Падзяліцца:
«Вердыкт. Каб навукоўцам творчасць давалася лягчэй...» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
6 снежня 2017
«Вердыкт. Каб навукоўцам творчасць давалася лягчэй...» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Увесь год у нашай краіне праходзяць розныя знакавыя мерапрыемствы, прысвечаныя Году навукі, а зараз мы напярэдадні Другога з'езда вучоных Беларусі. Гэта будзе вялікая размова пра навуку, пра тое, хто і як будзе рухаць яе наперад, як далей развівацца галіне. З'езд вучоных у Год навукі, мабыць, будзе вызначальным у вырашэнні існуючых праблем. Гэта будзе не толькі падвядзенне вынікаў праведзенай работы: усе мы ганарымся дасягненнямі і найноўшымі навуковым распрацоўкамі. Пазначаны і перспектывы: індустрыялізацыя краіны на аснове інавацыйных тэхналогій і лічбавай эканомікі, рух Беларусі да «Індустрыі 4.0». Такімі ідэямі прасякнута стратэгія развіцця навукі да 2040 года, перададзеная Нацыянальнай акадэміяй навук на разгляд ураду. Гэта ж будзе і на парадку дня маючага адбыцца з'езда. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на вясновай нарадзе з айчыннымі навукоўцамі звярнуў увагу на праблемы, якія існуюць. У прыватнасці, грувасткасць структуры кіравання навукай, нізкі ўзровень навукаёмістасці ВУП краіны. Ёсць таксама пытанні і з нераўнамерным размеркаваннем сродкаў інавацыйнага фонду, старэннем кадравага патэнцыялу. На з'ездзе вучоных чакаюцца важныя рашэнні ў навуковай сферы. Думаю, не застанецца без увагі і тая праблема, на якой я хачу спыніцца: моладзь у навуцы. Пры тым, што прадугледжана стымуляванне прытоку моладзі, праблема яе ўключэння ў навуковую творчасць застаецца досыць вострай. Матывацыя не тая, што была ў савецкі час. Успамінаю, напрыклад, свае першыя крокі. У 80-я гады я працаваў пасля заканчэння факультэта журналістыкі БДУ ў рэдакцыі газеты “Савецкі настаўнік” Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Зарплата карэспандэнта была 115 савецкіх рублёў у месяц. А мае равеснікі пасля абароны кандыдацкай дысертацыі атрымлівалі па 250. Гэта заахвоціла мяне далучыцца да навукі. Цяпер такога моцнага матэрыяльнага стымулу няма. Адсюль і не заўсёды звавершаныя дысертацыі. Навука губляе ўжо на старце кар'еры маладога навукоўца. Двухгадовы працоўны стаж для паступлення ў аспірантуру, здавалася б, павінен спрыяць практычнай падрыхтоўцы будучага навукоўца. Але пакуль ён будзе напрацаваны, хутчэй за ўсё чалавек астыне да навуковых даследаванняў. Больш рацыянальна было б пры магістратуры ў два гады, напрыклад, у дачыненні да педагагічных спецыяльнасцей, дазволіць педагагічную працу на палову стаўкі. Калі стаж будзе напрацаваны, – прамы шлях у аспірантуру. Тады можна ажыццявіць эстафету: ад дыпломнай працы да магістарскай і праз яе – да кандыдацкай. Іншымі словамі, калі думаць пра навуковую змену, не трэба адразаць, умоўна кажучы, магістраў ад перспектывы стаць кандыдатамі навук. І яшчэ адна праблема. Высокая колькасць кандыдацкіх дысертацый, якія не праходзяць у ВАКу. І часцей нават не аспірант вінаваты, а нявопытныя кіраўнікі. Іх таксама трэба вучыць гэтаму. Вось у НАН Беларусі адкрылі школу маладых навукоўцаў. Там тлумачаць, як пісаць артыкулы, як афармляць вынікі даследаванняў. Але нідзе і ніхто не вучыць навуковых кіраўнікоў. Да таго ж, праблема навуковага кіраўніцтва абвастрылася з-за крытэрыяў, якія трэба выканаць кандыдатам у кіраўнікі. Не менш за тры публікацыі ў вакаўскіх часопісах за год. Толькі гэтым давядзецца і займацца, а не кіраваць аспірантамі, таму што ў дацэнта высокая і навучальная нагрузка – каля тысячы гадзін. Дарэчы, ў гуманітарыяў савецкага часу яна была 550-570 гадзін за год. Падыход, які склаўся зараз, адразае пласт здольных кандыдатаў навук, якія маглі б дапамагаць аспірантам у напісанні кандыдацкіх дысертацый. І атрымліваецца, няма каго прызначыць на навуковае кіраўніцтва, а многія проста не імкнуцца да гэтага. У выніку колькасць аспірантаў зменшылася. З сямі саветаў па абароне дысертацый, якія былі ў БДПУ імя Максіма Танка паўтара дзясятка гадоў таму, працуюць толькі два. Не хапае прафесараў, як і кандыдатаў навук. А тыя, хто атрымаў ступені кандыдата навук, у ВНУ не затрымліваюцца, матэрыяльна нявыгадна, знаходзяць сябе ў дызайне, у менеджменце і іншых сферах. А значыць, падрыхтоўка навуковых кадраў, як бег на месцы. Думаю, з'езду вучоных ёсць на што звярнуць увагу ў гэтым плане. І яшчэ праблема, хоць і невідавочная, – у падрыхтоўцы доктарскіх дысертацый. Напрыклад, калі даходзіць справа да кіраўніцтва дактарантамі, да экспертызы дысертацый (а гэта сур'ёзная праца), кансультантаў дапускаецца некалькі, але аплата ідзе толькі аднаму. Не кожны возьмецца за гэтую працу на грамадскіх пачатках. Тут таксама схаваны тормаз. І апошняе, на што хацелася б звярнуць увагу, – ўкараненне вынікаў навуковых даследаванняў, вынаходства. Дарэчы, гэта пытанне ўзнімалася і на папярэднім з'ездзе вучоных Беларусі ў выступленні доктара тэхнічных навук з рэальнага сектара эканомікі. Ён дзяліўся ўражаннямі пасля паездкі ў еўрапейскія краіны, як там пастаўлена справа. Вынаходнік сваё вынаходства перадае ў структуру, якая займаецца апрабацыяй, правярае яго каштоўнасць. Яно альбо будзе прынята, альбо адхілена. У нас жа вось гэтага прамежкавага звяна няма. Вынаходнік, калі жадае давесці да вытворчасці сваё вынаходства, павінен распрацаваць ўзор. Толькі тады яго могуць прыняць да вытворчасці, укараніць. Але на гэта ў яго няма сродкаў. Таму цудоўныя напрацоўкі ляжаць на паліцах. Нашы вынаходнікі губляюць энтузіязм, а краіна, у якой створаны распрацоўкі з апераджэннем, губляе канкурэнтныя перавагі. Мы адстаём ад многіх краін з укараненнем. І на гэта трэба звярнуць увагу на з'ездзе вучоных. Безумоўна, ёсць у нашых спецыялістаў найноўшыя распрацоўкі і даследаванні: унікальныя прэпараты ад ракавых пухлін; чалавечы лактаферын з малака трансгенных коз; прэпараты, якія ачышчаюць глебу ад забруджвання нафтапрадуктамі і ператвараюць адходы ва ўгнаенні; прыборы, унікальныя робаты, касмічны апарат дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, клапаны сэрца... Усё гэта нашы дасягненні ў навуцы. І іх не злічыць! Але шлях вынікаў даследаванняў у эканоміку, у наша з вамі жыццё цярністы. І ад з'езда вучоных мы чакаем, што ён скароціцца, і навукоўцам творчасць будзе давацца лягчэй...
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: