Падзяліцца:
«Вердыкт. Мінскі дыялог.» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
28 Мая 2018
«Вердыкт. Мінскі дыялог.» Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Тры дні ў беларускай сталіцы доўжыўся форум «Усходняя Еўропа: ў пошуках бяспекі для ўсіх»; сістэма міжнародных адносін, якая склалася пасля заканчэння «халоднай вайны», працягвае назапашваць супярэчнасці. Стабільнасць і прадказальнасць, заснаваныя на эфектыўных інстытутах і даверы, зніжаюцца на фоне старых і новых канфліктаў. Па меры таго, як дзяржавы сутыкаюцца з пагрозамі бяспецы, супрацоўніцтва ўсё больш саступае месца аднабаковым дзеянням. Адзін з эпіцэнтраў міжнароднай напружанасці – Усходняя Еўропа, праз якую праходзіць лінія геапалітычнага разлому. Сярод прычын, на думку аналітыкаў, адсутнасць дыялогу. Нават экспертныя пляцоўкі, якія закліканы шукаць агульныя падыходы да вырашэння праблем, становяцца часткай інфармацыйна-прапагандысцкага супрацьстаяння. Паўнавартаснай дыскусіі аб сучаснасці і будучыні рэгіёна не адбываецца. У маштабным форуме экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог» удзельнічалі кіраўнікі АБСЕ, АДКБ і НАТА, 350 экспертаў і палітыкаў, з іх больш за 200 – міжнародныя з 40 краін. Большасць удзельнікаў салідарныя са сцверджаннем, што механізмы стрымання ў глабальнай бяспецы больш не працуюць. Пра неабходнасць новага фармату сёння сведчыць сітуацыя ва Украіне, іншыя падзеі ў свеце – Сірыя, санкцыйная палітыка. З гэтых пазіцый форум выклікае вялікую цікавасць, а значыць, такая пляцоўка патрэбна. Беларусь, як краіна ў цэнтры Еўропы, асабліва адчувальная да любых негатыўных тэндэнцый у рэгіёне. Эскалацыя міжнароднай напружанасці ў рэгіёне ўскладняе эканамічнае развіццё. Таму Беларусь мае жыццёвы інтарэс у тым, каб не дапусціць вялікага канфлікту ва Усходняй Еўропе. З 2015 года ў рамках экспертнай ініцыятывы «Мінскі дыялог» вядзецца пошук шляхоў дээскалацыі міжнароднай напружанасці ў рэгіёне Усходняй Еўропы. За гэтыя гады праведзена 11 канферэнцый і вялікая колькасць тэматычных дыскусій, у якіх прынялі ўдзел прадстаўнікі многіх дзяржаў. Цяперашні форум «Мінскага дыялогу», як мяркуюць яго арганізатары, стане пачаткам штогадовай адкрытай і маштабнай размовы паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрапейскага саюза, Расіі, ЗША і Кітая. Удзельнікі форуму пачулі з першых вуснаў пазіцыю Беларусі, якая знаходзіцца ў цэнтры Еўропы. На міжнароднай экспертнай канферэнцыі Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу ўдзельнікаў на пытанні, актуальныя для многіх дзяржаў. Беларусь – абсалютна бяспечная краіна, якая праводзіць шматвектарную палітыку, з павагай ставіцца да замежных партнёраў, апошнім часам стала пляцоўкай для любых перагавораў. Удзел у форуме экспертаў, вучоных, прадстаўнікоў розных краін пацвярджае глабальнасць праблем. Пакуль палітыкі дойдуць да іх разгляду, эксперты падказваюць рашэнні па пераадоленні выклікаў і пагроз. Мінская экспертная пляцоўка заклікана спрыяць абмену думкамі, аргументаванай дыскусіі і дыялогу, дэфіцыт якога выразна адчуваецца зараз у міжнародных адносінах. Сёння няма больш важнага пытання, чым захаванне міру і забеспячэнне ўстойлівага развіцця. Таму важна выпрацаваць і прадставіць палітыкам выразныя прапановы, як гэта зрабіць з захаваннем інтарэсаў усіх бакоў. Другі аспект уплыву экспертнай супольнасці – уздзеянне на грамадскую думку з тлумачэннем, як змянілася з моманту заканчэння халоднай вайны еўрапейская архітэктура бяспекі: зараз яна ў глыбокім крызісе. Важнасць існуючых сусветных праблем разумеюць і парламентарыі розных краін. Менш за год таму на адкрыцці сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ ў Мінску адбыўся шырокі абмен думкамі па гэтай тэматыцы. Тады Беларусь унесла ініцыятыву аб неабходнасці пачатку новага маштабнага міжнароднага дыялогу па пытаннях бяспекі. Ён павінен быць накіраваны на пераадоленне існуючых супярэчнасцей ва ўзаемаадносінах дзяржаў на агульнай прасторы Еўраатлантыкі і Еўразіі. Няважна, як ён будзе называцца – Новы Хельсінскі працэс, Хельсінкі-2, ці яшчэ як. Галоўнае іншае: што ён будзе накіраваны на захаванне міру – гэтага найкаштоўнешага здабытку чалавецтва. Важна, каб такі дыялог пачаўся і яго вынікам стала рэальнае ўмацаванне міжнароднай бяспекі. Беларуская ініцыятыва нарадзілася не на пустым месцы. Канфлікты апошніх гадоў могуць быць рэальнай перасцярогай палітыкам. Вялікія дзяржавы, прызначаныя быць надзейнымі гарантамі стабільнасці, сёння не могуць прыйсці да адзінага меркавання ні па адным з сур'ёзных пытанняў. З аднаго боку, яны сведчаць пра важнасць захавання архітэктуры сучаснай бяспекі, а з другога – не пакідаюць спробы абысці вета ў Савеце Бяспекі ААН. Многія палітыкі лічаць, што сёння ўзрастае роля невялікіх дзяржаў у адстойванні міру. І Прэзідэнт Беларусі заклікаў удзельнікаў форуму “Мінскі дыялог” прыслухацца да рацыянальных прапаноў, не дапусціць маштабнага ўзброенага канфлікту. Недаравальным было б абыякавае стаўленне да раскручвання махавіка гонкі ўзбраенняў, да прамога і ўскоснага парушэння міжнароднага права. Пра тое, што планета блізка падышла да прорвы сур'ёзнага канфлікту, папярэджваюць многія незалежныя і аўтарытэтныя крыніцы. У гэтым рэчышчы вытрыманы нядаўні даклад Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы. Адкрыты і маштабны дыялог паміж вядучымі экспертамі з Усходняй Еўропы, Еўрапейскага саюза, Расіі, ЗША і Кітая падчас “Мінскага дыялогу” стане яшчэ адным крокам па шляху дээскалацыі міжнароднай напружанасці, як на еўрапейскім кантыненце, так і ў свеце. Гэта ж тэматыка стане прадметам разгляду восенню ў беларускай сталіцы на сустрэчы Асноўнай групы Мюнхенскай канферэнцыі.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: