
У Беларусі вядзецца пошук пунктаў росту эканомікі, некаторыя з іх закладзены ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця. Разлік на аддачу ад некалькіх буйных інвестыцыйных праектаў, ад разняволення малога і сярэдняга бізнесу, паскоранага развіцця IT-сферы, транспартных паслуг, прыцягненне дадатковых інвестыцый, як на рэзерв.
На пошук пунктаў росту скіраваны і намаганні галін эканомікі. Такі прыклад я разгледзеў у правядзенні Першага Міжнароднага навукова-тэхнічнага форуму па хімічных тэхналогіях і нафтаперапрацоўцы “Нафтахімія-2018”, арганізаванага Беларускім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам сумесна з канцэрнам “Белнафтахім”, НАН Беларусі і іншымі зацікаўленымі арганізацыямі. Больш як з 15 краін у ім удзельнічалі навукоўцы і прадстаўнікі рэальнага сектара эканомкі. Шэсць пагадненняў заключана, прэзентавана адкрыццё Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра нафтагазахімічных тэхналогій і вытворчасцей. Арганізаваны кансорцыум у галіне навукі і адукацыі з Польшчай. Што называецца, ідэі, агучаныя на форуме, адразу сталі ўвасабляцца ў практыку.
А вось адно з прадпрыемстваў у сферы лакафарбавых тэхналогій у хуткім часе будзе інвестарам і прывядзе ў Беларусь перадавыя тэхналогіі. Зараз жа ажыццёўлены пілотны праект – тэхналогія выкарыстана пры фарбаванні новага моста праз Прыпяць. Дзякуючы перадавой тэхналогіі, фарбаваць яго не прыйдзецца ні праз тры, ні праз пяць гадоў. Такую тэхналогію выкарыстаоўваюць падчас пракладкі трубаправодаў па дне мора. У гэтага сямейнага прадпрыемства з Фінляндыі цвёрды намер адкрыць вытворчасць у Беларусі.
Інвестыцыі і тэхналогіі просяцца ў нашу краіну і з другога боку Еўропы – з Румыніі. Тое, што я пачуў з вуснаў прадстаўніка патэнцыяльнага інвестара, здзівіла і ўзрадавала. Ёсць у нас смеццеперапрацоўчыя заводы, але такога, каб да 100 працэнтаў перапрацоўваліся цвёрдыя бытавыя адходы, няма. Усё роўна з 30 працэнтамі даводзіцца змагацца саматужным спосабам. Прапануемую тэхналогію пакуль што не мае ніводная краіна. Вытворца гатовы прымяніць сваё ноў-хаў у Беларусі.
І сам форум з прэзентацыяй тэхналагічных навінак, і выстава інавацыйнай прадукцыі ў сферы нафтахімічнай вытворчасці, і конкурс стартапаў у гэтай сферы, і стварэнне галіновага РНПЦ на базе БДТУ – з’явы аднаго парадку, – скіраваныя на пошук новых пунктаў росту нашай эканомікі. І ўсе мы ў гэтым зацікаўлены. Ёсць надзея, што праекты, якія наспелі ў нафтагазавай сферы і хімічных тэхналогіях, хутка будуць рэалізаваны.
Крокі па наладжванні камфортнага бізнес-клімату ўжо прывялі да нас сур’ёзных інвестараў. І такі прыклад я ведаю. Давялося пабываць на прадпрыемстве “Штадлер” у Фаніпалі. Закрытае акцыянернае таварыства плануе да канца года падвоіць вытворчыя магутнасці. Зараз штогод тут вырабляецца 150 вагонаў. Паводле слоў дырэктара "Штадлер Мінск" Філіпа Брунера, плануецца ўжо сёлета гэту лічбу давесці да трохсот. Аб'ём інвестыцый у вытворчасць сёлета складзе амаль $15 млн, $10 млн – у наступным годзе.
Заканадаўчая база для прыцягнення інвестыцый за апошнія гады сур’ёзна ўдасканалілася, сістэмная работа па павышэнні міжнароднага іміджу Беларусі, як краіны з дабратворнымі ўмовамі для вядзення бізнесу, працягваецца. А гэта ў нас – рэзерв і дадатковы пункт росту. Калі так пойдзе справа і надалей, больш ахвотна будуць прыходзіць у Беларусь інвестары і прыносіць грошы, тэхналогіі і новыя метады карпаратыўнага кіравання.