Падзяліцца:
30 кастрычніка 2017
Мы напярэдадні 100-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі – свята, якое некалі было агульнае для былых савецкіх рэспублік, аднак большасць з іх захаваць яго не змагла, хоць ніхто не аспрэчыў ісціну пра вялікую ролю Кастрычніка ў лёсе кожнай з гэтых краін. Беларусь, у адрозненне ад многіх іншых, свята ў сваім календары захавала. Тым не менш дыскусіі пра тое, чым была Кастрычніцкая рэвалюцыя – галоўнай падзеяй мінулага стагоддзя ці трагічнай памылкай гісторыі – працягваюцца. Сапраўды цяжка знайсці падзею, стаўленне да якой так радыкальна мянялася б на працягу гадоў, як да Кастрычніцкай рэвалюцыі, якая, нягледзячы на гэта, стала пераломным этапам развіцця многіх дзяржаў. У Расіі, напрыклад, хоць яго перасталі адзначаць як дзень рэвалюцыі, аднак менавіта гэта рэвалюцыя дала штуршок сацыяльнаму і эканамічнаму развіццю народаў, адкрыла новую эру, звязаную з існаваннем СССР. Бальшавікі, што прыйшлі да ўлады ў выніку Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 года, на II Усерасійскім з'ездзе Саветаў працоўных і салдацкіх дэпутатаў прынялі шэраг рашэнняў, якія сталі стратэгічнымі для вырашэння палітычных, эканамічных і сацыяльных пытанняў, што тычыліся становішча народаў Савецкай краіны, у тым ліку беларускага. Савецкія пераўтварэнні былі спробай новай улады пазначыць арыентацыю на заходнюю цывілізацыю, улічыўшы вопыт папярэдніх рэвалюцыйных рэжымаў у краінах Заходняй Еўропы. Падзеі Кастрычніка 1917 года былі пачаткам савецкай эпохі і перадгісторыяй сучаснага развіцця Беларусі. Усё зведала гэта эпоха – экспрапрыяцыю экспрапрыятараў, дыктатуру пралетарыяту, ваенны камунізм з абавязковай працоўнай павіннасцю, НЭП- новую эканамічную палітыку, ліквідацыю непісьменнасці, культурнае адраджэнне нацый, электрыфікацыю, індустрыялізацыю, калектывізацыю, рэпрэсіі і рэабілітацыі, перамогу над фашызмам, пасляваеннае адраджэнне, культ асобы і яго асуджэнне, утаймаванне атама і пакарэнне космасу, развіты сацыялізм і спробы жыць па Маральным кодэксе будаўніка камунізму. А ўсё некалі пачыналася з незадаволенасці сацыяльных нізоў сваім становішчам, з прыняцця першых дэкрэтаў Савецкай улады. Многія ідэі рэвалюцыянераў не спраўдзіліся, не заўсёды гуманнымі былі іх метады. Але ж было і рацыянальнае ў вопыце сацыяльных пераўтварэнняў. Станоўчае ў дзейнасці бальшавікоў у тым, што утварыліся нацыянальныя рэспублікі, у тым ліку Беларуская ССР, пазней аб’яднаныя ў СССР. Гэта пашырыла магчымасці больш поўнага задавальнення інтарэсаў этнасаў, пераадолення сацыяльнай напружанасці ў грамадстве і кансалідацыі палітычных сіл. Савецкі Саюз праіснаваў амаль сем дзесяцігоддзяў. Некаторыя аналітыкі правільна сцвярджаюць: не было б БССР, не было б і незалежнай Беларусі. З набыццём незалежнасці ў пачатку 90-х гадоў ХХ стагоддзя Беларусь узяла найбольш рацыянальнае з савецкага вопыту. Належнае яго асэнсаванне дазваляе лепш зразумець правамернасць сённяшніх рашэнняў. Наша рэспубліка сёння служыць прыкладам паспяховага развіцця сацыяльна арыентаванай эканомікі, якая лічылася адной з мэт Вялікага Кастрычніка. І ў нас ёсць што пераняць тым, хто задумваецца пра стварэнне эфектыўных мадэлей развіцця ў сваіх краінах. У рознагалосіцы спрэчак пра кастрычніцкія падзеі 1917 года нярэдка гучаць суб'ектыўныя непрафесійныя меркаванні, якія хутчэй адводзяць у бок ад праўды, чым набліжаюць да яе. У іх ліку і спробы прадставіць Кастрычніцкую рэвалюцыю як трагічную выпадковасць, сумненні ў яе гістарычнай неабходнасці і заканамернасці. Але падзея гэта – незабыўная гістарычная памяць народа, неад’емная частка нашай гісторыі, якой бы цяжкай яна ні была. Людзі здзяйснялі подзвігі, ішлі на неймаверныя ахвяры, самааддана працавалі пад сцягам ідэй сацыялізму і ганарыліся заваёвамі – сапраўднымі і ўяўнымі. Рэвалюцыйныя падзеі 1917 года аказалі каласальны ўплыў на фарміраванне ўсёй сістэмы міжнародных адносін. Яны пэўным чынам вызначылі сучасны шматаблічны свет. Ён стаў іншым пасля Кастрычніка. Сістэма выхавання і навучаня ў савецкія часы была скіравана на тое, каб людзі з дзяцінства з павагай ставіліся да Кастрычніцкай рэвалюцыі і яе ідэалаў і заваёў. Але ў гады «перабудовы», якая прывяла да развалу CCCР, пабольшала тых, хто быў гатовы рэвізаваць яе заваёвы і нават плюсы памяняць на мінусы ў каштоўнасцях, якія адстойваліся. Адмаўляць тое, што рэвалюцыя была і перамагла, неразумна. Прыцягальны для народных мас сацыяльны ідэал марксізму і прапанаваныя на дзіва простыя метады яго ажыццяўлення па формуле «хто быў нічым, той стане ўсім» трапілі на падрыхтаваную глебу. Шмат што зроблена савецкай уладай. За гады існавання СССР пройдзены шлях ад сахі да касмічных і ядзерных праектаў. Але захаваць адзіную дзяржаву не ўдалося. Сёння, калі Савецкага Саюза няма і на яго месцы – шэраг незалежных дзяржаў, вартыя асэнсавання урокі Кастрычніка 1917 года. А для гэтага патрэбны і новыя падыходы да ацэнкі падзеі, якой праз тыдзень сто гадоў. Меў рацыю Фрыдрых Энгельс, які ў свой час сцвярджаў, што «на гістарычныя падзеі не скардзяцца. Насупраць, імкнуцца зразумець іх прычыны, а разам з тым і вынікі, якія далёка яшчэ не вычарпаны».
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: