Падзяліцца:
31 Студзеня 2017
Завяршыўся 52-гі Зорны паход студэнтаў і выкладчыкаў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка па месцах баявой і працоўнай славы беларускага народа. 11 атрадаў – а гэта больш за 250 чалавек – наведалі горад Жодзіна, Барысаўскі, Стаўбцоўскі, Мядзельскі, Бярэзінскі, Лагойскі, Салігорскі, Смалявіцкі, Маладзечанскі і Уздзенскі раёны Мінскай вобласці і Ашмянскі раён Гродзенскай вобласці. Гэты факт і навёў мяне на роздумы, якімі я і хацеў бы падзяліцца. Стартаваў паход традыцыйна ля помніка выкладчыкам і студэнтам ВНУ, якія загінулі абараняючы радзіму ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сімвалічна, што ва ўрачыстым мітынгу ў ліку іншых афіцыйных асоб быў Міністр адукацыі Ігар Карпенка і акадэмік-сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандр Каваленя. Яны абодва выпускнікі гэтай ВНУ і ў розны час былі ўдзельнікамі «зорных» паходаў. Было што сказаць Аляксандру Кавалені. Ён у гады зараджэння традыцыі быў старшынёй студэнцкага прафкама. Разам са старшынёй турыстычнага клуба Сцяпанам Голубам і прафесарам кафедры педагогікі Канстанцінам Кулінковічам стаялі ля вытокаў. І памятае, як лыжнікі выстраіліся ў выглядзе зоркі: дзякуючы гэтаму і пайшла назва «зорны» паход. У слове на дарогу Міністр адукацыі Ігар Карпенка адзначыў, што "зорныя" паходы – гэта не проста ўніверсітэцкая традыцыя, а неад'емная частка адукацыйнага працэсу педагагічнага ўніверсітэта, і выказаў перакананасць, што педагог фарміруецца не толькі і не столькі ў аўдыторыях, колькі ў зносінах з навучэнцамі, педагогамі, працаўнікамі аграрных і прамысловых прадпрыемстваў – тымі, хто будуе гарады і развівае нашу эканоміку. У гэтым важным сегменце адукацыйнага працэсу студэнты атрымліваюць унікальную магчымасць адчуць на практыцы, што такое прафесія педагога і ўзаемадзеянне з рознымі катэгорыямі насельніцтва. Акрамя таго, такія традыцыі паказваюць, што было цікавага і змястоўнага ў ВНУ: новыя сустрэчы і ўражанні, незабыўны вопыт, які кожны пранясе праз усё жыццё. Падчас паходу студэнты і выкладчыкі сустрэліся з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, аказалі ім шэфскую дапамогу, пазнаёміліся з гістарычнымі мясцінамі і мемарыяльнымі комплексамі раёнаў, выступілі з канцэртамі ў школах, правялі прафарыентацыйныя сустрэчы са старшакласнікамі, арганізавалі майстар-класы па здаровым ладзе жыцця і спартыўныя спаборніцтвы. Усё гэта, безумоўна, спрыяе грамадзянска-патрыятычнаму выхаванню будучых педагогаў, іх прафесійнаму станаўленню, фарміруе шанаванне гісторыі сваёй краіны. Такія традыцыі неацэнныя, перш за ўсё тым, што да “зорнага” паходу далучаюцца новыя студэнты, у тым ліку замежныя – на гэты раз з Кітая, Латвіі і Туркменістана, вучні педагагічных класаў... Глядзіце, як праяўляюць сябе гэтыя актыўныя педагогі, патрыёты сваёй краіны. У маім родным Чачэрскім раёне настаўнікі вядуць сваіх вучняў, хай і не ў зімовы час, па месцах баявой славы 1-й Гомельскай партызанскай брыгады. Даведваюцца, што ў раёне, пачынаючы з восені 1941 года на левым беразе Сожа была партызанская зона, адкуль партызаны выбілі фашыстаў і ў Засажэўе да 1943 года іх не пускалі. Былі адноўлены сельсаветы. Пачыналася ўсё ў 1941 годзе з партызанскага атрада, якім кіраваў дырэктар Нісімкавіцкай МТС Пётр Балыкоў, які ўзначаліў пазней Першую Гомельскую партызанскую брыгаду. Калі ў 70-я гады збіраліся былыя партызаны на маёўку на левым беразе Сожа, мы, дзятва, абступалі людзей з медалямі і ордэнамі, прагна слухалі іх расповеды. Пётр Балыкоў працаваў у пасляваенны час начальнікам Чачэрскага лесаўчастка Гомельскага леспрамгаса. Для падлеткаў і юнакоў цяперашніх цікава з гэтых паходаў даведацца пра стаянкі, аперацыі і побыт партызанскіх атрадаў, пра подзвіг іх аднагодка – юнага героя партызана Грышы Падабедава, чыя сям'я была расстраляная, і ён пайшоў да старэйшага брата ў атрад і стаў разведчыкам; аб дзейнасці засланай з Масквы ў Чачэрскі раён інтэрнацыянальнай дыверсійнай групы “Леа” пад кіраўніцтвам савецкага разведчыка аргентынца па паходжанні Аляксея Карабіцына, пра лёс карэспандэнта «Комсомольской правды» балгаркі Ліліі Карастаянавай, якая загінула ў Чачэрскім раёне, помнік ёй усталяваны ў райцэнтры, і пра многае іншае. 6 воінаў, якія маюць дачыненне да Чачэрскага раёна або яго вызвалення, удастоены звання Героя Савецкага Саюза. Вялікая Айчынная вайна пакінула ў сэрцах беларусаў глыбокі след. У помніках і абелісках увекавечаны подзвіг салдат і простых грамадзян. На жаль няшмат ветэранаў жыве сёння. Яны адчуваюць патрэбу ў клопаце. Усё гэта для педагогаў – жывы матэрыял для патрыятычнага выхавання. І людзі, якія прайшлі школу «зорных» паходаў, абавязкова гэтым скарыстаюцца, каб заклік «Ніхто не забыты, нішто не забыта» заўсёды ўвасабляўся ў жыццё.
Каб пакінуць каментар, аўтарызуйцеся:
Войти как пользователь
Вы можете войти на сайт, если вы зарегистрированы на одном из этих сервисов: