Падзяліцца:
«Вердыкт. Эканамічны саюз з роўнымі ўмовамі для ўсіх удзельнікаў». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
29 Мая 2019
«Вердыкт. Эканамічны саюз з роўнымі ўмовамі для ўсіх удзельнікаў». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сёння мы звернемся да тэмы еўразійскай інтэграцыі, і нагода для гэтага ёсць – спаўняецца 5 гадоў з дня падпісання дагавора аб стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў ходзе рабочага візіту ў Казахстан прымае ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета ў Нур-Султане. З улікам юбілейнай даты –пяцігоддзя Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе – кіраўнікі дзяржаў сёння вызначаюць далейшыя перспектывы сумеснай работы па паглыбленні еўразійскай інтэграцыі, якаснай рэалізацыі ўжо існуючых дамоўленасцей. Акрамя таго, на саміце будуць разгледжаны пытанні, якія тычацца пашырэння міжнароднага супрацоўніцтва, фарміравання агульнага электраэнергетычнага рынку, узаемадзеяння ў мытнай сферы, асноўных арыенціраў макраэканамічнай палітыкі на 2019-2020 гады, ходу лічбавізацыі эканомік, стварэння Савета па прамысловай палітыцы. Па выніках саміту мяркуецца прыняць адпаведныя міжнародныя дакументы. Неэфектыўнасць еўразійскай інтэграцыі неаднаразова падкрэслівалася беларускім бокам, прычым з указаннем, як павысіць выніковасць ЕАЭС. Ва ўмовах абвастрэння палітычнай і эканамічнай турбулентнасці ў сучасным свеце ўзмацнілася абгрунтаваная крытыка ў нашых краінах, абумоўленая як нізкімі тэмпамі інтэграцыі, так і практычнымі вынікамі яе развіцця. Трывожныя сігналы ад бізнесу і крытычная маса пытанняў выклікаюць у Беларусі настроі наконт перспектыў Саюза. Беларусь рэгулярна ставіць пытанне аб правядзенні ўзгодненай прамысловай палітыкі. Адзіны шлях для ператварэння ЕАЭС у цэнтр эканамічнай сілы – гэта развіццё магутнай і сучаснай вытворчай базы на аснове кааперацыі. З гэтай ідэяй згодны ўсе, але да яе практычнай рэалізацыі справа не даходзіць. Аб пазіцыі Беларусі па развіцці ЕАЭС выказаўся ў сёлетнім Пасланні беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу Аляксандр Лукашэнка. У ім падкрэслена, што ЕАЭС павінен стаць паўнавартасным эканамічным саюзам з роўнымі ўмовамі для яго ўдзельнікаў. Беларусь разлічвае на дасягненне канкрэтных мэт, якія дадуць адчувальны вынік для эканомік і народаў нашых краін. Ператварэнне ЕАЭС у эканамічны саюз з роўнымі ўмовамі для яго ўдзельнікаў – рашэнне гэтай задачы стане прыярытэтным напрамкам беларускага старшынства ў арганізацыі ў 2020 годзе. Беларусь сёння гатова адыгрываць больш значную ролю гандлёвага канала для шматмільённага рынку Еўразійскага эканамічнага саюза і краін СНД з Еўрапейскім саюзам. Напярэдадні пасяджэння Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета міністры замежных спраў Беларусі і Расіі Уладзімір Макей і Сяргей Лаўроў на перамовах у Маскве пацвердзілі зацікаўленасць у развіцці інтэграцыйных працэсаў. Краінам за час існавання ЕАЭС удалося стварыць сістэму шматбаковага эканамічнага супрацоўніцтва, вынікам якой стала павелічэнне ўзаемнага тавараабароту. Акрамя таго, назіраецца цікавасць да ЕАЭС з боку трэціх краін – каля 30 дзяржаў ужо выказалі жаданне заключыць пагадненні па зоне свабоднага гандлю з "пяцёркай". Што датычыцца існуючых у ЕАЭС абмежаванняў, пазіцыя Беларусі адназначная. Яны негатыўна ўплываюць на імідж Саюза і шкодзяць яго развіццю. Беларусь не задавальняюць аддаленыя тэрміны стварэння агульных рынкаў энерганосьбітаў. Між тым, інтэграцыйная групоўка ўзнікла задоўга да заключэння Дагавора аб стварэнні ЕАЭС. Ініцыяваў яе ў 1998 годзе Нурсултан Назарбаеў. У 2003 годзе да яе далучылася і Украіна, але ў 2011 годзе адмовілася інтэгравацца. Пачыналася ўсё з зоны свабоднага гандлю, потым мякка перайшлі да мытнага саюза. У 2014-ым створаны ЕАЭС і абвешчана адзіная эканамічная прастора, дзе на роўных правах па ўсіх краінах-членах ЕАЭС свабодна б рухаліся не толькі тавары, але і працоўныя рэсурсы, капіталы. На шляху яшчэ нямала нявырашаных праблем. Гэта тычыцца адзіных тэхнічных рэгламентаў і стандартаў. Беларусь па апошніх даўно пайшла далей за рэспублікі, што ўваходзяць у Саюз. Застаюцца неўрэгуляванымі пытанні ў энергетычнай сферы. Для Беларусі, якая сёлета ўвядзе ў эксплуатацыю першы энергаблок БелАЭС, гэта вельмі адчувальнае пытанне. Разумеем, што цану на электраэнергію трэба ўвязваць з цаной на газ. Але ці варта такая адтэрміноўка – аж да 2025 года? Калі застаюцца неўрэгуляванымі такія важныя эканамічныя пытанні, заўчасна гаварыць пра адзіную валюту і валютную інтэграцыю. Няма пакуль адзінай рэгіянальнай інвестыцыйнай палітыкі. На Захадзе разглядаюць інтэграцыйныя працэсы ў рэчышчы ЕАЭС як спробу аднавіць СССР. Але ж цікавасць да гэтага аб’яднання праяўляюць іншыя краіны. Сюды шукае дарогу Турцыя. В’етнам увайшоў у зону свабоднага гандлю з ЕАЭС. Хто б што ні гаварыў, ідэя інтэграцыі – сучасны трэнд у свеце. Выбар ЕАЭС і яго пашырэнне таму сведчанне.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: