Падзяліцца:
«Вердыкт. Моладзь як будучыня краіны». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
19 снежня 2018
«Вердыкт. Моладзь як будучыня краіны». Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Сёння мы паговорым пра моладзь як будучыню нашай краіны і Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Нагода таму ёсць. Вераснёўскі Маладзёжны форум Саюзнай дзяржавы распрацаваў праект стратэгіі развіцця маладзёжнай інтэграцыі, у якім прадугледжана стварэнне сумеснай платформы Саюзнай дзяржавы, стварэнне эмблемы моладзі Саюзнай дзяржавы. А 20-21 снежня ў Маскве пройдзе пасяджэнне Маладзёжнай палаты пры Парламенцкім сходзе Саюза Беларусі і Расіі. Даўно існуе выказванне: “За кім моладзь, за тым і будучыня”. У ім закладзены здаровы сэнс. І зразумець яго можна так: правільная, арыентаваная на моладзь палітыка дзяржавы, скіраваная на рэалізацыю яе патрэб і інтарэсаў, спрыяе фарміраванню патрыятызму маладых людзей, імкненню рэалізаваць свой патэнцыял на радзіме. Калі ж не ствараць умоў для развіцця моладзі у сённяшнім адкрытым свеце, нішто не перашкодзіць людзям рэалізавацца як спецыялістам, вучоным і ў іншых краінах. Толькі разабрацца, хто іх там чакае. Але ж імкненне можа быть. І тады паўстае пытанне: “Для каго мы рыхтуем кадры?” Іншыя краіны гатовы таленавітым спецыялістам і навучэнцам адкрыць “зялёную карту”, каб прывабіць у сваю краіну. Тады на іх падрыхтоўку не трэба траціцца. Адсочваюць таленавітую моладзь з іншых краін і гатовы хоць і ў 15 гадоў прымаць у свае ўніверсітэты. Сёлета Аляксандр Караткевіч з Гомеля, які з самых юных гадоў перамагаў у сусветных алімпіядах па інфарматыцы, зноў стаў пераможцам прэстыжнага конкурсу. Вы думаеце, за ім не сочаць? Ужо колькі прапаноў было! Безумоўна, у нас дзяржава падтрымлівае таленавітую моладзь. Створаны Спецыяльны фонд Прэзідэнта. Ёсць у моладзі перспектывы знайсці сабе працу ў ІТ-сферы. Парк высокіх тэхналолгій стварыў эфектыўную рознаўзроўневую сістэму далучэння моладзі да гэтай галіны. Спробы сацыялізацыі моладзі ёсць і ў палітычнай сферы. Мы ўзгадвалі пра Маладзёжную палату пры Парламенцкім сходзе Саюза Расіі і Беларусі. Такія палаты існуюць і пры некаторых нашых заканадаўчых органах, нават пры выбарных мясцовых органах улады. Найбольш сталая – пры Мінскім гарадскім Савеце дэпутатаў. Мне давялося сустракацца з яе актывістамі – былымі і цяперашнімі. Памятаю, на адным з семінараў браў інтэрв’ю ў Наталлі Паўлоўскай з 5-й Мінскай гімназіі. На той час, як член гэтай палаты, яна ініцыіравала прапанову, каб у вучняў школ была магчымасць наведваць Нацыянальную бібліятэку. Я пацікавіўся ў школе, дзе зараз актывістка. Аказваецца, студэнтка факультэта міжнародных адносін БДУ. Грамадская актыўнасць, набытыя навыкі спатрэбяцца ёй у прафесійнай дзейнасці. Канечне, моладзі, каб дастойна ўдзельнічаць у палітычнай дзейнасці, трэба, акрамя набытых прафесійных ведаў, авалодваць майстэрствам публічных выступленняў, дыскусій, адстойвання сваіх перакананняў. Нездарма ж старажытнагрэчаскія сафісты займаліся падрыхтоўкай моладзі да публічных выступленняў. Навучанне майстэрству прамоўцы лічылася адным з элементаў дэмакратызацыі жыцця грамадства. І вось прыклад нашых дзён. Расійскі цэнтр вывучэння перспектыў інтэграцыі пры падтрымцы расійскага Фонду прэзідэнцкіх грантаў, гістарычнага факультэта МДУ, Федэральнага агенцтва па справах моладзі Расіі арганізаваў Беларуска-расійскую лігу дэбатаў. Першы этап кункурсу маладых палемістаў Саюзнай дзяржавы прайшоў у лістападзе ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Другі этап будзе на гістарычным факультэце МДУ. На думку аднаго з яго арганізатараў, генеральнага дырэктара Цэнтра вывучэння перспектыў інтэграцыі Сяргея Рэкеды, уменне дыскутаваць, весці палеміку, адстойваць свае погляды – найважнейшая кампетэнцыя любога спецыяліста. І конкурс, як інструмент грамадскай дыпламатыі, дапамагае фарміраваць культуру дыскусіі, якой так не хапае ў сучаснасці. А таксама паспрыяе наладжванню міждзяржаўных сетак маладых прафесіяналаў. Да таго ж, конкурс дэбатаў дапаможа моладзі выпрацаваць уменне ўзаемадзейнічаць у камандзе, шукаць рашэнні праблем і адказы на складаныя пытанні. Цікавая сустрэча ў мяне адбылася на тыдні з вядомым у Расіі псіхолагам, нашым земляком з Оршы Юрыем Грамыкам. Ён даследуе псіхалогію цяперашняга пакалення моладзі. Мне цікава было, да якіх высноў ён прыйшоў. Моладзь Расіі расчаравана фармалізмам школьнай адукацыі. Дзякуючы інтэрнэту, яна дасведчаная ў сферы сваіх інтарэсаў. Каб захапіць яе, трэба падкінуць сапраўдную справу. Тады патэнцыял навучэнцаў раскрыецца на поўную моц. І такія прыклады прыводзіў мой суразмоўца. Мне давялося сустракацца з удзельнікамі беларуска-расійскага конкурсу навукова-тэхнічных распрацовак, якія з’язджаліся ў “Зубронак”. Аказваецца, самыя захопленыя даследчыкі і творцы займаюцца ў Доме тэхнічнай творчасці Нальчыка (Расія). Калі ж я наведаў выставу навукова-тэхнічнай творчасці ў Рэспубліканскім Доме навукова-тэхнічнай творчасці моладзі, падзівіўся экспанатам і той вялікай працы апантаных педагогаў з таленавітай моладзю. На жаль, не ўсе педагогі – творцы. Ды і не ва ўсіх навучэнцыў ёсць прага да такой творчасці, якая перамагла б прагу да гульняў у інтэрнэце. Але ж і тое, што робіцца, захапляе. Моладзь як можна раней павінна мець сваю справу і мару. А спрыяльныя ўмовы, якія стварае дзяржава, дапамогуць ажыццявіць яе на карысць радзіме.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: