Падзяліцца:
«Вердыкт. Дзень юнага антыфашыста». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
6 лютага 2018
«Вердыкт. Дзень юнага антыфашыста». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Мы напярэдадні Дня юнага героя-антыфашыста – 8 лютага яшчэ называюць Днём мужнасці і патрыятызму. У міжнародным календары, ў адпаведнасці з рэзалюцыяй Генеральнай Асамблеі ААН, з 1964 года ён пазначаны як Дзень юнага героя-антыфашыста. Так ушанавана заўчасная смерць юных удзельнікаў антыфашысцкіх дэманстрацый – французскага школьніка Даніэля Феры (1962) і іракскага хлопчыка Фадзіла Джамаля (1963). Так супала, што ў гэты дзень былі расстраляны пяць хлопчыкаў-парыжан ліцэя "Бюфон", якія не выдалі фашыстам сваіх сяброў-падпольшчыкаў падчас Другой сусветнай вайны. У гэты ж дзень у 1943 годзе былі расстраляны ў захопленым фашыстамі Краснадоне героі-маладагвардзейцы Алег Кашавой, Любоў Шаўцова, Дзмітрый Агурцоў, Віктар Субоцін, Сямён Астапенка. Супадзенні, можа быць, і выпадковыя, але яны існуюць, дапаўняючы гэты дзень гістарычнай праўдай, прасякнутай нянасвісцю да захопнікаў роднай зямлі. Юныя героі вялікай вайны. Яны змагаліся побач са старэйшымі – бацькамі, братамі. У гады Вялікай айчыннай вайны яны паказалі, якім велізарным можа стаць маленькае дзіцячае сэрца, калі разгараецца ў ім святая любоў да Радзімы і нянавісць да яе ворагаў. 16 жніўня 1941 года газета "Правда" пісала: "Нашы дзеці – гераічныя, цудоўныя савецкія дзеці, з мужнасцю дарослых, з розумам дарослых змагаюцца цяпер за Радзіму. І іх барацьба – гэта найбольш пераканаўчае пацвярджэнне нашай праўды. Іх барацьба – гэта самае страшнае абвінавачванне, якое калі-небудзь гісторыя прад'явіць подламу ворагу, вывучаючы падзеі нашых дзён". Адзначаючы Дзень юнага антыфашыста, у школах і маладзёжных арганізацыях Беларусі тлумачаць дзецям, што антыфашысты – людзі, нязгодныя з ідэалогіяй фашызму, удзельнікі антыфашысцкіх акцый. Фашызм нясе з сабой гвалт і прыгнёт, вайну, знішчэнне людей іншай расы. У гэты дзень асаблівай увагі заслугоўваюць піянеры-героі Вялікай Айчыннай. Да вайны гэта былі самыя звычайныя хлопчыкі і дзяўчынкі. Вучыліся, дапамагалі старэйшым, гулялі, бегалі-скакалі. Іх імёны ведалі толькі родныя, аднакласнікі ды сябры. Але калі прыйшла вайна, салдаты і простыя грамадзяне – дарослыя і юныя – праявілі масавы гераізм. Іх імёны вядомы сёння. Яны ўвекавечаны ў кнігах успамінаў “Ніколі не забудзем”. Шмат напісаў нарысаў пра іх уласны карэспандэнт “Пионерской правды” па Беларусі Вячаслаў Марозаў. Іх імёны – у кнігах народнай славы, якія мае кожны раён Беларусі. У маім родным Чачэрскім раёне настаўнікі вядуць сваіх вучняў па месцах баявой славы 1-й Гомельскай партызанскай брыгады, якой камандаваў былы начальнік Нісімкавіцкай МТС Пётр Балыкоў. У раёне, пачынаючы з восені 1941 года, на левым беразе Сожа была партызанская зона, адкуль партызаны выбілі фашыстаў і ў Засажэўі да 1943 года іх не пускалі. Былі адноўлены сельсаветы. Калі ў 70-я гады збіраліся былыя партызаны на маёўку на левым беразе Сожа, мы, дзятва, абступалі людзей з медалямі і ордэнамі, прагна слухалі іх расповеды. Для падлеткаў і юнакоў цяперашніх цікава з гэтых паходаў даведацца пра стаянкі, аперацыі і побыт партызанскіх атрадаў, пра подзвіг іх равесніка – юнага героя партызана Грышы Падабедава, чыя сям'я была расстраляная, а ён пайшоў да старэйшага брата Аляксея ў атрад. Лейтэнант Падабедаў ваяваў на Заходнім фронце. У ходзе баёў апынуўся ў акружэнні непадалёку ад родных мясцін. Разам са сваім таварышам Яўхімам Акунёвым ў кастрычніку 1941-га яны стварылі партызанскую групу, якая затым увайшла ў склад атрада імя Калініна. Пазней Аляксей быў прызначаны начальнікам штаба першай Гомельскай партызанскай брыгады. Свайго бацьку ён укараніў на пасаду начальніка паліцыі вёскі Сябровічы, а сувязным паміж імі стаў Грыша. Але неўзабаве пра гэта дазнаўся бургамістр сельскай управы Мыльнікаў і данёс немцам. Падчас аблавы ў красавіку 1942 года Нічыпар Апанасавіч схаваў сына ў прыбудове да лазні. Самаго ж бацьку, маці Еўдакію, іх старэйшую дачку настаўніцу Надзею і дваіх малодшых дзяцей, Веру і Васю расстралялі. Грыша бачыў усё гэта праз шчыліну ў сцяне... У тую ж ноч у Сябровічах карнікі расстралялі яшчэ сорак мірных жыхароў. На наступны дзень сувязная партызанскага атрада з суседняга пасёлка праводзіла Грышу ў партызанскую зону, дзе знаходзіўся атрад імя Калініна. Не было такога даручэння, якое не змог бы выканаць хлапчук. Пераапрануўшыся ў лахманы, ён бясстрашна пранікаў у размяшчэнне ворага, прыносіў важныя звесткі, распаўсюджваў зводкі Саўінфармбюро, расклейваў улёткі. Разам са старэйшымі неаднаразова ўдзельнічаў у баявых аперацыях. У красавіку 1943-га года падчас баявога паходу атрада супраць нямецка-паліцэйскіх гарнізонаў на беразе ракі Сож, у якім удзельнічаў і Грыша, партызаны знішчылі цэлы гарнізон, тры грузавыя машыны з фрыцамі, бургамістра сельскай управы Мыльнікава і ваеннага каменданта Кармы. На адным спецзаданні – забраць муку з млына, на якое накіраваліся з Мікалаем Барысенкам, – яны нарваліся на засаду. Адстрэльваліся. Калі замаўчаў аўтамат Мікалая, Грыша застрэліў фрыца, які падпаўзаў, каб узяць яго жывым. Апошнюю кулю прыбярог для сябе... Пахавалі юнага героя на мясцовых могілках, ля магілы пасадзілі бярозку. Пасля вайны прах Грышы Падабедава перанеслі ў брацкую магілу савецкіх воінаў і партызанаў, што на Замкавай гары ў Чачэрску. Імем юнага партызана названы цеплаход, вуліца ў райцэнтры і Чачэрская раённая дзіцячая бібліятэка. Вельмі шкада, што юныя героі-антыфашысты не могуць убачыць, як расквітнела родная Беларусь, за якую яны аддалі свае жыцці. А нас, жывых, памяць зноў і зноў вяртае да іх подзвігу...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: