
У Оршы прайшоў карпаратыўны кірмаш вакансій - першы ў Віцебскай вобласці. Мясцовыя ўлады арганізавалі сустрэчу прадстаўнікоў прадпрыемстваў лёгкай прамысловасці і беспрацоўных. Адны прапаноўвалі варыянты працаўладкавання, другія запісваліся на курсы па перападрыхтоўцы кадраў. Усяго на кірмашы вакансій пабывала каля паўсотні аршанцаў, - падлічыла наш карэспандэнт Святлана Машканава.
Аршанец
Яўген Гурскі па адукацыі бухгалтар-эканаміст. Пошукі работы вядзе не адзін месяц. Пачуў пра кірмаш вакансій і вырашыў прыйсці.
«Патрэбная праца. Талковая праца, за якую будуць плаціць грошы».
Аднак на гэты раз яму не пашанцавала – наймальнікі шукаюць швачак. Але пакінуць заяўку тут можа кожны, - гаворыць намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Віцебскага аблвыканкама
Ірына Мацвеева.
«Аршанскі кірмаш вакансій крыху адрозніваецца тым, што ён - па відах эканамічнай дзейнасці. Мы не збіраем сёння ў цэлым усіх беспрацоўных і ўсіх наймальнікаў. І хочам паглядзець, наколькі гэта дасць больш якасны эфект. Сёння будуць прадпрыемствы лёгкай прамысловасці, і жадаючыя (натуральна, беспрацоўныя), я так думаю, што гэта будуць у асноўным жанчыны. Тыя, якія б хацелі і маглі працаваць менавіта ў сферы лёгкай прамысловасці».
Вакансіі беспрацоўным прапаноўвалі мясцовыя швейныя прадпрыемствы розных формаў уласнасці. Іх прадстаўнікі расказвалі аб вытворчасці, умовах працы, сацыяльным пакеце. На кірмашы можна было і запісацца на курсы па перападрыхтоўцы кадраў. Гаворыць аршанка
Таццяна Дадзекіна.
«Гэта, канечне, лепш, чым спісы вакансій. Кожны можа падысці проста да кіраўніка, можа штосьці канкрэтнае спытаць… Запісалася на курсы прадаўца, спадзяюся, у далейшым будзе што-небудзь лепшае».
На сёння ў Віцебскай вобласці статус беспрацоўных маюць каля 6 тысяч жыхароў. У Оршы іх 350. Мясцовыя ўлады імкнуцца паменшыць колькасць тых, хто знаходзіцца на ўліку ў цэнтры занятасці насельніцтва. Адзін з варыянтаў – брыгады для грамадскіх работ, - гаворыць намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама
Сяргей Пац.
«Гэта і сельская гаспадарка, гэта і па сельсаветах. Канечне, мы разумеем, што людзей сёння трэба працаўладкаваць. Зараз вясенне-палявыя работы пачнуцца, адпаведна, ёсць магчымасць перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы папрацаваць».
Хто шукае, той знаходзіць. Падобныя кірмашы у бліжэйшы час пройдуць ва усіх рэгіёнах Віцебшчыны.