Падзяліцца:
Вердыкт. "Граніт навукі" - цвёрды! Радыёблог Леаніда Новікава
27 Верасня 2016
Вердыкт. "Граніт навукі" - цвёрды! Радыёблог Леаніда Новікава У першую нядзелю кастрычніка мы святкуем Дзень настўніка. Педагог - галоўная фігура ў сістэме адукацыі. Старажытнагрэчаскі філосаф Платон казаў: "Калі шавец будзе дрэнным майстрам, то дзяржава ад гэтага не вельмі пацерпіць - грамадзяне будуць толькі некалькі горш абутыя, але калі выхавацель дзяцей будзе дрэнна выконваць свае абавязкі, у краіне з'явяцца цэлыя пакаленні неадукаваных людзей". Гэта вобразная ацэнка ролі настаўніка ў агульнасацыялагічным плане. Роля настаўніка ў фарміраванні асобы грамадзяніна і павышэнні інтэлектуальнай культуры грамадства нам вядомая і пераацаніць яе цяжка. На ўсіх этапах жыцця ў кожнага была школа і свае настаўнікі. І калі надыходзіць свята, у многіх узнікае жаданне павіншаваць любімых настаўнікаў. І мы задумваемся: аб прызначэнн настаўніка сёння, аб педагагічных традыцыях, якія ўплываюць на выбар педагагічнай прафесіі. У 90-х гадах Беларусь, як і іншыя еўрапейскія краіны, сутыкнулася з праблемай абнаўлення тэхналагічных і інтэлектуальных рэсурсаў, умелага іх выкарыстання для вырашэння эканамічных і сацыяльных задач. З набыццём незалежнасці краіна не адмовілася ад пошуку найбольш рацыянальнай адукацыйнай сістэмы, працягнула традыцыю адукацыйных рэформ. Адметную ролю ў іх адыгрывае настаўнік, бо без яго немагчымы пераўтварэнні ў сферы адукацыі. "Граніт навукі" цвёрды. І апрацоўваць яго трэба сучаснымі прыладамі. Адыход ад стэрэатыпаў, узбраенне настаўніка ўсім новым, эксперыментальнае апрабаванне арыентаваных на развіццё асобы тэхналогій навучання, новыя методыкі навучання замежным мовам, камп’ютарныя тэхналогіі арганізацыі навучальнага працэсу, мадэлі выхаваўчай работы са школьнікамі з улікам рэгіянальных асаблівасцей і іншае ў арсенале настаўніка і школы дапаможа забяспечыць школе становішча вядучага сацыяльнага інстытута, а настаўніку – асноўную ролю ў фарміраванні асобы грамадзяніна Рэспублікі Беларусь з улікам патрабаванняў XXI стагоддзя. Выдатны савецкі педагог Васіль Аляксандравіч Сухамлінскі ў свой час пісаў: "Настаўніцкая прафесія - гэта чалавеказнаўства, здольнае пранікаць у складаны духоўны свет чалавека. Выдатная рыса сапраўднага настаўніка - пастаянна адкрываць у чалавеку новае, здзіўляцца новаму, бачыць чалавека ў працэсе яго станаўлення. У гэтым вытокі прызначэння да педагагічнай працы. Асновы любові да людзей, павагі да чалавека, закладзеныя ў дзяцінстве і маленстве, фарміруюцца ў сям'і, і ў школе, песцяцца клопатамі старэйшых - бацькоў, маці, настаўніка”. Сухамлінскі быў перакананы, што крыніца педагагічнага таленту – менавіта любоў да дзяцей, глыбокая вера ў магчымасць выхавання кожнага дзіцяці так, каб не трэба было потым выпраўляць дапушчаныя ў раннім дзяцінстве памылкі. Беларусь з савецкіх часоў славіцца добра адладжанай сістэмай адукацыі. За гады незалежнасці яна атрымала новы імпульс развіцця. І сёння ўяўляе сабой сетку навучальных устаноў рознага тыпу і ўзроўню, якая пастаянна развіваецца. Асноўныя элементы адукацыі - гэта сістэмы дашкольнай, школьнай, сярэдняй спецыяльнай, вышэйшай і паслядыпломнай адукацыі. Веды, культура і духоўнасць - гарантыя стабільнасці і росквіту дзяржавы. Таму ў Беларусі робіцца ўсё магчымае, каб адукацыя была якаснай, даступнай і дапамагала кожнаму знайсці сваё месца ў жыцці. А роля настаўніка ў гэтым - найважнейшая. А каб яна была яму па сілах, ужо на стадыі выбару педагагічнай прафесіі трэба не памыліцца. У гэтым перакананы рэктар БДПУ імя Максіма Танка, доктар педагагічных навук, прафесар Аляксандр Жук. Дынастычныя традыцыі ў педагогіцы – той ключ, які сёння павінны выкарыстоўваць педагагічныя навучальныя ўстановы пры арыентацыі на выбар прафесіі. А педагагічныя профільныя класы, якія нададуць мэтанакіраванасці вучнёўскай моладзі, напоўняць педВНУ і каледжы матываванымі абітурыентамі, лепшыя з іх стануць педагогамі. Аўтарская праграма "Радыёблог" гучыць з панядзелка па пятніцу ў 10.11 і 16.05.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: