Падзяліцца:
Вердыкт. Мы родам з СССР! Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё)
14 снежня 2016
Вердыкт. Мы родам з СССР! Радыёблог Леаніда Новікава (аўдыё) Усе мы родам з СССР. І пачувалі ў ім сябе даволі камфортна пры пэўных нязручнасцях. І дажылі да развітога сацыялізму. Марылі пра светлую будучыню, бо мары нашых бацькоў збываліся, і нам здавалася, што так будзе і ў нас. Гарантаваныя даброты былі рэальнымі. Народжаны ў віхуры рэвалюцыйных падзей 1917 года савецкі лад, а потым у 1922 годзе і Савецкі Саюз усялілі надзею на светлую будучыню і шмат рабілася, каб яе наблізіць. Праз культурную рэвалюцыю і ліквідацыю непісьменнасці – да вышынь навукі і тэхнікі, праз індустрыялізацыю – да авалодання энергіяй атама і асваення космасу. Уявіце сабе, мая маці засталася б, відаць, непісьменнай, каб ужо дарослай не далучылі ў гурток лікбеза ў Палессі Чачэрскага раёна. Чытаць, пісаць, лічыць і сяму-таму з палітычнай граматы тады навучылі мільёны людзей па ўсёй краіне. І такая праца заахвочвалася. Да ліківідацыі непісьменнасці ў Кармянскім раёне быў далучаны бацька майго настаўніка Міхаіла Апанасавіча Дзмітрыева Апанас Максімавіч. Яму нават усесаюзны стараста Міхаіл Іванавіч Калінін уручыў Ордэн Леніна. Прарыўныя намаганні ў краіне былі здзейснены ў часы індустрыялізацыі. Зробленае дазволіла пабудаваць заводы і фабрыкі. Нездарма многія так і называліся “Сцяг індустрыялізацыі”. А лямпачка Ільіча, хоць не адразу, і не ўсюды – засвяціла: электрыфікацыя прыйшла! Яшчэ нават на маёй памяці ў Чачэрскім леспрамгасе наш пасёлак лесанарыхтоўшчыкаў асвятляўся дызельнай электрастанцыяй толькі некалькі вячэрніх гадзін. Калі мы з аднагодкамі пайшлі ў школу, у Чырвоны Бераг прыйшла высакавольтная электралінія. А дзяды і бацькі нашы жылі пры лучыне ды пры газавай лямпе. Зараз і ўявіць цяжка вясковае жыццё тых часоў. У майго дзеда па бацькоўскай лініі было сямёра дзяцей, па мацярынскай – пяцёра. Цяжка было, але выжылі... Калі ствараўся калгас “Камунар” у Палессі, тата з маці толькі сям’ю стварылі. Дзядуля выдзеліў ім штосьці з гаспадаркі і яны пайшлі ў калгас. Спрачаюцца зараз гісторыкі ды аналітыкі, ці правільны быў шлях калектывізацыі, ці не згубілі мы гаспадара, арганізаваўшы калектыўную працу і ўраўноўванне тых мізерных даходаў. Але ж ствараліся калектыўныя гаспадаркі з прыцэлам на будучую механізаваную буйнатаварную вытворчасць. Іншага шляху не было. Уласнікаў, кулакоў, як і ў іншых мясцінах, у нашым Палессі каго раскулачылі, каго выселілі, каго рэпрэсіравалі. Пад гэтыя рэвалюцыйныя меры патрапілі дзядзькі маёй маці Аляксей, Трафім ды Мікіта. Няроўны то быў час класавай барацьбы на вёсцы. У адпаведнасці з ідэалогіяй перамогшага ў рэвалюцыі пралетарыяту ўсе меры падпарадкоўваліся мэце пабудаваць светлую будучыню – сацыялізм і камунізм... Вераломны напад фашысцкай Германіі на СССР перапыніў паступальны рух нашай краіны. Але ж моц, якую ўдалося стварыць за гады існавання СССР, памножаная на патрыятызм народа, дапамагла перамагчы лютага ворага, аднавіць народную гаспадарку і вярнуцца на траекторыю росту, выбудоўваць новыя планы і праграмы. У пасляваенны час СССР стаў ядзернай дзяржавай, краінай вялікай хіміі, металургіі і энергетыкі. Былі заявы, што і жыллёвую праблему вырашым да канца 20 стагоддзя і ўвогуле, што нарадзілася пакаленне, якому наканавана жыць пры камунізме. Заявы збольшага валюнтарысцкія. Тэмпы росту СССР у 80-я гады запаволіліся. Трэба было рабіць нешта радыкальнае. Не паспелі, не змаглі. На 74-м годзе існавання савецкай улады Савецкага Саюза не стала. Прычым настолькі нечакана, што ніхто апомніцца не паспеў. Памятаю, мы 8 снежня 1991 года адзначалі дзень нараджэння дачкі. І тут паведамленне: кіраўнікі трох дзяржаў – Расіі, Беларусі і Украіны ў Віскулях падпісалі пагадненне. Дэнансуеца дагавор аб утварэнні Саюза СССР ад 30 снежня 1922 года і ствараецца Садружнасць Незалежных Дзяржаў – аб’яднанне дзяржаў на іншай аснове. Відаць, і тыя кіраўнікі, што падпісалі пагадненне, не маглі ўявіць, што азначала такое рашэнне для рэспублік Саюза, ды і для сусвету ў цэлым. Некаторыя сілы таму радаваліся – адолелі Савецкі Саюз без вайны. За развалам СССР рушылася сістэма сацыялізму, адыходзіў у гісторыю полюс сілы, які ўвесь пасляваенны час стрымліваў памкненні “каршакоў” ад палітыкі. Так, рэспублікі былога СССР атрымалі незалежнасць. 21 снежня 1991 года кіраўнікі 11 з іх у Алма-Аце падтрымалі рашэнне аб стварэнні СНД. Нехта назваў гэта цывілізаваным разводам. Але ж на той час не ўсе ведалі, што рабіць з нечакана атрыманай незалежнасцю. Адзіны народнагаспадарчы комплекс СССР разбураны. Планавая сістэма гаспадарання, якая стваралася дзесяцігоддзі, перастала інсаваць. Найбольш праворныя дзялкі, хто быў бліжэй да маёмасці, распачалі прыватызацыю. Усё гэта негатыўна адбілася на дабрабыце насельніцтва ў кожнай з маладых краін на постсавецкай прасторы... Міжэтнічныя канфлікты сталі звычайнай з’явай у некаторых з іх, ды бандытызм актывізаваўся неверагодна. Да гонару Беларусі тут знайшліся сілы, здольныя супрацьстаяць хаосу, разбурэнню, бескантрольнай прыватызацыі, якой паддаліся ў іншых рэспубліках. І ўжо да 1997 года ўдалося стабілізаваць абстаноўку, запусціць фабрыкі і заводы, якія дасталіся нам ад СССР. Але ж яны некалі арыентаваліся на ёмкі саюзны рынак. Экспартаарыентаванасць нашай краіны і залежнасць ад знешніх рынкаў, вымушае нас разам з усім светам зведваць наступствы крызісу. Але тое, што зроблена па абнаўленні вытворчасці, укараненні інавацый, дыверсіфікацыі экспарту дае свой плён і гарантуе стабільнасць нашай дзяржавы.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся: