
Супрацоўніцтва Беларусі і Расіі паглыбляецца і пашыраецца – такую выснову можна зрабіць па выніках V Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расіі ў Магілёве. Абмяркоўваліся прыярытэтныя накірункі развіцця рэгіянальнага супрацоўніцтва як ключавога фактару інтэграцыі і саюзнага будаўніцтва. Менавіта ў рэгіёнах Беларусі і Расіі пачынаецца мноства вытворчых і тэхналагічных ланцужкоў па выпуску сумеснай прадукцыі. Практычна ў кожным беларускім вырабе – у трактары, велікагрузным ці легкавым аўтамабілі або бытавым прыборы – ёсць расійскі кампанент.
Сёння я хачу засяродзіць увагу на такім факце, агучаным падчас форуму расійскім прэзідэнтам. Характарызуючы эканамічныя адносіны, як прыклад плённага супрацоўніцтва называлася сумеснае ўзвядзенне Беларускай атамнай электрастанцыі. Увядзенне яе ў эксплуатацыю палепшыць сітуацыю з энергазабеспячэннем эканомікі, створыць дадатковыя экспартныя магчымасці. Больш за тое, у Беларусі плануецца ўзвядзенне і іншага важнага аб'екта – Цэнтра ядзернай навукі і тэхналогій.
Крыху больш за год засталося да ўводу ў эксплуатацыю першага энергаблока Беларускай атамнай электрастанцыі – адзначалася падчас круглага стала на XXIII Беларускім энергетычным і экалагічным форуме ў Мінску. Прадстаўнікі «Расатама», Дэпартамента ядзернай энергетыкі Мінэнерга, спецыялісты Беларускай атамнай электрастанцыі прэзентавалі, на якім этапе будоўля сёння і што чакаецца ад уводу яе ў эксплуатацыю. Нагадаю, першы блок дасць ток у энергасістэму краіны ў канцы 2019-га, праз паўгода – другі.
Гэту самую буйную будоўлю Беларусі мы па праве лічым гонарам нацыі. За апошняе дзесяцігоддзе адбылося дзівоснае пераўтварэнне Астраўца.
Яшчэ больш уражанняў ад самой будоўлі. Маштаб каласальны. Для Беларусі гэта новы від работ, спецыфічны. На XXIII Беларускім энергетычным і экалагічным форуме быў агучаны стан, у якім зараз знаходзіцца будоўля АЭС. На першым энергаблоку выкананы мантаж рэактарнай устаноўкі, зварка галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода, мантаж крана эстакады транспартнага шлюза. Зараз вядзецца мантаж тэхналагічных сістэм, індывідуальныя выпрабаванні і апрабаванне абсталявання. У будынку турбіны першага энергаблока выкананы мантаж турбаагрэгата і кандэнсатараў турбіны. Працягваюцца работы па мантажы трубаправодаў свежага пара, кандэнсату, помпавага абсталявання.
Да канца года на першым энергаблоку плануецца выканаць гідравыпрабаванні, забяспечыць гатоўнасць да завозу ядзернага паліва.
На другім энергаблоку выконваюцца агульнабудаўнічыя і пачаліся цеплаэлектрамантажныя работы. Будаўніча-мантажныя работы выкананы на 100%, пачалася наладка сістэм. Сёння будаўніцтва АЭС знаходзіцца на падрыхтоўчым этапе пусканаладачных работ на першачарговых аб'ектах – будынак падстанцыі на 330 кВт, сiстэма пажаратушэння, газазабеспячэння, тэхнічнага водазабеспячэння, водаадвядзення і іншыя. Завяршэнне комплексных выпрабаванняў на іх дазволіць падаць на пляцоўку па пастаяннай схеме электраэнергію, тэхнічную і хімічнападрыхтаваную ваду, забяспечыць водаадвядзенне і надзейны супрацьпажарны рэжым.
У Беларусі не проста будуюцца вельмі важныя прамысловыя аб'екты, а ствараецца новая галіна нашай краіны. Беларусь і ў Савецкім Саюзе славілася вучонымі, высокім узроўнем навукі і адукацыі, але атамнай сферы не было. Зараз будзе. Дарэчы, як і касмічная галіна, якая стала рэальнасцю са стварэннем і запускам уласнага спадарожніка для дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі. Ядзерныя і касмічныя тэхналогіі пацягнуць за сабой ланцужок інавацый.