Любая дзяржава, калі дбае пра будучыню, клапоціцца пра дзяцей. Так было ў савецкі час у нашай рэспубліцы. З яшчэ большым імпэтам гэта робіцца зараз.
І мяне ў 60-я гады мінулага стагоддзя ахінуў гэты клопат. Так здарылася, што ў сямігадовым узросце я страціў бацьку. Інспектар рыбнагляда загінуў пры выкананні службовых абавязкаў. І з пятага класа я вучыўся ў Кармянскай школе-інтэрнаце, якая стала для мяне і соцень такіх, як я, другім домам і трамплінам у дарослае жыццё. “За наша дзяцінства шчаслівае дзякуй, родная краіна!” – транспарант з такімі словамі сустракаў нас на ўваходзе на тэрыторыю школы-інтэрната. Раней я не задумваўся пра глыбінны сэнс гэтых слоў. Цяпер жа я ўсведамляю: і ў савецкія часы, і зараз клопат дзяржавы пра дзяцей – у прыярытэце. Іх лёс звязаны з лёсам краіны. Адсюль і такія лозунгі: “Усё лепшае – дзецям”, “У дзецях – наша будучыня”. Так павялося здаўна ў Беларусі.
Ліхалецце падчас грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі закранула лёсы тысяч дзяцей. У тыя часы былі іншыя формы ўладкавання дзяцей, якія мелі патрэбу ў дадатковай абароне. Былі створаны першыя прытулкі для дзяцей, калоніі і школы-камуны. Вопыт калоніі імя Горкага і камуны імя Дзяржынскага абагульніў у свой час Антон Макаранка. І гэта стала педагагічнай класікай.
Мала хто ведае, што не менш цікавы вопыт быў у школах-камунах у Беларусі – Ліцвінавіцкай Кармянскага раёна на Гомельшчыне (1918 год) і ў Леменьскай у Чэрыкаўскім раёне на Магілёўшчыне (1920—1924 гады), створаных братамі Панцеляймонам і Мадэстам Лепяшынскімі. Леменьскую школу-камуну пасля Мадэста ўзначаліў малодшы з братоў Лепяшынскіх Пётр. Дарэчы, Лемень стаў стартавай пляцоўкай для такіх выдатных людзей, як заслужаны дзеяч мастацтваў БССР Ісак Любан, акадэмік АН БССР Пётр Ракіцкі, член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук Іван Гутараў, доктар тэхнічных навук, загадчык кафедры Ленінградскай лесатэхнічнай акадэміі Міхаіл Моўнін, дацэнт Маскоўскага медыцынскага інстытута Дубноў, дырэктар Пінскага гідрамеліяратыўнага тэхнікума Лапіцкі. У іх сіроцкім мінулым дзяржава падставіла плячо.
Такі менталітэт беларусаў – клапаціцца пра тых, хто мае патрэбу ў дапамозе, падтрымцы. І дзяржава гэты клопат праяўляе. У Беларусі праходзіць найбуйнейшая дабрачынная акцыя "Нашы дзеці". Да яе далучаны ўсе рэгіёны краіны. І працягнецца яна да канца школьных зімовых канікулаў. Палітыкі, прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў, працоўных калектываў наведваюць інтэрнаты, дамы сямейнага тыпу, бальніцы, апякунскія сем'і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў. Дзяцей віншуюць са святамі, уручаюць ім падарункі, дапамагаюць вырашыць існуючыя праблемы.
Вядома ж, цэнтральная падзея акцыі – навагодняе свята ў Палацы Рэспублікі, у якім удзельнічала больш за 2 000 дзяцей з усёй краіны. У свяце, па традыцыі, прыняў удзел Прэзідэнт Беларусі. Адкрываючы свята, Аляксандр Лукашэнка выразіў агульны настрой і адзначыў, што прыйшлі самыя доўгачаканыя зімовыя святы і канікулы. "Гэта асаблівы час, калі хочацца зрабіць нешта добрае, падарыць навакольным радасць і добры настрой.
Рэспубліканская дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" абавязвае дарослых дарыць дзецям святочны настрой, клопат і ўвагу. Такое меркаванне выказаў напярэдадні міністр працы і сацыяльнай абароны Валерый Малашка падчас акцыі ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў у Мінску. Ён пажадаў, каб усе дзеці былі здаровыя, шчаслівыя, мелі паўнавартасную сям'ю і выказаў словы падзякі калектыву гэтай установы. Выхавацелі, урачы, педагогі робяць усё, каб у дзяцей было шчаслівае дзяцінства і станоўчая дынаміка ў стане здароўя.
Рэспубліканскі рэабілітацыйны цэнтр для дзяцей-інвалідаў пабудаваны па Прэзідэнцкай праграме "Дзеці Беларусі" і ў лістападзе 2000 года адкрыты. Ён спраектаваны па аналагах еўрапейскіх рэабілітацыйных устаноў. Тут праводзіцца рэабілітацыя па індывідуальных праграмах дзяцей-інвалідаў ва ўзросце ад 3 да 18 гадоў з захворваннямі нервовай і касцёва-мышачнай сістэмы, вынікам якіх з'яўляецца парушэнне функцый апорна-рухальнага апарату. Унікальнасць цэнтра – у эфектыўнай комплекснай рэабілітацыі, накіраванай на аднаўленне, захаванне фізічнага здароўя, развіццё асобы і сацыяльнага статусу дзяцей.
У нашай краіне справа пастаўлена так, што з моманту нараджэння дзіця, якое мае праблемы са здароўем, і яго сям'я адчуваюць падтрымку дзяржавы. Гэта і дзіцячыя дапамогі, і рэабілітацыйныя мерапрыемствы, і дзяржаўная адрасная сацыяльная дапамога, і сацыяльныя паслугі, і забеспячэнне тэхнічнымі сродкамі рэабілітацыі.
З большым разуменнем, чым раней, ставіцца да інваліднасці беларускае грамадства. Дзякуючы гэтай шматаспектнай падтрымцы колькасць дзяцей з інваліднасцю, ад якіх адмаўляюцца бацькі, за апошнія гады значна зменшылася. Зараз у рэспубліцы сетка дзяржаўных устаноў стацыянарнага сацыяльнага абслугоўвання ўключае 10 дзіцячых дамоў-інтэрнатаў для 1,7 тыс. дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў.
На навагодняй урачыстасці для дзяцей, якія праходзяць курс рэабілітацыі ў Рэспубліканскім рэабілітацыйным цэнтры для дзяцей-інвалідаў, не абышлося без навагодніх падарункаў: ад Мінпрацы і сацабароны – наборы прысмакаў і настольныя гульні, ад Міністэрства абароны – музычная апаратура, ад банка – падарункавыя наборы цукерак. І цёплыя пажаданні пры гэтым.
Дабрачынная акцыя "Нашы дзеці" не пакінула па-за ўвагай і ўсе іншыя дзіцячыя ўстановы, пацыенты і выхаванцы якіх – дзеці з цяжкімі лёсамі. Бацькоўскі клопат пра іх – норма жыцця беларускага грамадства.