:

23 і 24 лістапада --  радыёкампазіцыя  спектакля Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа “Кастусь Каліноўскі” па аднайменнай п’есе Уладзіміра Караткевіча. Рэжысёр пастаноўкі Валерый Мазынскі, музыка кампазітара Сяргея Картэса, рэжысёр радыёкампазіцыі Аляксандр Вавілаў. У галоўнай ролі Кастуся Каліноўскага – народны артыст Беларусі Уладзімір Куляшоў. Год запісу – 1979.

25-28 лістапада  – радыёспектакль  “Каласы пад сярпом тваім” паводле рамана Уладзіміра Караткевіча. Аўтар інсцэніроўкі для радыё і рэжысёр пастаноўкі Валерый Анісенка. Музыка кампазітара Алега Залётнева.  У галоўнай ролі Алеся Загорскага – народны артыст Беларусі Віктар  Манаеў. Год запісу – 1986-ы.

29, 30 лістапада і 1 снежня - радыёспектакль “Нельга забыць” паводле рамана Уладзіміра Караткевіча “Леаніды не вернуцца да зямлі”.  Аўтар інсцэніроўкі для радыё – Тамара Абакумоўская, рэжысёр пастаноўкі Валерый Анісенка, кампазітар Алег Залётнеў. У галоўных ролях Андрэя Грынкевіча і Ірыны Горавай  – народны артыст СССР Віктар Тарасаў і артыстка Галіна Кухальская.    Год запісу -- 1985.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: