Падзяліцца:
«Вердыкт. Кнігі будуць запатрабаваны заўсёды». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
6 Лютага 2019
«Вердыкт. Кнігі будуць запатрабаваны заўсёды». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Мой першы варты ўвагі артыкул напачатку журналісцкай практыкі ў газеце “Літаратура і мастацтва” “А кнігі патрэбны…” нарадзіўся як абагульненне стану сельскіх бібліятэк Калінкавіцкага і Чачэрскага раёнаў Гомельшчыны. На канікулах я, першакурснік журфака, гасцяваў у дзядзькі. А заадно ў Ліпаве Калінкавіцкага раёна вывучаў, чым жывуць бібліятэкі. Заўважу, што быў у захапленні ад той работы, якую вяла з чытачамі мясцовая ўстанова. У Ліпаве жывуць і працуюць навуковыя супрацоўнікі і вучоныя-аграномы сельскагаспадарчай эксперыментальнай базы. Чытачы таксама – школьнікі мясцовай школы, у якой мой дзядзька Васіль адпрацаваў дырэктарам усё жыццё. Мне паказвалі зачытаныя кнігі і тое, як іх аднаўляюць. Бібліятэкі на той час цэнтралізавана забяспечваліся літаратурай. Адно пажаданне было ў спецыялістаў установы – каб больш дасылалі мастацкіх кніг, даведнікаў і кніг для дзяцей. У Чачэрскай раённай бібліятэцы мне параілі пазнаёміцца з Бяляеўскай сельскай бібліятэкай, гэта за 6 кіламетраў ад майго Чырвонага Берага. Памяць і зараз утрымлівае вобраз бібліятэкара і апантанага кнігалюба Мікалая Мацюшкова. Па кнігі рэгулярна прыходзілі школьнікі і дарослыя. У чытальнай зале можна было знайсці часопісы і газеты. Адметнасць, якую я вызначыў для сябе і перадаў у артыкуле, – сумесная работа бібліятэкі і школы па далучэнні вучняў да чытання. Тады гэта праблема не так востра стаяла, як сёння. СССР лічылася краінай, дзе найбольш актыўныя чытачы. Яно і зразумела, іншых крыніц, акрамя кніг і перыёдыкі, у 70-я гады дваццатага стагоддзя не было. Патрэбу ў інфармацыі людзі задавальнялі ў бібліятэках. Чытанне развівае інтэлект, кругагляд, фантазію, творчыя здольнасці. Дзякуючы гэтым складнікам ідзе сталенне асобы, калі яна ставіць высокія мэты і не абмяжоўваецца побытавымі патрэбамі. Рана ці позна чалавек становіцца сямейным. І тады яго інтэлект, кругагляд будзе запатрабаваны ў выхаванні дзяцей. Зараз, у век глабалізацыі і інтэрнэту, інфармаванне людзей на парадак павысілася. Але кніга па-ранейшаму застаецца асноўнай крыніцай ведаў у навучальных установах і ў побыце. У краіне 7200 бібліятэк, фонд якіх налічвае 180 мільёнаў экземпляраў. Паслугамі іх карыстаюцца 3 мільёны чалавек. 35% з іх – чытачы да 15 гадоў. Штодня ў Беларусі бібліятэкі наведваюць 300 тысяч чалавек. Іншымі словамі, яны запатрабаваны. Вынікі даследавання Нацыянальнай бібліятэкі “Сучасны стан і тэндэнцыі дзіцячага чытання”, у якім удзельнічала 6000 чалавек, указваюць, што чытанне лідзіруе ў сферы занятасці дзяцей. Зніжэнне інтарэсу да кніг сапраўды назіраецца і тлумачыцца звяртаннем да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі. Адбываецца трансфармацыя стаўлення да чытання – крыніцы з інтэрнэту, гаджэтаў, электронных носьбітаў інфармацыі. І настаўнікі не адмаўляюць такую магчымасць, бо так фарміруецца самастойнасць пошуку розных звестак. І сучасная бібліятэка – не тая, што была дзесяць гадоў таму. Там ёсць камп’ютары з выхадам у інтэрнэт і для пошуку патрэбных кніг, знаёмства з электроннымі іх версіямі. Але ж настаўнікі папярэджваюць: калі трэба аналізаваць змест твора, вобраз героя, апісанне прыроды – лепш за ўсё карыстацца папяровай кнігай. Сёння назапашванне ведаў ідзе рознымі шляхамі. І чытанне застаецца ўніверсальным спосабам іх набыцця і падмуркам, на якім выбудоўваецца інтэлект чалавека і культура грамадства. У народзе кажуць: “Што ведаеш і ўмееш, за плячыма не носіш”. Узгадваецца нядаўні выпадак з жыцця. Здавалася, добрая мая студэнтка, з выдатным веданнем беларускай мовы патрапіла працаваць на канал “Культура”. Праз нейкі час пытаю ў сталай калегі, як там мая Вераніка адчувае сябе ў творчым калектыве. Яна кажа, не хапае кругагляду: не ведае, хто такая Соф’я Кавалеўская. Гэта ж павінны ведаць школьнікі з урокаў матэматыкі. Канечне, трэба чытаць мастацкую літаратуру і гістарычныя творы, ведаць тых асоб, пра якіх і створана серыя “Жизнь замечательных людей”, не забываць пра ўнікальную фальклорную спадчыну – казкі народныя і напісаныя пісьменнікамі. Народная мудрасць і ў прыказках і прымаўках. Усё гэта наша інтэлектуальная спадчына. І яе трэба ведаць. Калі бібліятэкам, школе і сям’і ўдаецца сумесна працаваць, далучэнне да чытання дзяцей ідзе паспяхова. У сям’і, дзе бацькі шмат чытаюць, да гэтага далучаюцца дзеці. Настаўнік, які на сваім прыкладзе паказвае, што ён чытае, захопіць чытаннем і дзяцей. Дапамагаюць і сустрэчы з пісьменнікамі, якія ладзяць бібліятэкі і школы. Такія выступленні пісьменнікаў матывуюць дзяцей. Я памятаю, у нашу Кармянскую школу-інтэрнат прыязджаў Васіль Вітка. І мы ўсе былі захоплены яго кнігамі “Чытанка-маляванка”, “Мы і дзеці”. Быў нашым госцем і Мікола Гроднеў з кнігай “Зоркаўкі”. Цікавы выпадак прывяла пісьменніца, лаўрэат прэміі ў намінацыі “Лепшы твор для дзяцей і юнацтва” 2018 года Вольга Нікольская. Падчас сустрэчы дзяўчынкі паміж сабой размаўлялі: “Ой, яна маладая, яна жывая”. Канечне, кнігі пісьменнікаў новай генерацыі набліжаны да чытача абставінамі, у якія, напрыклад, Вольга Нікольская паставіла сваіх герояў. Каты і сабакі ў яе творах карыстаюцца гаджэтамі. Гісторыі, якія з імі здараюцца, могуць перажыць і сучасныя чытачы. Сёння пачынае працаваць ХХVІ Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш. На ёй будуць прадстаўлены новыя імёны і выданні айчынных выдавецтваў за 2018 год. Імі выпушчана каля 10 тысяч найменняў кніг. Яны будуць запатрабаваны заўсёды. Кнігі не сыйдуць з нашага жыцця, бо прага да ведаў – вечная.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: