
На тыдні споўнілася 20 гадоў, як прыняты Працоўны кодэкс незалежнай Беларусі; сімвалічна і так супала, што на тыдні Прэзідэнт падпісаў закон, якім уносяцца змяненні ў гэты заканадаўчы акт. Іх навукоўцы разглядаюць як трэцюю рэформу працоўнага заканадаўства за два дзесяцігоддзі. Працоўны кодэкс прыйшоў на змену Кодэксу законаў аб працы БССР. Заўважу, што Рэспубліка Беларусь на тры гады раней, чым Расійская Федэрацыя, яго прыняла.
Мае разважанні сёння – пра новыя змяненні ў заканадаўстве аб працы. Яны прадыктаваны часам і закранулі амаль 170 артыкулаў Працоўнага кодэкса. Мэта іх – стварыць умовы для эфектыўнай і гнуткай занятасці грамадзян і пашырэння сацыяльна-працоўных гарантый работнікаў. Дакумент уступіць у сілу праз паўгода пасля афіцыйнага апублікавання.
Уведзены дадаткова раздзел 25 штрых, які рэгулюе новы інстытут – дыстанцыйныя формы працы. Уключэнне гэтай нормы ў сістэму працоўных адносін зроблена на перспектыву – каб у будучыні не страціць вялікі сегмент рынку працы. У гэтым раздзеле абноўленага Працоўнага кодэкса рэгулюецца праца работнікаў у мабільным рэжыме, з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій па-за месцам знаходжання наймальнікаў. Для Беларусі гэта вялікі крок наперад. Міжнародная арганізацыя працы, увесь свет абмяркоўваюць гэтыя пытанні – што рабіць з лічбавай эканомікай, як развіваць працоўнае заканадаўства з гэтых пазіцый.
Заўважу, важныя змяненні да жыцця выкліканы тым, што ў Беларусі, як і ў свеце, дынамічнае развіццё атрымалі інфармацыйна-камунікатыўныя тэхналогіі, наша краіна абвясціла курс на стварэнне лічбавай эканомікі, што заканадаўча падмацавана адпаведным дэкрэтам Прэзідэнта.
Як падлічылі эканамісты, існуе не менш за 150 прафесій і спецыяльнасцей, выкананне працы па якіх не патрабуе прысутнасці ў офісе наймальніка. А значыць, чалавек можа працаваць дыстанцыйна, прад’яўляючы вынікі працы па каналах сувязі, у інтэрнэце. І зараз такая магчымасць урэгулявана заканадаўча. У Працоўным кодэксе прадугледжваецца, каб пры заключэнні працоўнага дагавора дакладна вызначалася, што праца з’яўляецца дыстанцыйнай. У звычайнага работніка ў дагаворы ўказваецца месца працы. Калі ён не з’явіцца на працоўнае месца, гэта лічыцца прагулам. Пры дыстанцыйнай занятасці гэта не так. Усе гарантыі і правы, якія прадастаўлены звычайным работнікам, павінны быць даступныя і тым, хто працуе аддалена. Усё гэта дазваляе чалавеку працаваць дзе заўгодна – у знятым офісе, дома, на дачы і вынікі працы прад’яўляць дыстанцыйна.
Усё гэта добра. Адна толькі акалічнасць не ўлічана пакуль што заканадаўцам. І на гэта звярнулі ўвагу ў маёй нядзельнай аўтарскай праграме “Акцэнты” вучоныя – прадстаўнікі грамадскага аб’яднання “Супольнасць працоўнага права”. Каб распачаць дзейнасць у дыстанцыйнай форме занятасці, трэба сустрэцца з наймальнікам, заключыць дагавор. А калі выканаўца з-за мяжы, ці мэтазгодна прыязджаць у Беларусь? Калі сказалі “А”, то чаму не сказаць “Б” і афармленне на працу таксама зрабіць дыстанцыйным? Ёсць жа электронны подпіс і ён узаконены ў Беларусі. Напрыклад, я ў “Прыёрбанку”, калі атрымліваю пенсію з касы, стаўлю электронны подпіс. Абмяняліся наймальнік з работнікам электронымі дакументамі – і чалавек аформлены. Думаю, што гэта крок для далейшага ўдасканалення Працоўнага кодэкса.
Заўважу, з увядзеннем дыстанцыйнай формы працы мы даганяем партнёраў па ЕАЭС. Казахстан адпаведныя змяненні ўнёс у працоўнае заканадаўства 8 годаў таму. Расія таксама апярэдзіла нас у гэтым. Таму, каб адпавядаць сучасным тэндэнцыям, беларускі заканадаўца ўнёс адпаведныя змяненні ў Працоўны кодэкс.
Ну і, зразумела, шэраг іншых навел з’явіўся. Частка іх датычыцца адпачынку. Так, напрыклад, прадугледжаны водпуск бацьку (вотчыму) пры нараджэнні дзіцяці. Лічыцца ён сацыяльным, без аплаты, не будзе абавязковым, а па жаданні. Не трэба блытаць з дэкрэтным, які ў Беларусі могуць выкарыстаць, як маці, так і бацька, іншыя сваякі. Два тыдні сацыяльнага адпачынку прызначаны, каб дапамагчы жонцы справіцца з хатнімі справамі, доглядам немаўляці. І не абавязкова адразу пасля нараджэння дзіця. Хай сабе і праз паўгода.
Увогуле, наша працоўнае заканадаўства ўдасканальваецца па трох галоўных напрамках: прывядзенне Працоўнага кодэкса ў адпаведнасць з новым заканадаўствам. Напрыклад, частка норм утрымлівалася ў нарматыўных актах Прэзідэнта: дэкрэтах №5 і №29, указе №180. Другі напрамак – змяненне і ўдасканаленне заканадаўства з улікам практыкі прымянення. Апошні напрамак – павышэнне гнуткасці працоўнага заканадаўства.
Працоўнаму кодэксу 20 гадоў. Трэцяя рэформа наблізіла яго да сённяшніх рэалій. І скіравана на павышэнне эфектыўнасці працоўных адносін, каб яны адпавядалі сучаснай сацыяльна-эканамічнай палітыцы дзяржавы.