Падзяліцца:
«Вердыкт. Хатынь – наш боль і памяць...» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
22 сакавіка 2018
«Вердыкт. Хатынь – наш боль і памяць...» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сёння спаўняецца 75 гадоў хатынскай трагедыі. Ні на адной геаграфічнай карце няма цяпер беларускай вёскі Хатынь – знішчаная фашыстамі вясной 1943-га, яна так і не была адноўлена. «Людзі добрыя, помніце: мы любілі жыццё і Радзіму нашу, і Вас, дарагія. Мы згарэлі жывымі ў агні. Наша просьба да ўсіх: хай жалоба і смутак ператворацца ў мужнасць вашу і сілу, каб змаглі вы зацвердзіць вечна мір і спакой на Зямлі. Каб з гэтага часу нідзе і ніколі ў віхуры пажараў жыццё не памірала!». Такі наказ жывым на брацкай магіле з белага мармуру ў Хатыні. Нагадаю падзеі таго дня. Раніцай 22 сакавіка 1943 г. за 6 кіламетраў ад Хатыні партызаны абстралялі аўтакалону фашыстаў, якія прыехалі аднавіць сувязь паміж гарнізонамі Лагойска і Плешчаніц. У выніку нападу забітыя нямецкі афіцэр і двое паліцэйскіх. Жыхары вёскі нічога не ведалі пра ранішні інцыдэнт. Фашысты выклікалі падмогу з Лагойска і Плешчаніц для праследавання партызан. А ўсё насельніцтва Хатыні сагналі ў калгаснае гумно і замкнулі ў ім. Тых, хто спрабаваў уцячы, забівалі на месцы. Сярод жыхароў вёскі былі шматдзетныя. У сям'і Іосіфа і Ганны Бараноўскіх – дзевяць дзяцей, у Аляксандра і Аляксандры Навіцкіх – сямёра. Хлеў абклалі саломай, аблілі бензінам і падпалілі. Пад націскам дзясяткаў чалавечых цел не вытрымалі і ўпалі драўляныя дзверы. У падпаленай вопратцы, ахопленыя жахам, задыхаючыся, людзі кінуліся бегчы. Але тых, хто вырываўся з полымя, расстрэльвалі з кулямётаў. У агні загінулі 149 жыхароў вёскі, з іх 75 дзяцей да 16-ці гадоў. Вёска знішчана цалкам. З дзяцей, якія знаходзіліся ў згарэўшым гумне, сямігадовы Віктар Жалабковіч і дванаццацігадовы Антон Бараноўскі засталіся ў жывых. Віця схаваўся пад сваёй маці. Пакуль была жывая, яна прыкрыла сына сабою. Дзіця, параненае ў руку, праляжала да адыходу карнікаў з вёскі. Антон Бараноўскі быў паранены ў нагу куляй, і эсэсаўцы прынялі яго за мёртвага. Дзяцей падабралі і выхадзілі жыхары суседніх вёсак. Равесніцай гэтых дзяцей была мая цешча, якая жыла тады ў вёсцы Камен непадалёку ад Хатыні. Распавядала пра жудаснае зарыва на ўсю акругу. У гэты час па даручэнні маці яна гнала па снезе карову ў лес. Людзі баяліся, што і да іх могуць прыйсці карнікі. З дарослых жыхароў вёскі выжыў толькі 56-гадовы вясковы каваль Іосіф Камінскі. Абгарэлы і паранены, ён прыйшоў у прытомнасць толькі позна ўначы, калі карныя атрады пакінулі вёску. Яму давялося перажыць яшчэ адзін цяжкі ўдар: сярод забітых аднавяскоўцаў ён знайшоў свайго сына. Хлопчык быў смяротна паранены ў жывот, атрымаў моцныя апёкі. Памёр на руках у бацькі. Іосіф Камінскі з сынам – прататыпы знакамітага помніка ў мемарыяльным комплексе «Хатынь». У школьныя гады мы класам наведалі Хатынь. Гэта былі першыя гады пасля адкрыцця мемарыяла. Тады яшчэ жывы быў Іосіф Камінскі. І мы былі сведкамі, як праклінаў ён фашыстаў і вайну. Гэтага забыць немагчыма. Ініцыятарам стварэння хатынскага мемарыяла і натхняльнікам аўтараў быў першы сакратар ЦК КПБ Пётр Машэраў. Скульптурнае і архітэктурнае збудаванне–помнік стала трагічным сімвалам шматпакутнай Беларусі. У ім увасоблены боль і смутак загінуўшых. Аўтары мемарыяла – архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч, Леанід Левін і скульптар Сяргей Селіханаў. Другая чарга мемарыяла ўвекавечыла беларускія вёскі, сцёртыя фашыстамі з твару зямлі. На могілках неадроджаных населеных пунктаў пахаваныя урны з зямлёй 185 з тых, што падзялілі лёс Хатыні. Памяць пра 433 беларускія вёскі, якія перажылі трагедыю Хатыні, але адроджаны, сімвалізуе элемент мемарыяла «Сімвалічныя дрэвы жыцця». У «Сцяне памяці» ўвекавечаны месцы масавага знішчэння людзей у перыяд акупацыі. Беларусь страціла кожнага трэцяга жыхара. Мемарыяльны комплекс «Хатынь» – помнік журботнай старонкі гісторыі часоў Вялікай Айчыннай вайны – стаў сімвалам трагедыі беларускага народа. За гады існавання Дзяржаўны мемарыяльны комплекс наведалі звыш 36 мільёнаў чалавек больш чым са ста краін свету. Гэты мемарыял унесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Хатынь – наш боль, трагедыя і памяць пра страшныя старонкі гісторыі, наказ жывым берагчы мір на зямлі і не дапусціць вайны.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: