Падзяліцца:
Вердыкт. Беларусь: імідж і брэнд. Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
5 Ліпеня 2017
Вердыкт. Беларусь: імідж і брэнд. Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Імідж Беларусі на міжнароднай арэне палепшыць правядзенне ў Мінску летняй сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пачала работу сёння і працягнецца да 9 ліпеня. Да нас прыехалі больш за тры сотні парламентарыяў з 57 краін Еўропы, Азіі і Паўночнай Амерыкі.
Можна смела дапусціць, што многія з іх ніколі не былі ў Беларусі і маюць пра нашу краіну далёкія ад ісціны ўяўленні, запазычаныя з тэндэнцыйных выступленняў у СМІ. Знаёмства з краінай ўвачавідкі будзе вельмі карысным.
Так павялося яшчэ з часоў СССР, што ўсе савецкія рэспублікі асацыіраваліся на Захадзе з Расіяй. Не моцна змянілася сітуацыя і пасля распаду імперыі. Нанава ўтвораныя дзяржавы –Узбекістан, Малдова ці Беларусь, па інэрцыі, так ці інакш, ўвязваліся з самай буйной краінай постсавецкай прасторы. Памятаю, падчас турыстычных паездак замежнікі, з якімі даводзілася размаўляць, без падказкі не маглі зарыентавацца, дзе знаходзіцца Мінск. І не ўсе ведалі, што гэта сталіца нашай краіны. У саюзных рэспубліках Савецкага Саюза нашу краіну ўспрымалі, як зборачны цэх. Мне неяк за савецкім часам давялося пабываць у Казані на канферэнцыі, дык чысцільшчык абутку ў аэрапорце, хто першы мне сустрэўся, сказаў: "Украіна і Беларусь краіну кормяць». Вялікая доля праўды ў гэтым была. І я ганарыўся тым, што так гавораць пра наш працавіты народ браты ў іншых рэспубліках.
Пазней ўсё ж удалося замацаваць у свядомасці жыхароў замежных дзяржаў ўяўленне пра сябе як пра самастойную дзяржаву з пазітыўным іміджам у тым, што захавалі і памнажаем індустрыяльны патэнцыял, што не дапусцілі разгулу стыхіі, вайны, «каляровых рэвалюцый». Беларусі ўдалося пазбегнуць ўсіх гэтых катаклізмаў. Наадварот, зараз нашу краіну прызнаюць як донара стабільнасці ва Усходняй Еўропе, якая шмат зрабіла для лакалізацыі канфлікту ва Украіне. Таму і Еўрапейскі Саюз па-іншаму стаў ставіцца да нашай краіны. Сведчанне таму – старшынства Беларусі ў Цэнтральна-еўрапейскай ініцыятыве, і правядзенне ў Мінску 26-й штогадовай сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
І хоць пытанняў аб тым, у якой частцы свету знаходзіцца Мінск, ужо практычна не чутна, нельга сказаць, што імідж Беларусі як суверэннай дзяржавы дакладна сфарміраваны за мяжой. Над гэтым трэба працаваць больш эфектыўна, папулярызаваць краіну ў свеце.
Акрамя такіх маштабных мерапрыемстваў, як сённяшняе,  у нашай краіны ёсць бясцэнныя складнікі, дзякуючы якім аўтарытэт рэспублікі ў свеце можа прыкметна вырасці. Па- першае, гэта гісторыя. Нават нашы бліжэйшыя суседзі слаба ведаюць, што дзяржава, якая існавала на беларускіх землях у познім сярэднявеччы (XIII, XIV, XV стагоддзях), займала адно з вядучых месцаў у Еўропе. Сведчанне таму – гістарычныя помнікі якія захаваліся. Іх трэба актыўна прапагандаваць, ўключаць у турыстычныя маршруты, акультурваць і ствараць вакол адпаведную інфраструктуру. Мне не раз даводзілася бачыць, як пасля наведвання таго ж Мірскага замка, Нясвіжа ў замежнікаў змянялася меркаванне пра нашу краіну і пашыраліся ўяўленні пра Беларусь. Калі пабывалі французскія археолагі ў музеі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, яны са здзіўленнем адзначылі, што знойдзеныя на беларускіх землях артэфакты падобныя з іх знаходкамі, а некаторы посуд у цэльнасці захаваўся толькі ў нас.
А значыць, недастатковая ўяўленні пра Беларусь як пра аграрную ды  партызанскую рэспубліку. Хоць і гэта важная частка нашай гісторыі: за асаблівую ролю ў гады другой сусветнай вайны ў разгроме фашыстаў БССР стала адной з краін-сузаснавальніц ААН: ад СССР – сам Савецкі Саюз, Украіна і Беларусь.
Важны наш «козыр» у фарміраванні іміджу – гэта унікальная, шмат у чым некранутая прырода. Пасля шумных магістраляў Еўропы, пустыняў Азіі, спякоты Афрыкі замежнікі трапляюць сюды, як у казку. Трэба больш актыўна рэкламаваць свой прыродны здабытак рознымі сродкамі – праз даведнікі па Беларусі, праз тэлеканалы. Мала нашых прэзентацыйных ролікаў на такім вядомым тэлеканале, як «Euronews».
І яшчэ адзін важны іміджавы фактар. Нядаўна ў Гаазе праходзіла Міжнародная канферэнцыя бібліятэчных асацыяцый і ўстаноў. Беларускі праект бібліятэкі уразіў прадстаўнікоў усіх кантынентаў. Яго прызналі лепшым на карце свету. Меркаванне экспертаў было правільным: Беларусь сёння клапоціцца не пра тое, як выжыць, а ўпэўнена глядзіць у заўтрашні дзень. Нацыянальная бібліятэка, магнетычная сіла «Алмаза» – магутны піяр-інструмент. Многія замежнікі, дачуўшыся пра яе, едуць у Беларусь, каб толькі паглядзець на гэты цуд. Гэта не толькі будынак - актаэдр. Гэта функцыянальны цэнтр, які працуе на культуру, навуку, адукацыю народа.
Прывабнасць краіны ў вачах сусветнай грамадскасці залежыць не толькі ад намаганняў улады, вельмі важная пазіцыя кожнага грамадзяніна Беларусі. Палітычны дыялог, рознабаковая дзелавая актыўнасць, інтэнсіўная міжкультурная камунікацыя, народная дыпламатыя – сёння ўсе гэтыя сродкі задзейнічаны ў запаўненні інфармацыйнага вакууму, які існаваў вакол рэспублікі і вядуць да ўстойлівага росту цікавасці да краіны. Але пры гэтым трэба памятаць: у свеце нямала палітычных сіл і структур, зацікаўленых у стварэнні негатыўнага іміджу Беларусі. У гэтай сітуацыі толькі жорсткая пазіцыя дзяржавы ў цвёрдым адстойванні інтарэсаў краіны, у вырашэнні задач сацыяльна-эканамічнага развіцця, павышэнні якасці жыцця ў нашай краіне дапаможа ўмацаванню іміджу Беларусі. Свет павінен ведаць: пры ўсёй сваёй талерантнасці і адкрытасці, здольнасці да кампрамісу наш народ не гандлюе гонарам і годнасцю.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: