
Па завяршэнні I Форума рэгіёнаў Беларусі і Узбекістана ў Мінску і перамоў нашых прэзідэнтаў, я прапаную паразважаць пра беларуска-ўзбекскае супрацоўніцтва і дружбу паміж народамі. Стасункі нашых краін існавалі здавён, падмацаваныя агульнай гісторыяй у СССР. У апошнія два гады яны сталі дынамічнымі і прадукцыйнымі. Сведчанне таму – абмены візітамі на вышэйшым узроўні, пашырэнне кантактаў рэгіёнаў.
Прэзідэнт Узбекістана Шаўкат Мірзіёеў падчас форума высока ацаніў паспяховасць развіцця Беларусі, звярнуў увагу на даўнюю дружбу і брацкія адносіны. Палітычная воля двух прэзідэнтаў вырашыла тыя праблемы, якія ў нас былі, і сёння мы знаходзімся на зусім іншым шляху развіцця адносін. На думку Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, прыярытэтнымі напрамкамі беларуска-ўзбекскага ўзаемадзеяння павінны стаць паглыбленне вытворчай кааперацыі і стварэнне сумесных прадпрыемстваў.
Вось гэты форум і выстава “Зроблена ва Узбекістане” пацвярджаюць словы прэзідэнтаў. У 15 тэматычных раздзелах выставы і 10 рэгіянальных экспазіцыях удзельнічаюць 80 прадпрыемстваў. Тэматычныя раздзелы прысвечаны машынабудаванню, нафтагазавай, хімічнай, горназдабыўной, электратэхнічнай, фармацэўтычнай, будаўнічай, тэкстыльнай, гарбарна-абутковай, інфармацыйнай галінам, харчовай прамысловасці, сельскай гаспадарцы і вінаробству, турызму.
Я пабываў на выставе і выкажу свае ўражанні. Столькі ўсходняй экзотыкі ў адным месцы і не ўбачыш у Беларусі. Вядомы ва ўсім свеце ўзбекскі тэкстыль. Лекі фармпрадпрыемстваў. Гародніна і фрукты, прадукты харчавання. Усё гэта мне навеяла ўспамін, як мы з дзецьмі, вандруючы па Сярэдняй Азіі, на зваротным шляху везлі дыню “тарпеда”. Я раней такіх і не сустракаў. Ды і родных здівілі. Увогуле ж, ва Узбекістане я пазнаў гасціннасць увачавідкі, хоць пра яе ў дзяцінстве чытаў у кнізе “Ташкент – горад хлебны”. На цягніку “Ургенч – Ташкент” мы ехалі, каб са сталіцы Узбекістана ляцець на Мінск, але чыгунка падвяла. Адны добрыя людзі падказалі, што трэба выйсці ў Самаркандзе і шукаць спадарожную машыну, каб апярэдзіць цягнік і тады яшчэ можна патрапіць у 7 гадзін на самалёт. І мы асмеліліся на гэты рызыкоўны маршрут. А на двары ноч. І толькі добры ўзбек, які, даведаўшыся, што мы з Беларусі, узяўся на ўласных “Жыгулях” даставіць нас горнай, дарэчы, небяспечнай дарогай у 350 кіламетраў, бо ў той час было неспакойна на мяжы з Таджыкістанам. На шчасце ўсё абышлося. Гэтаму чалавеку я вельмі ўдзячны. І ў кожным узбеку я зараз шукаю вобраз таго памагатага.
Да выставы “Зроблена ва Узбекістане” я зусім не ведаў, што Узбекістан – буйны вытворца эканамічных легкавых і грузавых аўтамабіляў. Дарэчы, у кааперацыі з Японіяй. На адкрытай пляцоўцы прадстаўлена 12 адзінак тэхнікі – легкавыя і грузавыя аўтамабілі, гарадскі аўтобус, седлавыя цягачы і паўпрычэпы. На нашым рынку іх пакуль няма. Але ж у размовах беларускіх і ўзбекскіх спецыялістаў я прасачыў цікавасць да дызельных рухавікоў Мінскага маторнага завода. Супрацоўніцтва ў гэтым напрамку будзе мець месца пасля форуму. Гэта маё назіранне. А вось факты.
Ва Узбекістане плануюць штогод вырабляць 5 тысяч трактароў «МТЗ» і 500 камбайнаў «Гомсельмаша». Вынікам шматлікіх сутрэч сталі пагадненні. Напрыклад, па лініі Міністэрства прамысловасці чатыры асноватворныя з іх – аб супрацоўніцтве з Мінскім трактарным заводам, «Гомсельмашам», «Бабруйскаграмашам» і Мінскім маторным заводам. Партнёры дзвюх краін ставяць амбіцыйныя задачы: на працягу бліжэйшых гадоў аб'ёмы вытворчасці трактароў ва Узбекістане давесці да 5 тысяч адзінак у год, тэхнікі «Бабруйскаграмаша» – да 1 тысячы, камбайнаў «Гомсельмаша» – да 500. Пастаўшчыком 5 тысяч рухавікоў у год стане Мінскі маторны завод. Добра замацаваўся на ўзбекскім рынку Мінскі аўтамабільны завод. Традыцыйна пастаўляе сваю тэхніку ва Узбекістан і БелАЗ. Прычым яе канкурэнтаздольнасць пацвярджаецца тым, што практычна ўсе кар'ерныя самазвалы тут з Беларусі.
Я прыпыніўся ля стэнда Міністэрства па развіцці інфармацыйных тэхналогій і камунікацыі Узбекістана. Гэта краіна зацікаўлена ў развіцці інфармацыйных тэхналогій і неўзабаве адкрые свой парк высокіх тэхналогій, выкарыстоўваючы беларускі вопыт. І макет такога парка прадстаўлены на выставе. Пакуль гэта праект, але, як сказаў начальнік упраўлення развіцця лічбавай эканомікі Міністэрства па развіцці інфармацыйных тэхналогій і камунікацый Карамат Фазамат, сёлета там з’явяцца першыя рэзідэнты, у тым ліку з Беларусі. Сфера ІТ-тэхналогій таксама прываблівае гэту краіну ў Беларусі. І перспектывы супрацоўніцтва найбольш відавочныя.
Якую сферу ні вазьмі, а пра іх можна меркаваць па секцыях форуму: прамысловай кааперацыі, аграпрамысловага комплексу, узаемадзеяння ў гуманітарнай, інфармацыйна-камунікацыйнай і навуковай сферах, – наша супрацоўніцтва будзе ўзаемавыгадным, бо эканомікі кампліментарныя, узаемна дапаўняюць адна адну. І тое, што зроблена за апошнія гады ў наладжванні ўзаемаадносін, нашым краінам не ўдавалася на працягу двух дзесяцігоддзяў. Цяпер жа – перспектывы неверагодныя.