
Родная зямля, родны кут, малая радзіма – гэтыя блізказначныя словы сталі ўсё часцей выкарыстоўвацца з абвяшчэннем у нашай краіне 2018-га годам малой радзімы. Прыхільнасць сваім караням беларусам была характэрна і раней. Зараз жа ва ўмовах урбанізацыі і экалагічнага крызісу людзі паходжаннем з вёскі пацягнуліся да родных мясцін. Цікава, што і гараджане, якія зразумелі карыснасць экалагічна чыстай прадукцыі, сталі перасяляцца ў вёску, заняліся арганічным земляробствам. З такімі прыкладамі мы, журналісты, знаёмімся ледзь не кожны дзень. Лёсы ў людзей розныя, а скіраванасць адна – знайсці сваё месца на зямлі.
Напрыклад, чаго толькі не паспрабаваў у сваім жыцці прадпрымальнік Эдуард Кахавец. Розныя хобі – ад дарагіх матацыклаў і аўтамашын да модных рэлігійных вераваннияў. Заспакаенне знайшоў, калі пабудаваў дом у экалагічным паселішчы «Росы» на Валожыншчыне, дзе з сям’ёй займаецца арганічным земляробствам і ганчарным рамяством. Там нарадзіліся яго дзеці і закладзены пладовы сад.
Садоўнік Яніс Дзаблс доўга займаўся ўпарадкаваннем садоў заможных людзей. Гэтаму адмысловаму рамяству навучыўся ў Латвіі, даглядаючы бабулін сад. Але ж спахапіўся, што ў самога саду няма і пераехаў з Брэста ў аграгарадок Цімкавічы Івацэвіцкага раёна. Закладзены там сад у мінулым годзе даў першыя цэнтнеры яблыкаў. І за іх кошт папоўніўся сямейны бюджэт.
А вось яшчэ адзін цікавы вопыт. Сялянская фермерская гаспадарка Алены і Віталя Сідаравых «Сідсад» – не толькі сад, але арганізацыя арганічнага земляробства. Яны мінчане. Калі ж іх інжынерныя спецыяльнасці сталі незапатрабаванымі, пераехалі ў вёску. І не шкадуюць. Іх гаспадарка вырошчвае экалагічна чыстую прадукцыю. Зусім яны не выкарыстоўваюць мінеральныя ўгнаенні. Толькі арганічныя. З цягам часу сертыфікавалі сваю прадукцыю па еўрапейскіх стандартах экалагічнасці. На яе зараз попыт. Канечне, ёсць і цяжкасці. Фермерам і арандатарам пад закупку мінеральных угнаенняў выдаткоўваюцца крэдыты. А на арганічныя – чамусьці не прынята.
Андрэй Цітоў – бізнес-кансультант са ступенню кандыдата юрыдычных навук і ступенню магістра эканомікі – пераехаў з горада ў родавы маёнтак і адрадзіў той хутар, на якім жылі яго бацькі і дзед. Зараз ён разгортвае ў юцюбе канал, дзе будзе расказваць, якія магчымасці для пераезду ў вёску ёсць у Беларусі, там будуць і прававыя аспекты закранацца. Лічыць, што такая інфармацыя будзе запатрабавана. Ёсць цяга да зямлі ў беларускіх людзей. Андрэй Цітоў падлічыў, што каля 150 відаў дзейнасці можна выконваць, жывучы ў вёсцы, не наведваючы офіс. Такія прыклады ён прыводзіў нам, журналістам.
Анатоль Ганец у свой час падтрымаў дзейнасцю прыгожую беларускую ідэю – ствараць аграсядзібы. Яго аграсядзіба «Ганка» – адна з лепшых у раёне. Таму Анатоля выбралі намеснікам старшыні кааператыва «Валожынскія гасцінцы», куды за прыкладам гаспадарання на зямлі едуць з іншых аграсядзіб і каператываў.
Аб’яўленне ў Беларусі Года малой радзімы для многіх людей стала вяртаннем да каранёў, заклікам пакінуць звыклы гарадскі ўклад. Гэта трэнд апошніх гадоў, які дакладна засведчаны кіраўніцтвам краіны. Да мерапрыемстваў у гэтым напрамку далучаны СМІ, прадстаўнікі дзяржаўных органаў, кіраўнікі аграсядзіб, фермеры, рамеснікі, уладальнікі родавых маёнткаў.
Вяртанне да малой радзімы – аддушына для сучаснага чалавека. Пабываўшы на сустрэчы людзей, неабыякавых да зямлі, якія сваёй працай ператвараюць яе, а сваім прыкладам натхняюць іншых, я пераканаўся: ёсць будучыня ў нашай радзімы, калі сваім імкненнем быць бліжэй да зямлі аб’яднаны розныя людзі і не забываюць пра свае карані. Кожны гэта робіць па-свойму. Але агульная справа дасць вынік.