Падзяліцца:
«Вердыкт. Філасофія ў сучасным свеце». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
20 Лістапада 2019
«Вердыкт. Філасофія ў сучасным свеце». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) З сярэдзіны 2000-х гадоў у трэці чацвер лістапада ў больш чым 70 краінах адзначаецца Сусветны дзень філасофіі, абвешчаны на 33-яй сесіі Генеральнай канферэнцыі ЮНЕСКА. Мэта яго – далучыць сусветную супольнасць да багацця філасофскай думкі і падтрымаць навуковыя супольнасці, якія даследуюць і прапагандуюць філасофскія веды.
Інстытут філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі штогод  да гэтага дня прымяркоўвае міжнародныя навуковыя канферэнцыі. Цяперашняя  прысвечана інтэлектуальнай культуры Беларусі і закранае кагнітыўны і прагнастычны патэнцыял сацыяльна-філасофскіх ведаў.
Беларусь ганарыцца багатай гісторыяй школы філасофскіх ведаў. Наша зямля спрадвеку славілася мысліцелямі, чыімі намаганнямі створаны ўзоры праніклівага навуковага пошуку, духоўнага азарэння і творчасці. Развіваючыся ў пастаянным дыялогу з брацкімі народамі, беларуская культура ўнесла свой адчувальны ўклад у стварэнне сістэмы светапогляду людзей. Духоўныя памкненні нацыі ўвасобіліся ў такіх традыцыйных для кожнага беларуса каштоўнасцях, як добрасуседства, гуманізм і сацыяльная справядлівасць. Прытрымліваючыся іх у няпростых сучасных умовах, Беларусь заслужыла рэпутацыю рэгіёна стабільнасці і згоды, паспяхова пашырае мірныя ініцыятывы на міжнароднай арэне і міжнароднае супрацоўніцтва.  
Сёння ў беларускім грамадстве, як і ў многіх іншых, адраджаецца цікавасць да навуковых і філасофскіх ідэй, выпрацоўваюцца прадукцыйныя падыходы да спалучэння традыцый і наватарства ў палітыцы, эканоміцы і культуры. Філасофскае асэнсаванне падзей і з’яў можа і павінна надаць новы імпульс інавацыйным пераўтварэнням ва ўсіх сферах жыцця грамадства, міжнародным супрацоўніцтве і інтэграцыі. Менавіта такія чаканні ад навукі ў цэлым і ад гуманітарных ведаў.
У 1970-80-я гады існавала Беларускае аддзяленне філасофскага таварыства СССР. У свае аспіранцкія гады я таксама стаў членам гэтага таварыства. У 2017-м, у Год беларускай навукі, створана Беларускае філасофскае таварыства, якое аб'яднала інтарэсы навукоўцаў-даследчыкаў, выкладчыкаў, аспірантаў і магістрантаў. Старшынёй абраны акадэмік Яўген Бабосаў. Галоўная задача таварыства – спрыяць развіццю філасофскіх ведаў і павышэнню іх статусу ў сацыякультурнай прасторы Беларусі, стаць пляцоўкай міждысцыплінарнай дыскусіі, правядзення навуковых форумаў, выдання кніг, выканання даследчых праектаў.
Той год можна лічыць рэнесансам беларускай філасофіі. Была распачата традыцыя правядзення Беларускага філасофскага кангрэса “Нацыянальная філасофія ў глабальным свеце”. Аўдыторыя  першага такога кангрэса сабрала каля 500 прадстаўнікоў філасофскай навукі з 20 краін. Амаль палова ўдзельнікаў – замежныя госці, кіраўнікі міжнародных навуковых арганізацый і фондаў, лідары нацыянальных філасофскіх школ шэрагу дзяржаў. Гэта навукоўцы з Расіі, Кітая, Францыі, Італіі, Польшчы, Румыніі, Балгарыі, Малдовы, краін Балтыі і іншых. Кангрэс стаў найбуйнейшым у гісторыі краіны навуковым форумам у галіне філасофіі, сацыяльных і гуманітарных навук і паслужыў кансалідацыі вучоных вакол вырашэння актуальных задач развіцця дзяржавы, грамадства і культуры, прадэманстраваў дасягненні беларускай навукі, актуалізаваў спадчыну айчыннай духоўнай культуры,  звярнуў увагу на ўклад краіны ў мірны працэс і вырашэнне глабальных праблем сучаснасці.
У сучасным свеце філасофія  мае  не толькі тэарэтычнае, але і практычнае значэнне. Калі быў адвергнуты падчас дэідэалагізацыі гістарычны матэрыялізм як метадалагічная база развіцця грамадства, яму на змену прыйшла сацыяльная філасофія. У яе межах сёння фармулююцца метадалагічныя падыходы да перспектыў грамадскага развіцця. Прадстаўнікі беларускай філасофскай навукі ўносяць важкі ўклад у вырашэнне актуальных праблем, усведамляючы, якую ролю яна адыгрывае ў рэагаванні на выклікі сучаснасці, у наладжванні інтэграцыйных працэсаў. Філасофскія веды закліканы спрыяць міжнароднаму ўзаемадзеянню і інтэграцыі. Ім належыць ключавая роля ў развіцці інтэлектуальнай культуры Беларусі, папулярызацыі духоўнай спадчыны, у актуальных напрацоўках навуковых школ і забеспячэнні ўстойлівага сацыякультурнага развіцця.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: