Падзяліцца:
«Вечар цяжкага дня. Кропкі над “і”». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё)
3 красавіка 2019
«Вечар цяжкага дня. Кропкі над “і”». Радыёблог Аляксандра Шустэра (аўдыё) У Брэсце ў гэтыя дні праходзіць “Фінал чатырох” СЕХА-Лігі - cпаборніцтва, якое ў жніўні дэкларавалася як пляцоўка для абкаткі моладзі, раптам стала для БГК галоўным турнірам у сезоне. І не пасля вылету з Лігі Чэмпіёнаў – усё ж мала хто разлічваў на пазітыўны вынік дуэлі з “Фленсбургам”. А тады, калі арганізатары агучылі намер правесці Фінал у Брэсце – зрабіць такі падарунак да 1000-годдзя. У тым, што горад справіцца, сумненняў не было – два гады таму ўсё прайшло на вышэйшым узроўні. Вось толькі з датамі выйшла не вельмі гладка. Падыходзячы для такой падзеі уік-энд знайсці не ўдалося. На гэтым тыдні ў тым жа Палацы спорту “Вікторыя” Брэсту ўрачыста будуць перадаваць тытул Культурнай сталіцы СНД. Наступны зарэзервіраваны для матчаў зборных. А яшчэ праз тыдзень адзін з удзельнікаў, “Нэксэ”, павінен быў гуляць у Кубку ЕГФ. Харваты, праўда, да чвэрцьфінала не дабраліся, але штосьці мяняць было позна. Зрэшты, на наведвальнасці прынамсі паядынку з удзелам гаспадароў “вечар цяжкага дня” не адбіўся. Балельшчыкі пачалі сцягвацца на “далёкі ўсход” (“Вікторыя” размешчана, мякка кажучы, не ў цэнтры Брэста”), такое адчуванне, прама пасля працы, і не толькі не пакінулі ні аднаго з амаль 4-рох тысячаў месцаў вольным, але і як заўсёды, забяспечылі гучную падтрымку, з якой брэсцкі клуб даўно лічыцца ў Еўропе нязручным і кусачым сапернікам у родных сценах. Такая рэпутацыя, дарэчы, стала прычынай гульні з лічбамі ў апошнім туры рэгулярнага сезона, калі “Заграб” нечакана саступіў дома “Татрану”. Нягледзячы на заяву трэнера – маўляў, саперніка па Фінале чатырох выбіраць не будзем, падзеі на пляцоўцы казалі пра адваротнае. Харваты відавочна вырашылі – лепей дэрбі з “Нэксэ” і рабілі ўсё, каб пазбегнуць 1-га месца. Гульні праходзілі не сінхронна, і на той момант ужо было вядома, што БГК застанецца чацвёртым. Так беларусам ужо ў паўфінале дастаўся самы моцны сапернік і ў пэўным сэнсе – пасля выхаду “Веспрэма” з Лігі – яе галоўны “брэнд”. Гісторыя супрацьстаяння ў фінальных баталіях – не на карысць БГК; наша каманда двойчы сустракалася з “Вардарам” і абодва разы мацней былі македонцы. Тым не менш, статыстыка гэтага сезона, прычым не столькі нават у СЕХА-Лізе, колькі хатні лігачэмпіёнскі матч (там была нічыя, заваяваная гасцямі ў апошняй атацы), дадавалі аптымізму. Прынамсі, зачапіцца за роўны лік, не даваць саперніку адрывацца на працягу матча, а ў вырашальны момант спадзявацца на выдаленні сапернікаў, надзейнасць галкіпера Пешыча і фарт у атацы – такая задача бачылася вырашальнай. І яна вырашалася да пэўных момантаў. Першым сталі дзве хвіліны штрафа “македонца” Калараша – здавалася, вось ён, шанс. Але замест адрыву БГК зваліўся ў піке, і сышоў на перапынак з -4. Тым больш гераічнай выглядала першая палова тайма другога. Трэба было бачыць і чуць, што рабілася на трыбунах, калі лік спачатку стаў роўным, а потым і ўвогуле +1! Здавалася, “Вардар” крышыцца і рассыпаецца, і толькі майстэрства і жалезная вытрымка лінейнага Стоілава дапамагла ў гэтыя хвіліны гасцям выстаяць. А пасля здарылася выдаленне Славы Шумака, галявая помста Карачыча, якога заваліў на паркет беларускі волат, і пустыя вароты БГК, у якія са здзекам, прабегшы праз усю пляцоўку, закінуў Данііл Шышкароў. 21:23 – гэта, у прынцыпе, яшчэ адыгрывалася. Але вера гасцей у свае сілы была настолькі моцнай, а разгубленасць Брэста – такой відавочнай, што ўсім стала зразумела - з першым міжнародным трафеем нам прыйдзецца пачакаць. Ігракі БГК, з якімі я гутарыў пасля матчу, канешне, не хавалі расчаравання, але і апусціўшымі рук не выглядалі. Як адзначыў Максім Баранаў – канешне, прайграваць дома непрыемна ўдвая, але не трэба забываць: ёсць яшчэ гульня за 3-е месца. Ці хопіць на яе запалу ў гаспадароў – даведаемся сёння. Харвацкі “Нэксэ” – таксама моцны сапернік, але ўсё ж не “Вардар”. Калі не атрымалася пазмагацца за Кубак, то вымпел з бронзавым надпісам пад столлю “Вікторыі” яшчэ з’явіцца можа. Тым часам кіраўніцтва СЕХА-Ліга падзялілася планамі на наступны сезон. Ёсць намер павялічыць колькасць удзельнікаў з 10 да 12 і разбіць іх на дзве групы, запрасіць каманды з Венгрыі і Славеніі. Канчатковы фармат вызначыцца ў бліжэйшы час.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: