Падзяліцца:
«Вердыкт. Дух творчасці – візітная картка журфака!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
12 лістапада 2019
«Вердыкт. Дух творчасці – візітная картка журфака!» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Наша альма-матар, факультэт журналістыкі БДУ, святкуе 75-годдзе; за сваю гісторыю журналісцкая адукацыя пабывала і пад крылом філалагічнага факультэта, дзе было аддзяленне журналістыкі, і ў складзе Інстытута журналістыкі. Цяпер вось, як і ў сямідзесятыя гады, калі я быў студэнтам, зноў факультэт журналістыкі. Юбілей – нагода ўспомніць студэнцкія гады, нашых настаўнікаў прафесіі. Падчас маёй вучобы дэканам факультэта быў Рыгор Васільевіч Булацкі, асоба легендарная. Ён жа і ствараў факультэт. Мы ўсе тады ведалі штрыхі біяграфіі былога франтавіка і ганарыліся баявым мінулым лётчыка. Рыгор Васільевіч Булацкі меў легендарную ваенную біяграфію. Разам з таварышамі па службе ў гады вайны яны адгукнуліся на заклік дапамагчы фронту, выпусціць больш самалётаў. Тэлеграмай на імя Булацкага Галоўнакамандуючы Іосіф Сталін вітаў ідэю “экіпажа дружных”, як яны сябе называлі, аб набыцці самалёта на свае зберажэнні. Неўзабаве ў часць прыслалі новенькі самалёт. На ім экіпаж паваяваў нядоўга. У адным з баёў быў падбіты. І толькі вопыт штурмана дапамог у аварыйным стане пасадзіць машыну на нейтральнай тэрыторыі. Да месца пасадкі байцы Чырвонай Арміі дабеглі першымі і выратавалі лётчыкаў. А маглі трапіць і ў рукі фашыстаў. Траўмы, атрыманыя тады, не зусім загаіліся. І калі пытанне паўстала на камісіі, лятаць ці не лятаць Булацкаму, камісавалі з другой групай інваліднасці. Затым была вучоба на аддзяленні журналістыкі. Сімвалічна, што Рыгор Васільевіч нарадзіўся ў Дзень друку – 5 мая. Ён у журналістыку прыйшоў сталым чалавекам. І журналістыка стала яго лёсам, а ён стаў яе гісторыкам. Неўзабаве абараніў кандыдацкую дысертацыю, а пазней – доктарскую. Стаяў ля вытокаў факультэта журналістыкі БДУ і кіраваў ім дзясяткі гадоў, за што мы, яго вучні, называем школай Булацкага. Зараз на журфаку яму прысвечана мемарыяльная аўдыторыя. А сённяшнім студэнтам я расказваю пра блізкага нам шчырага чалавека, які на развітальным сходзе, калі ўручаліся дыпломы, раіў усё жыццё заставацца ў журналістыцы, пісаць кнігі. А першакурснікі нам, выпускнікам, прышпілілі значок з выявай дэкана і надпісам “Геніяльнаму публіцысту”. Мы вучыліся ў часы, калі на факультэце працавалі выдатныя журналісты-практыкі. Яшчэ дзве мемарыяльныя аўдыторыі прысвечаны Ефрасінні Бондаравай і Барысу Стральцову. З Лёзненскай раённай газеты да прафесара факультэта журналістыкі – такі шлях Ефрасінні Леанідаўны. Яна была для нас прыкладам адданасці прафесіі, кінакрытыкам з вялікай літары, прынцыповым чалавекам. Праз нашы сэрцы прайшлі парады і думкі многіх тагачасных выкладчыкаў, дацэнтаў, прафесараў. І ад кожнага нешта засталося прыемнае. Барыс Стральцоў прывабліваў сваёй чалавечнасцю і дэмакратычнасцю. Мы верылі кожнаму яго слову, бо яны былі вывераны шматгадовай практычнай работай у друку. А тое, што ён, прыйшоўшы на факультэт, абараніў кандыдацкую, а затым і доктарскую дысертацыі, рабіла яго яшчэ больш аўтарытэтным. Ён меў права ўзрушыцца тэндэнцыяй тых гадоў – філалагізацыяй журналісцкай адукацыі. Так не прымаў ён гэта, што апошнія гады сышоў з факультэта ў Інстытут парламентарызму і прадпрымальніцтва, пакінуўшы толькі кіраўніцтва аспірантамі. Гэта была страта для факультэта, бо вучыць так, як Барыс Васільевіч, сваім прыкладам, сваёй пазіцыяй не мог ніхто. Чаго варта адно толькі стральцоўскае “так ці не?”, якое заклікала да дыялогу, да абмеркавання тваёй думкі. Мне было мала яго заняткаў. І я хадзіў на гурток публіцыстыкі, дзе з яго ўдзелам ішлі абмеркаванні розных тэм. Удзельнічаў у канферэнцыях, у тым ліку міжнародных. Відаць, гэта і падаахвоціла мяне пайсці ў навуку праз шмат гадоў. Факультэту журналістыкі 75. Сёння ён іншы, але захавана галоўнае – ісці ў нагу з часам. З’явіліся новыя спецыяльнасці і напрамкі падрыхтоўкі журналістаў. Узмацнілася матэрыяльна-тэхнічная база, удасканальваюцца вучэбныя планы, навучанню надаецца большая практыкаарыентаванасць. На спецыяльнасці факультэта заўсёды вялікі конкурс. Хацелася б аднаго: каб усе, хто паступае сюды вучыцца, былі матываваныя на журналістыку. І каб дух творчасці, які быў заўсёды візітнай карткай журфака, спадарожнічаў заўсёды.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: