Падзяліцца:
«Вердыкт. Беларусь памятае!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
17 Чэрвеня 2019
«Вердыкт. Беларусь памятае!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) На роздум пра патрыятычныя традыцыі ўшанавання герояў Вялікай Айчыннай вайны і памяць пра подзвігі, якія прывялі да Вялікай Перамогі, мяне натхніла новая ініцыятыва. Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Федэрацыя прафсаюзаў, Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны сумесна праводзяць маладзёжны марафон «75», прысвечаны 75-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Стартаваў ён каля стэлы «Мінск – горад-герой» і працягнецца да 3 ліпеня. Яго маршрут: Мінск-Баранавічы-Брэст-Пружаны-Гродна-Ліда-Астравец-Маладзечна-Мінск-Жодзіна-Бягомль-Віцебск-Магілёў-Гомель-Мінская вобласць (Курган Славы)-Мінск. Гэта дарогі вызвалення Беларусі. Марафону папярэднічала вялікая пошукава-даследчая праца актывістаў БРСМ па зборы, абагульненні інфармацыі пра беларусаў-вызваліцеляў. Сімвалічныя акцэнты марафону такія: мабільная экспазіцыя «Вызваленне Беларусі», напаўненне палотнішча «Беларусь памятае!», правядзенне оўпэн-эйраў «Кветкі Вялікай Перамогі» і адкрытых дыялогаў «Беларусь памятае!», стварэнне альбома «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі». На старонках альбома будуць прадстаўлены моладзь, іх дзяды і прадзеды з пакалення пераможцаў. Унесці свой уклад у стварэнне альбома можа любы жыхар Беларусі. На 75 старонках яго размесцяцца фатаграфіі герояў. Уся даследчая работа гэтага марафону пачалася яшчэ 9 мая. Актывісты БРСМ у кожным рэгіёне і кутку Беларусі шукалі звесткі пра сваіх дзядоў і прадзедаў, іх фатаграфіі, кароткія біяграфіі. Яны вывучалі назвы вуліц у сваіх населеных пунктах, біяграфіі герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы. Праца скіравана на тое, каб усе сабраныя матэрыялы размясціць на велізарным палотнішчы «Беларусь памятае!» Гэта палотнішча памерам 6х12 метраў у выглядзе сцяга Беларусі з вышытымі імёнамі герояў Савецкага Саюза і поўных кавалераў ордэна Славы, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны – беларусаў і ўраджэнцаў нашай краіны. Палотнішча і унікальны альбом «Беларусь памятае. Родныя твары Перамогі» падчас моладзёжнага марафону правязуць дарогамі вызвалення Беларусі і пакажуць на розных мерапрыемствах маршруту: оўпэн-эйр «Кветкі Вялікай Перамогі», падчас адкрытых дыялогаў «Беларусь памятае!» І палотнішча, і альбом 3 ліпеня прэзентуюць на ўрачыстасцях і перададуць у Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны. У гэтай акцыі ажыццяўляецца сувязь пакалення пераможцаў і моладзі праз пошукавую работу, захаванне памяці пра героеў, зацікаўленае абмеркаванне актуальных сёння праблем з аб'ектыўнай ацэнкай спроб фальсіфікацыі гісторыі. Моладзь цвёрда стаіць на абароне памяці аб Вялікай Перамозе. Таму рэфрэнам праз маладзёжны марафон «75» праходзіць дэвіз «Беларусь памятае». У ім – памяць аб тым вялікім подзвігу, які здзейсніў для нас савецкі народ, вызваліўшы краіну ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Так дэвіз пасляваенных пакаленняў «Ніхто не забыты, нішто не забыта!» ўвасабляецца ў жыццё сёння.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: