Падзяліцца:
«Вердыкт. Беларусь і Куба: акіян сяброўству не перашкода!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
29 кастрычніка 2019
«Вердыкт. Беларусь і Куба: акіян сяброўству не перашкода!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Апошнім тыднем актывізаваліся беларуска-кубінскія стасункі – адбыліся сустрэчы на вышэйшым узроўні, якія пацвердзілі сяброўскія адносіны на новым этапе. Падмурак гэтай дружбы закладзены яшчэ ў часы, калі Беларусь, як і іншыя краіны, выступала супраць эканамічнай блакады Вострава Свабоды з боку ЗША. Беларусь пацвердзіла сваю партнёрскую пазіцыю ўдзелам у падрыхтоўцы кадраў для маладой дзяржавы. Тады тысячы студэнтаў прыехалі ў СССР атрымліваць вышэйшую і сярэднюю спецыяльную адукацыю. Нашы вучоныя выязджалі на Кубу, каб там рыхтаваць навуковыя кадры. Вось чаму хочацца звярнуцца да гэтай тэмы. Тым больш, што на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў мне ўшчыльную даводзілася сутыкацца і кантактаваць з кубінцамі і праз гэта спазнаваць іх характар. Упершыню давялося блізка пазнаёміцца з кубінскімі студэнтамі, калі быў фотакарэспандэнтам інтэрнацыянальнага аўтацягніка «Дружба» у 1975 годзе, мэта якога – пазнаёміць замежных студэнтаў з Беларуссю. У адным з сямі аўтобусаў была кагорта кубінцаў. Яны мне падаліся вельмі вясёлымі і жыццярадаснымі. Бывала, выйдзем з аўтобуса хоць на часовы адпачынак, яны са сваімі музычнымі інструментамі ўжо выступаюць. І заўсёды вакол іх збіраліся гледачы. Канечне, кубінцы – перакананыя рэвалюцыянеры, як і іх шматгадовы лідар Фідэль Кастра. Памятаю, калі наш аўтацягнік даехаў да Нарачы, павінен быў выступаць перад адпачываючымі ансамбль палітычнай песні «Гранада» з МДУ імя Ламаносава, але аўтобус з артыстамі затрымаўся. Поўная зала гледачоў была ў чаканні. Сітуацыю выратаваў кубінскі аспірант. Выйшаўшы на сцэну, гэту замінку пераўтварыў у найцікавейшую лекцыю на рускай мове пра падзеі ў Лацінскай Амерыцы, у тым ліку пра пабудову кубінскім народам новага жыцця ва ўмовах эканамічнай блакады з боку ЗША. Пазней, калі я і сам стаў лектарам, успамінаў, як гэты хлопец з лёгкасцю авалодаў увагай вялікай аўдыторыі і ўтрымліваў да прыезду «Гранады». У 70-80-я гады мінулага стагоддзя Беларусь аказвала Кубе падтрымку ў падрыхтоўцы кадраў для сістэмы адукацыі. Тады я працаваў у Мінскім педінстытуце імя Максіма Горкага і назіраў, як усё гэта адбывалася. Тут вучыліся студэнты і аспіранты з Кубы. Пад кіраўніцтвам нашых прафесараў і дацэнтаў дзясяткі аспірантаў абаранілі кандыдацкія дысертацыі. І зараз не здзіўляюся, што на Кубе самая перадавая сістэма адукацыі ў Лацінскай Амерыцы. Асновы яе ствараліся ў тым ліку і ў Беларусі. Тады прайшлі праз аспірантуру ў Беларусі і сталі кандыдатамі навук па розных навуковых напрамках спецыялісты з Кубы. Двух я добра ведаў і пасябраваў. Аскар Элехальдэ і Суарэс зараз у сістэме вышэйшай адукацыі на Кубе займаюць высокія пасады. І тое, што Куба ў сферы адукацыі, медыцыны, фармацэўтыкі лідзіруе ў Лацінскай Амерыцы – заслуга людзей, якія ў свой час у Савецкім Саюзе атрымалі грунтоўную адукацыю. Перакананне ў тым, што зараз і нам ёсць чаму павучыцца ў Кубы я вынес, калі па журналісцскіх справах мне давялося прысутнічаць у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь на сустрэчы з рэктарам падобнай навучальнай установы з Кубы. Я для сябе адзначыў, што на Кубе магістратура арганічна ўплецена ў сістэму кар’ернага росту. У нас, калі праз навуковую магістратуру людзі ідуць у аспірантуру і абараняюць кандыдацкія дысертацыі, то практыкаарыентаваная на кар’ерны рост ніяк не ўплывае. І тут бы вопыт Кубы нам быў цікавы і карысны. Для мяне Куба – яшчэ і сямейны інтарэс. Абедзве мае пляменніцы ў сярэдзіне 80-х гадоў, студэнткі музычна-педагагічнага факультэта педінстытута, былі запрошаны на навагодні баль у Мінскае вышэйшае ваенна-палітычнае вучылішча. Знаёмства з кубінскімі курсантамі Ёлем Гансалесам і Актавіа перарасло ў каханне і абедзве пабраліся шлюбам. Вяселле з удзелам кубінцаў, што вучыліся ў Мінску, было вясёлым. Калі я рыхтаваўся да ўступнага экзамену ў аспірантуру па іспанскай мове, а потым і да кандыдацкага, мне дапамагаў Ёль Гансалес, за што яму вельмі ўдзячны. У маёй пяцёрцы на ўступным экзамене ёсць і яго заслуга. Мы сёння мала ведаем пра Кубу. У пачатку 2000-х гадоў, каб выказаць пазіцыю дзяржавы і сваю асабіста, Фідэль Кастра выступаў з каментарыямі. І да нас па дыпламатычных каналах яны паступалі. Я тады вёў на радыё рубрыку «Палітычны каментарый» і часта звяртаўся да меркаванняў камандантэ па актуальных пытаннях палітыкі. Гэта была ідэалогія кубінскіх камуністаў. Ідэолагам партыі выступаў сам Фідэль Кастра Рус. Пазней, калі Фідэля не стала, увесь свет даведаўся пра яго палітычны запавет не ўзносіць камандантэ, каб ні ў кога не ўзнікала думка пра культ яго асобы. Вось такім сціплым і адначасова непрымірымым барацьбітом з імперыялізмам быў нязломны рэвалюцыянер, які разам з паплечнікамі рабіў рэвалюцыю, абараняў яе заваёвы, перанёс шматлікія замахі на жыццё і застаўся верным рэвалюцыі да канца. Як не захапляцца такім іспалінам у палітыцы? Гэта гонар кубінскага народа! На новым узроўні сёння знаходзяцца беларуска-кубінскія стасункі. Прэзідэнты нашых краін у сумеснай заяве пацвердзілі саюзніцкі характар адносін, выпрацавалі сумесныя рашэнні для значнага развіцця гандлю. Пазіцыі бакоў супадаюць па большасці пытанняў глабальнага парадку дня. Выказана гатоўнасць і далей ствараць дабратворныя ўмовы для нашых краін. Лідары падкрэслілі, што ёсць палітычная воля працягваць канструктыўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: